Але апазіцыя «пісьменнік — улада» хавае яшчэ адну праблему (і самую істотную, раўнуючы з астатнімі) на якую, пасля эпохі рамантызму, перасталі звяртаць увагу. Рэч у тым, што ў пісьменніка і палітычнага ўладара, па-сутнасці, адна і тая ж мэта — уладарыць над чалавекам. Толькі палітык захоплівае і знявольвае чалавека законам і беззаконнем, а пісьменнік — словам. І перадусім з гэтага і іх адвечная варажнеча, бо яны не стамляючыся змагаюцца між сабой за першынство ў справе апалоньвання чалавекаў.
Юры Дракахруст: Святлана Алексіевіч неяк сказала: «На барыкадзе немагчыма разгадаць загадку жыцця. Барыкада — гэта не месца для мастака». Вы згодны з гэтай тэзай?
— Часткова яна мае рацыю — барыкада не месца для мастака. Але мастак — гэта не нейкі фантом, а чалавек у рэальным жыцці. І ў гэтага чалавека ёсць свая грамадзянская пазіцыя, калі яна, зразумела, у яго ёсць, нейкія ідэалы і каштоўнасці, якія ён гатовы адстойваць, а часам нават і бараніць на барыкадах. Інакш кажучы, на барыкады ідзе не мастак, а грамадзянін.
Вольга Шпарага: Кастрычніцкая плошча пасля выбараў кіраўніка краіны ў 2006 годзе падарыла нам такі адметны феномен, як намётавы лагер, у якім некалькі дзён і начэй маладыя людзі выказвалі сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Дык чым насамрэч была тая Плошча? І як яна паўплывала на творчасць самых розных аўтараў Беларусі? Інакш кажучы, для вашых рэфлексіяў прапануецца наступная тэма: «Аўтар і Плошча».
— Акрамя вас, Вольга, я не ведаю нікога з літаратараў, філосафаў, мастакоў, у творчасці якіх Плошча нешта б перамяніла канцэптуальна, нават калі яны сітуацыйна адгукнуліся на гэтую падзею нейкімі тэкстамі ці замалёўкамі… Праўда, Плошча надзвычай актуалізавала адзін спецыфічна інтэрнетаўскі жанр: у LiveJournal з’явілася цэлая плойма дзённікаў тых, хто быў на плошчы, а пасля патрапіў у вязніцу. Гэтая літаратура (калі можна назваць яе літаратурай) тады відавочна пераўзыходзіла па запатрабаванасці ўсё ўласна мастацкае. І тыя, нават выдатныя, тэксты, што ствараліся з нагоды ўсіх гэтых падзей — скажам, вершы Сяргея Прылуцкага і Андрэя Хадановіча — у плане катарсіса напэўна саступалі турэмным дзённікам. Наіўная і непасрэдная фіксацыя «рэальнасці Плошчы» эмацыйна (і сэнсава) уздзейнічала куды мацней за хоць які прафесійны артэфакт. Аднак досыць хутка наўпроставая рэляцыя жывой плыні падзеяў вычарпала сябе. Што і натуральна. У адрозненне ад уласна мастацкага твора, публіцыстычны рэзануе адно з сітуацыйнымі эмоцыямі і значыць губляе сваю актуальнасць разам з пераменай сітуацыі.
Але разважаючы далей над зададзенай тэмай «Аўтар і Плошча», я нечакана для сябе зразумеў, што падзея Аўтара ўвогуле магчымая адно таму, што існуе «феномен Плошчы» (натуральна, тут мы ўжо гранічна універсалізуем метафару), як месца сустрэчы Аўтара з чытачом/гледачом. Гэтак з аднаго боку, а з другога — што б Аўтар ні ствараў, ён перадусім і заўсёды сам стварае Плошчу. Раман — гэта Плошча, карціна — Плошча, музыка, спектакль — таксама. Адным словам, Аўтара няма без Плошчы (як адзіна магчымага месца сустрэчы з чытачом/гледачом), але і Плошча без Аўтара застаецца ўсяго толькі голым топасам, дзе гуляюць адно скразнякі штодзённасці.
Уласна кажучы, калі згарнуць усё існае для чала века (Аўтара) да некалькіх асноўных першаэлементаў, дык адзін з іх мы таксама можам назваць Плошчай (а другі — Полем). На Полі чалавек праз працу адбывае быццё, а на Плошчы ён яго сакралізуе праз розныя эстэтычныя акты. (Хата, завод, фабрыка — гэта накрытае дахам Поле. Царква, тэатр, катэдра — гэта тая ж Плошча, адно што са сценамі). Дарэчы, на Плошчы быцця не адбываецца, паколькі чалавек туды прыходзіць не жыць, а надаваць жыццю сэнс (ці шукаць яго там). У гэтым ракурсе вытаптаны ў гушчары лапік першалюдзей, дзе яны збіраліся разам адпачываць альбо ладзіць яшчэ прымітыўныя містычныя рытуалы, у сваёй сутве нічым не розніцца ад Кастрычніцкай плошчы, куды маладыя людзі прыйшлі паставіць змагарныя намёты, каб тым самым падмацаваць сакральнасць беларускага быцця. Безумоўна, гэтыя хлопцы з намётамі былі Аўтарамі (а мы ўсе — іхнімі чытачамі/гледачамі). Яны адначасна тварылі і містэрыю, і спектакль, і перформанс. І гэта было страшэнна прыгожа, бо няма нічога больш прыгожага за мужнасць. Магчыма толькі там, на Плошчы, я зразумеў, што мужнасць — катэгорыя перадусім эстэтычная.
Максім Жбанкоў: А ці не падаецца вам, што ў Плошчы быў іншы аўтар? І гэта не тыя хлапцы і дзяўчаты, што там атабарыліся, і не лідэры апазіцыі, якія ўвесь час палохаліся моладзевай ініцыятывы і не ведалі, што з ёй рабіць. Мне ўяўляецца, што галоўным аўтарам Плошчы была ўлада. Менавіта яна зрабіла магчымым як пачатак гэтай акцыі, так і яе драматычны фінал. Ці не яна сама насамрэч зрэжысіравала ўсё тое, што адбылося?