Выбрать главу

«nihil»: Цi не з’яўляецца мова вынаходствам і ўласнасцю постацяў, прыналежных да сакральнага і магічнага ладу — жрацоў, святароў, валхаўцоў, шаманаў? Усе рэальныя сведчанні пра старавечча мовы, археалагічныя звесткі або старажытныя тэксты, так ці інакш звязаныя або з традыцыйнымі сакральнымі падзеямi або з культавымi  рытуаламi.

— Як на мой розум, дык валхаўцы (i да iх падобныя) прыдумалi не мову, а тэкст, што зусiм не адно i тое самае. Адбылося гэта ў той перыяд, калi мова з функцыянальнай прылады пачала ператварацца ў партнёра чалавека, гэта значыць, сацыяльна-экзістэнцыйнага множыцеля дыскурса бытавання, якi раней вялiчыўся выключна праз фiзіялагiчна-рэпрадукцыйную здольнасць чалавека. У тую пару каста валхаўцоў, як iнтэлектуальна найбольш «прасунутая», зразумела ўжо гатовы разгарнуцца напоўнiцу патэнцыял мовы i даўмелася манапалiзаваць слова праз яго сакралiзацыю, а каб развесцi слова з прафанным словам-функцыяй, былi вынайдзеныя розныя тэхналогii ўцялеснiвання сакральнай сутвы мовы ў фармат рэчаiснасцi, самай перспектыўнай з якiх пакрысе выявiўся тэкст. Такiм чынам, праз манапалiзацыю сакралiзаванай i тэкстуалiзаванай мовы, каста валхаўцоў ладна-такi адсунула касту патрыярхаў племянных радоў ад улады, пакiнуўшы iм у карыстанне адно мову-функцыю… Пэўна, тэза пра мову, як сродак барацьбы за ўладу, можа падацца залiшне засацыялагiзаванай, але ў той сваёй частцы, дзе валхаўцы выступаюць стваральнiкамi Эры тэксту, яна падтрымлiваецца ўсiм архiвам гiсторыi культуры.

«nihil»: Цi магчыма прыблiзна пазначыць межы гэтай эры?

— Наўрад цi, бо хто ведае якiя яшчэ «кумранскiя» тэксты дзе хаваюцца. Ды i навошта? А вось сама Эра тэкста патрабуе ўнутранага падзелу на дзве (нi ў якiм параметры не роўныя) часткi — на эру пiсанага (летапiснага) i эру друкаванага тэксту, якiя радыкальна адрозна выявiлiся ў ролi стваральнiкаў цывiлiзацыйных модусаў. Напэўна, мне мала хто дасьць веры (i хай сабе), калi я скажу, што ад таго, пiсалiся словы рукой на скрутку папiруса цi друкавалiся варштатам на аркушы паперы, залежыла, перарушваў чалавек прастору i час на возе (альбо канi) цi на цягнiку (альбо самалёце), гэта значыць, не форма тэхнiкi i тэхналогii вытворчасцi тэксту залежала ад iнтэнсіфiкацыi цывiлiзацыйных разгортак, а зусiм наадварот…

Цывiлiзацыя летапiсных эпохаў не мела ў планiроўцы сваiх гарадоў, у мiжпрасторавых i сацыяльных камунiкацыях, у ментальных рэальнасцях i перспектывах косак, працяжнiкаў, дужак, двукоссяў, пытальнiкаў, клiчнiкаў, цэзураў, абзацаў (усяго, што сістэматызуе, фармалiзуе, а з гэтага i актуалiзуе ў канвенцыйна зададзеным вектары хаатычна разбэрсаныя акты быцця) — адно геральдычна размаляваныя вялiкiя лiтары ўлады ў аднамернай роўнядзi памнажэння бытнага.

Канструктыўная аснова цывiлiзацыі Новага часу паўстала на матрыцы друкаванага Тэксту, логiка супольнага бытавання новых элементаў якога вызначыла ўжо iншыя прынцыпы функцыянавання сацыяльных мэханiзмаў, а жорстка ўнармаваная i адначасна шматстайная стылiстыка закадавала рацыянальна дынамiчную фiгуру мыслення новаеўрапейскага чалавека, з чаго мы i атрымалi тое, што маем… Але мяне ўва ўсiх гэтых цывiлiзацыйных трансфармацыях, завязаных на трансфармацыях мовы, гэтым разам цiкавiць не праблема цывiлiзацыi, а праблема мовы. Тэкст, паклаўшыся ў аснову «друкаванай» структуры перадусім еўрапейскай цывiлiзацыi, вiдаць, ужо выканаў сваю ролю, i цяпер сама цывiлiзацыя выступае ў ролi бясконцага гiпертэксту, якi мы безупынна чытаем, толькi ўжо не вачыма, а ўсiм iнтэлігiбельным аб’ёмам свайго жыццяцела. Не менш заблытаная сітуацыя i з мовай як з маўленнем — мы па-ранейшаму шмат гаворым, хаця ўжо даўно нiчога не кажам адзiн аднаму. Склалася досыць цiкавая сiтуацыя: па сутнасцi сёння мы маем дзве самадастатковыя цывiлiзацыi — сакральную цывiлiзацыю мовы i функцыянальную цывiлiзацыю чалавека, вiдавочна разасобленыя памiж сабой. I ў сваёй цывiлiзацыi мова абыходзiцца, лiчы, без чалавека, а чалавек у сваёй — лiчы, без мовы. Зрэшты, магчыма якраз у памiжжы гэтай разасобленасцi неўзабаве i выблiсне акрайчык Няма?

«nihil»: Мова — зман, тое, што нiбыта ёсць, а нiбыта i няма, нябыт. Цi не жыве чалавек у тым, чаго няма? Цi не жыве ён насамрэч не ў быццi, але ў нябыце? Цi не ёсць гэта яго прырода, яго свет, яго быццё?