Выбрать главу

— Часткова я згодны, толькі назваў бы ўладу не Аўтарам і не рэжысёрам, а ўсяго толькі «пастаноўшчыкам» гэтай тэатралізаванай дзеі. І па сёння ніхто не можа адказаць, чаму ўлада дазволіла цягам некалькіх дзён стаяць намётаваму лагеру на Плошчы і з якіх меркаванняў ён быў згамаваны менавіта ў тую ноч ( а не раней ці пазней)? Інакш кажучы, для мяне бясспрэчна, што менавіта ўлада акрэсліла і трымала фармат гэтай падзеі (час, месца, колькасць намётаў і г. д.). Разам з тым, я гатовы адстойваць сваю пазіцыю, што Аўтарам была не ўлада, а тыя маладыя (і не толькі маладыя) людзі, што жылі ў намётах, як і тыя, хто іх абараняў, дапамагаў, падтрымліваў сваёй прысутнасцю побач. Рэч у тым, што на Плошчы любая дзея ператварае чалавека ў Аўтара. Калі нехта паедзе ў лес і разгорне там намёт — гэта будзе ўсяго толькі часовае месца ягонага жытла. А як толькі ён паставіць той самы намёт на Плошчы, яна адразу робіць яго Аўтарам, як мінімум, перформенса, а здараецца, як у нашым выпадку, поўнафарматнай драмы. Такі феномен Плошчы. (Урэшце, кожная Плошча — гэта перадусім вялікая сцэна).

Артур Клінаў: Я ўспрымаю праблему «Аўтара і Плошчы» як дзве метафары: Аўтар — гэта культура, а Плошча — гэта соцыум. На Беларусі існуе дзве Плошчы і два Аўтары: ёсць Плошча дзён горада, карнавалаў, за якой стаіць адзін аўтар і адна культура, а ёсць Плошча, якая была ўвесну гэтага года, за якой стаяў іншы аўтар з іншай культуры. У мяне ёсць такая правакацыйная думка: тыя, хто выйшлі на Плошчу, былі людзьмі, якія пачулі голас той, іншай, свабоднай культуры. Гэтыя людзі не палітыкі, гэта людзі менавіта свабоднай культуры.

— Калі б вы не скарыстоўвалі тэрмін «культура», дык я б з вамі цалкам пагадзіўся, але… Рэч у тым, што культура не можа мець аўтара, яго мае толькі мастацкі артэфакт. Культура — гэта пэўная сума адсарбаваных і трывала зафіксаваных элементаў жыццядзейнасці чалавека (у тым ліку і «мастацкай» жыццядзейнасці). А ўласна мастацтва ёсць заўсёды бунтам, і перадусім — супраць культуры, якая па азначэнні нерухоміць усе несістэмныя парыванні. Культура — жорстка дэтэрмінаваная сістэма, з якой можна патрапіць у дыскурс свабоды толькі праз мастацкі акт. Таму на Плошчы Аўтарам быў той, хто тварыў не культурны, а мастацкі акт. Няма Аўтара без Плошчы, але і няма Аўтара без парывання да свабоды. У той сакавіцкі тыдзень яны тут і сышліся разам: Плошча, Аўтар і Свабода.

Максім Жбанкоў: Тады варта запытацца: ці «скончылася» сакавіцкая Плошча як месца паўставання новага Аўтара разам са скасаваннем намётавага лагера?

— Ніякі спектакль не можа доўжыцца вечна. Але зусім не істотна, што ён так хутка скончыўся. Істотна, што ён быў, і што ён быў прыгожым. Колькі можна ўсё ў змаганні за свабоду вымяраць адно канкрэтным палітычным вынікам. Сакавіцкая Плошча падарыла нам такую прыгажосць, якая (прынамсі, асабіста для мяне) мае вартасць большую за перамогу. Памыляецца той, хто лічыць, быццам усе праблемы сучаснай Беларусі завязаныя на аўтарытарнай уладзе. Асноўная праблема палягае зусім у іншым, а менавіта ў тым, што Беларусь яшчэ для шмат каго не настолькі прыгожая, каб яе можна было палюбіць усім сэрцам. Мяркую, сакавіцкія падзеі многіх умацавалі ў іхняй любові да сваёй краіны.

Міхась Скобла: На чым палягае феномен эміграцыі ўвогуле і беларускай (літаратурнай) у прыватнасці?

— Першымі эмігранцкай долі паспыталі Адам ды Ева, калі Бог гвалтам выправіў іх з Эдэма на чужыну. Пазней гэтым прыёмам безліч разоў карысталіся ўсе мацнейшыя, караючы слабейшых неслухаў. Дарэчы, у сівую старыну гэта было вельмі жорсткае пакаранне. Да прыкладу, у антычнай Грэцыі лічылася, што лепей памерці, чым быць выгнаным з роднага поліса. Але паколькі ў кожным разе выгнанне (ці самавольны сыход упрочкі) адбывалася адпаведна нейкай апрычонай сітуацыі, дык пра эміграцыю, як пра аднамерны феномен казаць не выпадае. А вось пра феномен літаратуры беларускай эміграцыі, як нешта дастаткова цэласнае і сістэмнае, казаць можна…

Да самага апошняга часу я не мог уцяміць, чаму нашыя паэты і празаікі, патрапіўшы праз эміграцыю ў цэнтры літаратурнага жыцця Еўропы і Амерыкі, пісалі так, як быццам ніколі не вылазілі са сваіх хутароў і вёсак. Нават раўнуючы з падцэнзурнымі савецкімі калегамі на бацькаўшчыне яны выглядалі глыбока правінцыйнымі літаратарамі (натуральна, былі і выключэнні, прыкладам, Янка Юхнавец). І толькі зусім нядаўна, здаецца, зразумеў сутву гэтага феномена. Рэч у тым, што амаль ніхто з беларускіх пісьменнікаў на эміграцыі і не займаўся стварэннем літаратурных твораў. Яны проста занатоўвалі ў вершах і прозе свае «сны аб Беларусі». Па сутнасці, уся наша эмігранцкая літаратура ёсць толькі пранізлівай настальгіяй з прычыны страчанай Бацькаўшчыны, аформленай не ў тыя, дык іншыя літаратурныя формы. І цалкам слушна Барыс Сачанка, укладальнік анталогіі паэзіі беларускай эміграцыі, назваў яе «Туга па Радзіме». На жаль, шмат хто з нашых даследчыкаў літаратуры і па сёння блытае гэтую пранізлівую тугу з паэзіяй.