Выбрать главу

Вось і едзем: Рысек Краська — сакратар „Газеты”, Лешак Кубіцкі — галоўны Беластоцкага радё, ну і я (прычэпка), такі ж чын з „Нівы”. Дарога кароткая, нават роляў не распісалі. А тут, толькі вызваліліся з сяброўскіх адбымкаў, як з'явіўся карэспандэнт БелТА:

— Хто кіраўнік дэлегацыі? — дапытваецца.

Мы пераглянуліся: кіраўнік? Не было ніякай гутаркі наконт кіраўніка кіраўнікоў. Па росту гэты хамут павінен несці Кубіцкі. Аднак наперад высоўваецца нярослы Краська. І мы, рэшта дэлегацыі, з палёгкай уздыхаем. Але і самазванец мала цешыўся гонарам. Сталічны прадстаўнік брацкай гільдыі, з мінай самазадаволенага докі (глядзіце, які я спраўны!), падсоўвае Краську да аўтарызацыі аркуш машынапісу:

— Падпішыце! — просіць загадным тонам.

Краська здрэйфіў. Што рабіць? — устраміў у мяне спалоханы позірк. Паказвае паперу. Чытаю: „Інтэрв'ю з кіраўніком польскай дэлегацыі...” (месца на прозвішча). А далей старонка энтузіязму. Наш кіраўнік захапляецца квітнеючым горадам, вясёлымі тварамі гараджан, натхнёнай працай будаўнікоў светлай будучыні. Увесь тэкст у стылю, ад якога мы ўжо адвыклі.

— Я ж яшчэ нічога не бачыў, — кажа азадачаны Краська.

— Падпісвай, — раю. — Потым пабачыш. (А цішком: — Не такая важная мы дэлегацыя, ніхто гэтага не апублікуе).

І Краська нехаця падпісвае. Ага, салодкая роля кіраўніка! Цяпер мазгуй і за нас.

Дайшлі да кульмінацыі. У Вярэйках у час узорнай сяброўскай бяседы ў дагледжаным саўгасе „Ваўкавыскі”, па неабачлівасці самазванца, стаў я спадчыннікам вялікай зямельнай маёмасці. Падарунак лёсу не толькі ўзнімаў маю грамадскую значнасць, але і ўсяляў надзею на бясхмарнае жыццё ў беластоцкай яве.

Пасля першага тосту, калі наш кіраўнік збіраўся ўзняць чарку ў гонар гаспадароў, увагу іх прыкавала не змесціва ў чарках, а маё „дзіўнае” прозвішча.

— Адкуль яно? — пытаюцца. — Вы — Валкавыскі, і наш саўгас „Ваўкавыскі”. Звычайнае супадзенне?

Краська, вядомы беластоцкі выскаляка, уносіць яснасць:

— Przecież on jest synem waszego pomieszczyka!

Адных развесяліў, другіх насцярожыў, але ўсе дружна выпілі за здароўе гаспадароў. Як ні дзіўна, быў тост і за панскага нашчадка. Мне роля спадабалася, і я, на пацеху абодвум бакам, згуляў яе без запінкі да апошняй дзеі. Пасля энтага тосту я пахваліў кіраўнікоў саўгаса за дбайныя адносіны да спадчынных уладанняў, пажадаў далейшай дбайнасці і паабяцаў, што калі маёнтак вернецца ў законныя (мае) рукі, дык ушаную іх пачэснымі пасадамі. Вядома, атрымаў належныя акцёру апладысменты і мы развіталіся ў жартаўлівым настроі. Малітоўную позу пры дурной гульні заняў толькі аграном. Ён, выбраўшы момант, шапнуў мне на вуха:

— Будьте спокойны, всё будет на должном уровне.

Гэта быў аптымістычны хэпі-энд.

Багатыр

Сын польскага пана — нязбыўная мроя? Фантазіі ў ёй, што кот наплакаў. У маіх несвядомых фізіялагічных працэсах такія сны ніколі не віталі. Іншая справа — багатырскі сон. Тут я бываў і Мурамцам, і Рыхардам Зорге. Хоць у яве далёкі ад гэтых герояў. Такім быў і ў час, калі жыў на ціхай беластоцкай вуліцы, якой прысвоілі таксама мірнае (праўда, з агаворкай) імя Гротгера. З агаворкай, бо пахла яно баталіямі. Але гэты пах ніколі не парушаў вакольнай ідыліі. Наш новы дом між старэйшых будынкаў нічым асаблівым не выдзяляўся. Хутка ўсе перазнаёміліся. Талакою ўпарадкоўвалі панадворак, а на змярканні, старыя і малыя, з узбуджанымі тварамі ўліпалі ў блакітныя акенцы: якраз у тэлевізіі ішоў упершыню серыял Stawka większa niż życie. Уся краіна сачыла, як польскі ас водзіць за нос прабеглага гестапаўца Брунэра. Неўзабаве Клёс вырас на самага вялікага польскага героя. І ў панадворкавай гамонцы гарэзных падшыванцаў лавіў я характэрнае выслоўе Клёса: Nie ze mną takie numery, Bruner! Я ўсміхаўся, прыкідваючыся, што нічога не бачу. І яны на мяне — нуль увагі. Вось ідзе сусед з працы — і ўсё.

Раптам хлопцы перамяніліся. На маё з'яўленне заміралі, аж станавілася няёмка ад бляску распаленых цікаўнасцю вачэй. Што сталася? Вера не ведае, цешча не чуе. Перапытваю дачурку — маўчыць. Урэшце прыходзіць з пакаяннем: у дзіцячай гульні „чый бацька значнейшы” (а мой — лекар, а мой — суддзя), збіла з панталыку сябровак, выдаўшы сямейную тайну. Сказала, што сапраўдным Клёсам з'яўляюся я, яе бацька, а той, з серыяла — толькі акцёр, звычайны Мікульскі.

Нашай размовы нікому аднак не выявіла, бо малыя разведчыкі надалей праводзілі мяне зайздроснымі позіркамі. І не скажу, каб мне гэта роля не падабалася.