Узбаламучаны век. Сталін, каб яму серай адрыгнулася, тварыў пекла, а мы думалі — будуе рай на зямлі. Цяпер, грэючы ў пекле азяблыя косці, смяецца з нас, задаволены.
Сядзіць Сталін у сагане,
Падспеўвае сатане:
— Я тыран і ты тыран,
Садавіся ў саган.
Як расплаўлялася сталь
Было ў 1953 годзе. У вітальні апраметнай з'явіўся лупаты тып у зношаным паўформенным фрэнчы пад таварыша Сталіна.
— Мне да шэфа! — прафесійна гыркнуў, уставіўшы алавяныя вочы ў жалезныя дзверы.
— У якой справе? — спытала стража.
— Па энкавэдэшнай лініі.
Стража, апазнаўшы прыхадня, расступілася:
— У добры час!
Бразнула ў дзвярах клямка. Шусь! — і няма лупатай з'явы. А праз хвіліну за жалезнымі дзвярыма грымнула. Адчынілася вентыляцыйнае акно і пачуўся службовы голас качагара з абслугі рускага катла:
Уберите трусливого Берию! Наделал в штаны, котел загадит. Не достоин топки дохлых особого склада. Отправить в зону бесхребетной нечисти.
Адчыніліся важкія дзверы. Чэлядзь, са скрыўленымі ад агіды тварамі, вынесла запэцканага ўласнымі адходамі Берыю. Пад'ехала чорная душагубка.
— Улазь, лупатая амёба!
— Ах, каб гэта чуў Коба! — Берыя азірнуўся назад, але Кобы няма. І сеў у чортаў тарантас.
Коба ўсё чуў, толькі саромеўся свайго размагнічанага падручнага. Плюнуў з пагардай і пайшоў чысціць кацёл Мікіту Сяргеевічу. А поруч плыла кандальная песня рускіх качагараў:
Вазіў зэкаў Берыя
У сваю імперыю.
У новай імперыі
Зэкі возяць Берыю.
Пярэкрут у пекле
— Я да вас, спадар Вельзевул, як да апошняй інстанцыі, — корчыцца перад лысым чортам пярэкрут. — Верай і праўдай служыў на карысць нашай справы, а стаю ў чарзе бязродных касмапалітаў. Гэта мне зусім не падабаецца. Хачу стаяць між лепшымі з лепшых.
— Не ў маёй кампетэнцыі, таварыш сакратар, — суха адказаў лысы чорт і натапырыў увысь крутыя рогі. — Сігай у смалу! — гаркнуў. — Чарцей не выбіраюць.
Пярэкрут на хвіліну слупянее, потым, успомніўшы рымлян, стукае абцас аб абцас і аддае чэсць лысаму:
— Ідучыя на смерць вітаюць цябе!
Рагач не ведае рымскага блазнавання, грукае касматым капытам аб брукаванку, высланую добрымі намерамі.
— Сігай! — таропіць.
— Рад старацца! — вярнуўся ў сваю стыхію пярэкрут і палез у саган. Яму запляскала чортава чэлядзь. Вельзевул прылізаў запэцканымі лапішчамі пучок шчэцця на лысай галаве і вылупіў здзіўлена бельмы: пярэкруту і пекла — руская баня.
— Падкіньце жару! — просіць той. Раздаюцца бурлівыя апладысменты. Пярэкрут вынырвае з ліпкага смалянога варыва і заліваецца задорлівым рогатам:
— Служу Ca...Ca...Сатане!
— Ты — мне?.. Ты — мне? — здзіўляецца ў бяздонным цемрыве рэха.
Не выключана, што пярэкрут трапіў у пекла ў выніку заганнай фільтрацыі.
Пад уладай дылетантаў
Да рэвалюцыі ў Расіі было каля аднаго мільёна паразітаў: капіталістаў, банкіраў, памешчыкаў, генералаў і буйных чыноўнікаў. На зары гарбачоўскай перабудовы каманда паразітаў налічвала 30 мільёнаў асобна ўзятых тузоў. Гэту каманду і ўключыў Міхаіл Сяргеевіч у свой „працэс”. І працэс пайшоў.
— Горбі! Горбі! — апладзіраваў яму свет. — Так трымаць!
Гарбачову не здзіўляюся — дылетант. Але каб свет захапляўся дылетантам? Адзін Рэйган кепікі строіў:
— Майкл! Скажи, пожалюста почему ты вибраль такой дольгий путь в Ойропу? Не лютше коротше и бистро?
— Чего же медлишь, выкладывай, говори — как? — гарачыцца Гарбачоў. — Давай план — и я немедля пущу процессе нужное русло!
Рэйган змоўк. Сам быў дылетантам. Дыспут вопытных дылетантаў падслухаў пачынаючы дылетант Ельцын.
— Маніць артыст згарэлага тэатра, — намякаючы на мінулае амерыканскага прэзідэнта, падумаў Барыс Мікалаевіч, — і, выбраўшы крутыя сцежкі, павёў Расію ў Нікуды.
Адхіленне глуздоў
Даказана: малое пачатковае адхіленне ў глуздах гомасапіенса вядзе ў непрадбачанае. Ад малога Уладзімір Рэзун прагнуў паўтарыць подзвіг Зорге. Таму і пайшоў у Акадэмію Тайнай Службы. Але ідэю планетнай рэвалюцыі схавалі ў сейф, Масква мірным шляхам стала сталіцай свету, героя рыхтавалі да любоўных заваёваў. Дыплом АТС адчыніў яму дзверу ў ГРУ, паслалі ў гарачую кропку кантынентальнага тэатра кахання.
Здабывай сэрцы Еўропы!
А выйшла наадварот: Еўропа падбіла заваёўніка.