Выбрать главу

— У новай сацыяльна-палітычнай і камунікатыўнай сітуацыі пісьменнік стаўся непатрэбным ні палітычным, ні грамадскім інстытутам, бо і забаўляць, і «замбіраваць» людзей сёння куды больш эфектыўна атрымліваецца ў журналістаў (асабліва праз электронныя СМІ). Да таго ж і сам беларускі пісьменнік сваім канфармісцкім савецкім мінулым спрычыніўся да таго, што выпаў з кантэксту сучаснасці, бо ў сваю пару не рыхтаваў сабе месца ў будучым. І сябе не рыхтаваў дзеля будучыні — ат, поркаўся патроху ў праблематыцы, якая была вычарпаная эстэтычным мысленнем яшчэ XIX стагоддзя, і не надта ўзіраўся, «какое время на дворе»…

Неяк з сумам вымавілася: калі б беларускія архітэктары, інжынеры, дактары мыслілі на тым самым узроўні, што і нашы пісьменнікі, дык мы яшчэ жылі б пад саламянымі стрэхамі, ездзілі на вазах і лячыліся ў шаптух… Разумею, наколькі такая характарыстыка несправядлівая адносна многіх літаратараў упаасобку (асабліва з апошніх генерацыяў), але, здаецца, яна адпавядае калектыўнаму вобразу беларускага пісьменніка.

Павел Савоська: Мне думаецца, бяда многіх нашых пісьменнікаў у тым, што іх жыццёвы досвед вельмі абмежаваны. Чытаеш аўтабіяграфіі, і здзіўляешся — ва ўсіх амаль адно і тое: школа, універсітэт, рэдакцыя. Мяркую, толькі на карысць пайшло б ім папахадзіць па свеце з пляцаком, папрацаваць грузчыкам, плытагонам, старацелем…

— Безумоўна на карысць. Тады сярод іх значна паменела б пакутуючых на «прафесійныя» хваробы, найперш гемарой і гіпертанію… Але, здаецца, гэтым уся «карысць» ад бадзяжніцтва і вычэрпваецца, бо літаратурны твор арганізуецца не жыццёвым матэрыялам, назапашаным знадворку, а той жыццядайнай энергетыкай, якой кон адарыў пісьменніка. Спалучэнне гэтай энергетыкі з мастацкім талентам і ёсць падставай рэалізацыі творчага патэнцыялу. Сапраўдны талент падобны да цара Мідаса, якога Дзіёніс надзяліў здольнасцю ператвараць у золата ўсё, да чаго той дакранецца. Гэткі творца зусім не мае патрэбы бадзяцца па свеце ў пошуках тэм, сюжэтаў, вобразаў. Усё гэта побач з ім — на адлегласці працягнутай рукі, а пэўна і яшчэ бліжэй… Больш таго, бясконцы вэрхал жыцця хутчэй замінае, чым дапамагае творчасці. Не выпадкова адвечнай прагай пісьменніка застаецца мара пра «вежу са слановай косці», якая б абараніла ад бурлівай павадкі штодзённасці, каб засярэдзіцца на тым жыцці, што віруе ў самім творцу… З іншага боку, было б недарэчна сцвярджаць, што адзінота, адасобленасць ад жыцця — гэта заўсёды на карысць творчасці, а знітаванасць з рэальнасцю — на шкоду. Тут — як каму. Але ў кожным разе ўласна творчасць, дакладней, яе кшталт і гарт, вельмі мала залежныя ад таго, якім побытам жыве пісьменнік, якой працай зарабляе грошы, якім маральным (ці амаральным) каштоўнасцям аддае перавагу.

Павел Савоська: Дарэчы, пра грошы. Ці прытрымліваецеся вы такой думкі, што сапраўдны пісьменнік павінен толькі пісаць кнігі, а не хадзіць штодня на працу? На жыццё яму павінна хапаць ганарараў ад выдадзеных кніжак.

— Можа, было б і добра, каб пісьменнік мог зарабляць сабе на жыццё сваімі кнігамі. Але такой магчымасці ён не мае не толькі ў нас на Беларусі — лічы нідзе. Натуральна, тут я абмінаю асобныя выключэнні, якія ёсць у кожнай краіне. Зрэшты, у нас няма хоць якіх падставаў напэўна казаць, што засяроджанасць толькі на творчасці абавязкова станоўча ўплывае на якасць творнага. Аднойчы Фёдар Дастаеўскі паскардзіўся: калі б я быў такі забяспечаны, як Леў Талстой, дык мае кнігі чыталі б і праз сто гадоў…

Чытаюць — і болей, чым Льва Талстога. Хаця апошнім я ніяк не хачу сказаць, што жабрацтва на карысць пісьменніцтву і што толькі добра, калі кніга пішацца прыхапкам у рэдкую вольную хвіліну. Але можа і не заўсёды дрэнна, бо, бывае, чытаеш некаторых пісьменнікаў, якія, відаць, маюць даволі часу для пісання, і шкадуеш, што ў іх гэты час ёсць.

Юры Дракахруст: Парадаксальная сітуацыя — у савецкія часы партыя трымала пісьменнікаў у строгасці, але статус майстра слова, прызнаваны і ўладамі, быў вельмі высокі. Варта прыгадаць хаця б словы Сталіна ў тэлефоннай размове з Пастэрнакам. Сталін сказаў пра Мандэльштама, калі той ужо быў амаль сцёрты ў лагерны пыл:

«Але ён жа майстра. Ці сапраўды ён майстра?» І расстраляць маглі, і расстрэльвалі, але сам па сабе статус пісьменніка, пісьменніцкага саюза быў надзвычай высокі. А сёння пісьменнікаў не страляюць, дзякаваць Богу, але і стаўленне — паміж грэблівасцю і абыякавасцю. У чым тут справа? Ва ўладзе ці ў часе?