Выбрать главу

А той, хто не дае веры тысячагоддзям, ніколі не прыўлашчыць сучаснасць.

Аляксандр Коктыш: Вы раней казалі, што ідэальнай Беларусі нам ужо не пабудаваць. Але ці ёсць у нас шанцы пабудаваць сваю нацыянальную дзяржаву?

— Дзяржаву мы ўжо маем, але пакуль яе насельнікі не з’яднаюцца ў пэўную цэласнасць, якую яны самі стануць лічыць нацыяй, да той пары лёс гэтай супольнасці будзе заставацца пад пытаннем. Бо калі дзяржава не абапіраецца на нацыю, яна ў любы момант можа стаць ахвярай моцнай палітычнай волі знадворку ці знутры самой сябе. Не кажучы ўжо пра тое, што тады яе лёгка можа пабурыць і самы невялічкі геапалітычны землятрус. І хаця ў гэтым сэнсе падставаў для аптымізму ў нас як быццам і не шмат, але я не схільны залішне занурвацца ў скруху. І вось чаму: усё болей людзей, асабліва сярод рускамоўных, нарэшце пачынае прачынацца ў Беларусі і вызнаваць сваю краіну, як уласную каштоўнасць.

Гэта добрая тэндэнцыя. Яна мне падабаецца яшчэ і таму, што мае натуральнае паходжанне. Я ўжо даўно зразумеў, што, па вялікім рахунку, нацыі ствараюць не палітыкі, а прырода. Нацыі як дрэвы самі вырастаюць з той зямлі, дзе іх пасеяў вецер гісторыі. І растуць ціха, неўпрыкмет, каб аднойчы нехта схамянуўся: глядзі, што вырасла!

4. Папяровыя сутарэнні

Некалі, ужо досыць даўно, я назваў беларусаў «папяровай нацыяй», маючы на ўвазе, што беларусы як нацыя спачатку былі заяўленыя ў друкаваным мастацкім слове, газеце «Наша Ніва», выдавецкіх праектах і да таго падобным і ўжо толькі пазней, абапіраючыся на гэтыя «папяровыя падваліны», аформіліся ў якасці палітычнага суб’екта. Інакш кажучы, беларуская нацыя паўстала як нацыя дзякуючы найперш беларускаму тэксту. Бадай менавіта таму ў трыццатыя гады бальшавікі перадусім вынішчылі амаль усіх беларускіх пісьменнікаў… Але так сталася, што і потым, аж да самай апошняй пары, калі мы ўжо даволі часу маем незалежную дзяржаву, беларуская Беларусь амаль цалкам лакалізаваная ў «папяровай прасторы». А гэта значыць, што, прынамсі ў этнаінгвістычным значэнні, Беларусь па-ранейшаму пераважна трымаецца той «паперай», якую мы прадукуем у фармаце кніжак, газет, часопісаў, альманахаў ды ўсялякага такога іншага..

Натуральна, нічога добрага ў гэтым няма. Але так яно ёсць.

Алесь Козік: Вы апынуліся ў беларускай літаратуры дастаткова позна — у трыццацігадовым узросце. Чаму так атрымалася?

— Калі быць дакладным, дык больш-менш сістэмна я пачаў прысутнічаць у беларускай літаратуры, калі мне было каля сарака. У сваю пару факт маёй адсутнасці там, дзе я мусіў быць, зрэдчас мяне трывожыў. І тады я суцяшаў сябе самаробным афарызмам: маўляў, глыбокая рэчка цячэ паволі. А пазней зразумеў: не мае значэння, калі ты прыходзіш — рана ці позна, істотнае іншае — аб’явіцца ў свой час, не з пустымі рукамі і там, дзе цябе чакаюць.

Алесь Козік: У 1980 годзе вы скончылі Літаратурны інстытут у Маскве. Ці не было ў вас спакусы стацца расійскім пісьменнікам?

— Пасля заканчэння інстытута мне прапанавалі месца рэдактара прозы ў маскоўскім часопісе «Знамя». Тады гэта была суперпрэстыжная праца для маладога літаратара з правінцыі, а я, сам не разумеючы чаму, адмовіўся ( з гэтага сябры і знаёмцы нейкі час лічылі мяне трохі вар’ятам), вярнуўся ў Мінск і шэсць год «служыў» вартаўніком у чаканні свайго часу і, калі заўгодна, свайго месца ў часе…

Кагадзе неяк падумаў: а што было б, калі б я застаўся ў Маскве? Падумаў, і мне адразу зрабілася вусцішна ад здумення, што я мог бы не мець усяго таго, што займеў, вярнуўшыся на бацькаўшчыну да самога сябе.

Павел Савоська: За саветамі беларускі пісьменнік займаў «пачэсны пасад» у грамадстве. Ён вёў ганаровы рэй у Вярхоўным Савеце, меў заўсёды месца ў прэзідыумах розных урачыстых сходаў, прадстаўляў рэспубліку ў ААН і г.д. Сёння ўсё не так, сёння і ўлада і грамадства, здаецца, зусім забыліся на пісьменніка і нават не цікавяцца: ён яшчэ ёсць ці яго ўжо няма. Што на вашу думку здарылася?