Інжынер ІІ
Бурапенны 1981. У разгары беластоцкага бушавання „салідарыстаў” іду правым бокам вуліцы Сянкевіча ўверх (чаго мяне трасца нясла туды?). Ажно з Рыжскай вывальваецца раз'юшаны бык у чалавечай постаці.
— У, вы — інжынеры! — бярэ мяне на абардаж і восьвось пачне малаціць сукастымі кухталямі.
Ухіляюся, скручваючы на Рыжскую. Далей „Ухвыты” — бастыён рэвалюцыі. Дык азвярэлы бамбіза адтуль! І я — інжынер! Зноў інжынер, як у падмаскоўнай электрычцы. Толькі абставіны дыяметральна процілеглыя. Згадаліся шасцідзесятыя гады, калі я, саракагадовы, апынуўся ў сабачай аблозе. Ціснулі з усіх бакоў і я, зацкаваны, не знайшоўшы разумнейшага выхаду, вырашыў здавацца. Чорт вас бяры! І пагоншчыкаў, і рэдакцыю! Заўтра іду ва „Ухвыты”, мо прымуць за слесара (мая першая прафесія)?
Адчайнага рашэння не падзяліла Вера.
— Ты толькі думаеш пра сябе, — сказала. — Падумай і пра сям'ю.
І я пачаў думаць. Кінуць „Ніву”, не сказаўшы нават „да пабачэння” — проста. А што чакае цябе ў тых „Ухвытах”? Калі і прымуць, то не схаваешся ад тамашніх следапытаў. Усё вынюхаюць: і хто ты, і хто твае бацькі, і што рабіў, з кім гуляў. Засмяюць:
— Ślusarz habilitowany!
Добра, каб толькі так. Я ж дваццаць год напільніка ў руках не меў. Які з мяне слесар. Памочнік рабочага — усё, на што я здатны.
А пасля сустрэчы з быкападобным незнаёмцам перадумаў. Памочнік слесара ў сорак год — блазенская роля. Але адольная. Упартасці ў мяне хапае. Хто ведае, калі на маім лобе дагэтуль віднее надпіс „інжынер”, мог бы выбіцца і ў інжынеры.
А ці было б лягчэй? Вось гэта пытанне.
Педагог
Пачатак дзевятай дэкады. Беласток, скверык на „Пяста”. Сяджу на лаўцы з думкамі ў былым. Падыходзіць незнаёмы дзядзька. З фальшывай усмешкай дае праз зубы металёвае dzieńdobry і, не просячы згоды, садавіцца побач.
— Już па zasłużonej emeryturce? — уключаецца ў мае панылыя думкі.
— My się znamy? — углядаюся ў яго.
— О, już і zaawansowana amnezja! — яхідна, са здзекам дапякае.
— О co chodzi? — насцярожваюся.
— Przypomnę, — з асалодай уводзіць мяне ў ачмурэнне. — Pan wylał mnie z pracy!
Яшчэ адзін пакрыўджаны, думаю з дакорам сумлення і ўдакладняю:
— Z jakiej pracy?
— Wciąż udajesz? — пераходзіць на „ты”. — Pracowaliśmy razem.
— Gdzie? — варушу мазгамі.
— W szkole! — злосна вылупіўся.
Камень спаў з сэрца.
— І co ja tam robiłem? — душуся ад смеху.
Прыхадзень настабурчыўся, у вачах маланкі.
— Co robiłeś? Byłeś dyrektorem, głupku! — азарае маю чорную памяць агністым бляскам.
— Niech będzie, — палагоджваю атмасферу бяседы. — А za co straciłeś pracę? — цікаўлюся. — Pewnie za politykę?
— O, wraca pamięć! — дабрэе сусед. — Za politykę, dyrektorku, za politykę, — ляпае мяне па каленях.
— А konkretnie? —дабіваюся.
„Палітык” патэтычна чытае:
Nasza partia wszystko zrobi,
Żeby Polak żył jak Tobi!
— Co ci to przypomina? — унушальна зандзіруе.
— Krążyło takie coś za Gierka, — усё не магу даўмецца.
— Takie coś? — перадражняе і тлумачыць: — Za takie coś wręczyłeś mi wilczy bilet! To był mój utwór...
— Nie wiedziałem, że mam w szkole zdolnego poetę, — вінавачуся. — Sądziłem, że tylko upowszechniasz zakazaną twórczość.
— Dużo czego nie wiedziałeś, — згаджаецца падпольны аўтар. — Ale wkrótce się dowiesz.
— A mianowicie? — цягну за язык.
— Jestem prezesem Stowarzyszenia Pokrzywdzonych przez Nomenklaturę. Jasne? — дае зразумець, чым гэта пахне.
— Jasne! — здаюся, і, каб адчапіцца ад назолы, каюся:
— Żałuję...
— No! — pokrzywdzony з задавальненнем фіксуе сваю перавагу, устае і, смачна плюнуўшы, кіруе на Баяры.
Значыць, „быў” я і адыёзным педагогам. Кім я толькі не быў!
Мройнае віраванне Сідара Макацёра
Год апалоніка
1998 год сустрэлі макатранцы з дваістымі пачуццямі. Дваістасць выклікалі дзве парныя дзевяткі, што натапырыліся ў цэнтры новага летазлічэння.
— Цыклопы! — жахнуўся Стахранюк. — Павіслі над намі цыклопы! Гаварыў жа ў Ратным Гара-Гарышчэўскі: „Няважна — будзем беднымі ці багатымі, важна каб былі круглавокімі”. Значыць, здзейсніцца...
Змрочную здань, што залунала над энклавам спрабаваў развеяць Паўхранюк. Даследаваўшы дакладна цыклопападобныя знакі ў выяве прышэльца, ён сказаў:
— Калі гэта і цыклопы, дык не тыя пачвары з мінулай эпохі. Хутчэй за ўсё яны з падатраду беспазваночных. Маюць адно няпарнае лабавое вока. Жывуць у вадзе. Хоць і драпежнікі, нам шкоды не зробяць.
Але страх, пасеяны Стахранюком не адступаў ад макатранцаў. Асабліва пасля таго, як Хранюк простым матэматычным дзеяннем спалучыў вядучую адзінку з замыкаючай васьмёркай. Атрымалася трывожнае