Выбрать главу

999

Цыклопы злучаюцца. Хана! Толькі Хрэн, ветэран нязбыўнай мары, не панікаваў. Ён намагаўся ўнікнуць у сэнс загадкавых знакаў. Урэшце расслабіўся, крэкнуў і метадам Хранюка вывеў гістарычнае ўраўненне:

1998 = 1188 = 99 = 18 = 9

Пачвары выразна адступілі, рассеяліся. Мала таго, у хвастатай дзевятцы Хрэн убачыў тыповага жыхара неглыбокіх вадаёмаў, лічынку сажалкавай жабы — апалоніка.

І, аслепленыя нечаканым адкрыццём, насельнікі энклава паверылі ў трываласць Макатры, і 1998 год аб'явілі годам апалоніка.

О часы, о норавы!

Пасля сумнаслыннага выступлення ганаровага старшыні сябравіцкай управы, калі ён, незадаволены адведзенай яму роляй, абвінаваціў самаадданых упраўленцаў у грэхападзенні (дзеляць маёмасць без яго), зрокся гонару і ўзначаліў міколасяргееву фронду, управа закіпела справядлівым гневам. І ты, Брут! Усё табе мала?! Хочаш усю ўладу пераняць у свае заграбушчыя лапы!

І сябравіты ўспомнілі гнуснага рымскага змоўніка Катыліну, які ў карыслівых мэтах строіў падкопы пад фундамент рымскага ладу, і згодным хорам грымнулі:

— Лапы прэч ад управы!

Тут і выступіў Цыцэранюк. Прыгадаўшы карані, ён пакарыстаўся тэкстам славутага консула, што выратаваў рымскую рэспубліку ад Катыліны. З крыніцы тэарэтыка філасофскай рыторыкі выкінуў толькі прозвішча старажытнага пярэкрута, падмяніўшы яго мянушкай нашага адступніка. А каб было больш пераканаўча, і пачаў сваю арацыю крылатым словам продка:

— Quousque tandem abutere, Barsina, patientia nostra?

І пераклаў: Калі ж, урэшце, перастанеш ты, Барсіна, злоўжываць нашай цярплівасцю?!

Далей вёў наступ на мове матчынай.

— Да якой пары ты, ачмураны фурыяй, будзеш здзекавацца з нас?! Дзе мяжа неўтаймаванай дзёрзкасці тваіх выступленняў? — заганяў у кут злоснага паклёпніка, падмацоўваючы латынь сакавітым сябравіцкім матам.

— Cui bono? Cui prodest? — закончыў фундаментальным пытаннем сваю прамову супраць Бараны Цыцэранюк. І сябравіты паўтарылі ягонае пытанне:

— Каму выгадна? Хто на гэтым выйграе?

Не выпадкова сябравіты ўспомнілі Катыліну. Быў ён адыёзным стрыжнем у працэсе распаду, што ў той час тачыў рымскую рэспубліку. Падобнае становішча склалася і ў нашым энклаве. Дык і палымянае слова Цыцэранюка згуляла роўную Цыцэрону ролю. Сябравіцкае consultum ultimum прызначыла змоўнікаў на забыццё.

Ці Цыцэранюк таксама давядзе сябравітаў да згоды і выратуе энклаў ад загубы? А мо пачалася ўжо bellum omnium contra omnes? Вайна ўсіх супраць усіх?

О tempora, о mores!

13 смярцей

(магільны сцэнарый знойдзены ў Харошчы)

Кожны хоча памерці незвычайна:

1. Польскі палітык — калі не ў Чанстахове (урачыста), дык на TV (трыумфальна).

2. Ксёндз — у Ватыкане. Папам.

3. Рабочы — на галадоўцы. Гегемонам.

4. Падначалены — пасля шэфа. З вужом за пазухай.

5. Пан Твардоўскі — на Месяцы. У самоце.

6. Беларускі паэт — калі не на Парнасе, то прынамсі на прыдарожным узгорку. Абавязкова з рукамі раскінутымі ўшыркі.

7. Зянон Пазьняк — у Нью-Йорку. Калі дазволяць — на сесіі ААН. Дэманстратыўна.

8. Яўген Мірановіч — у барацьбе з Лукашэнкам. Гераічна.

9. Сакрат Яновіч — на рыбалцы. З Валэнсам. Ты рыбак і я рыбак.

10. Цыган — на вісельні. З кампаніяй.

11. Моніка Левінскі — на чэлясе Клінтана.

12. Ельцын — у Крамлі. Царом.

Адзін селялнін прагне памерці ў роднай хаце. Ніхто не жадае адысці ў лепшы свет невядомым салдатам.

Неспазнаныя шляхі твае...

Было ў IV ст. да н.э. Піліп, цар Македоніі, запрасіў у сталіцу Пелу Арыстоцеля.

— Вучы майго ёлупа,— кажа, прадстаўляючы мысляру шалапутнага сына.

Пасяліўся мысляр у царскім хароме і ўбівае ў дубіну высокія матэрыі. А царэвічу ў галаве адно гулькі. Тым часам цар драхлее: абрыдлі яму і заваёвы, і ложкавыя ўцехі. Хто прадоўжыць вялікія справы?

І прыходзіць у думаўку мудрага „Стагірыта” смелая ідэя. Ідзе ў спачывальню царыцы, гіпнатызуе ўладарку, унушаючы:

— Саня не ад Піліпа. Саня ад Зеўса!

Прачнуўшыся, царыца кліча сына і выяўляе тайну:

— Сынок, ты не ад нямоглага бацькі. Я ўбакавілася і пачала цябе з царом багоў.

І падзеі разгарнуліся ў патрэбным напрамку. Саня адчуў у сэрцы слодыч неўміручасці, а ў руках — ваяцкі сверб. Стаў Лясандрам. Расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і антымакедонцамі. Заваяваўшы ўладу над дзяржавамі Грэцыі, пайшоў на Усход, здабываць рэшту свету.