— Я паваліў Савецкі Саюз, павалю і Луку! — пора плакатаўказальным пальцам у нас...
Грымнула, ляснула, зашумела. І я за межамі рэальнага жыцця. Нейкі форум. У прэзідыуме кіруючыя галовы. На ўквечанай трыбуне прафесійны лапатун. Пляце кашалі з лапцямі. Слухачы заняты сваім: хто ў носе калупае, хто ў вушах. А найбольш кемлівыя сядзяць у буфеце: асвяжаюцца вінцом, падсілкоўваюцца „татарам”. Кіраўніцтву таксама маўленчая трыбуна не ў галаве. У калектыўным чэрапе варыцца інтэграцыйная думка: як мабілізаваць дысцыпліну аўдыторыі? Узнёслая ідэя стыне ў дрымотнай фазе варкі кіруючых галоў. Бедныя, зрабілі б уваход у залу цераз прэзідыяльнае ўзвышша — і галаваломнае пытанне знікла б з павесткі дня.
Не дадумаліся. Якія цельпукі кіравалі намі!
Палякі па выбару
Было ў лістападзе 1998 года. На тэлеэкране маладыя семінарысты. У чорным, на шыі белыя каўнерыкі (koloratki), у сэрцы жоўць. Утуліліся ў варшаўскія крэслы, узіраюцца з цікавасцю ў нашы твары і вандруюць у часе.
— Адкуль прыехалі?
— З Беларусі.
— Беларусы?
— Polaki.
Нарадзілі і выгадавалі іх бацькі — беларусы. У хаце гаварылі ўсе толькі па-беларуску. Так было заўсёды. Продкі таіліся. Нават перад сваімі дзяцьмі скрывалі тайну. Як ведаеце, у нас за адно польскае слова пагражала Сібір. Таму ў большасці беларускіх палякаў няма польскага духу. Выдухнуўся.
І стаўся цуд. Прыехаў з Польшчы ксёндз і вярнуў маладзёнаў на правільны шлях.
— Wpoiw duch polski (першы).
І маладзён opamientał się.
— І ja apamientawsia (другі). Przyjechaw do Macierzy...
Як казаў з гэтага ж блакітнага акенца незабыўны Станіслаў Станіслававіч — okrześliłsia.
Фокус-марокус. З неба ўзіраецца ў нашы азадачаныя твары Касцюшка. Афішуючы пакутлівую грымасу, змоўніцкі міргае:
— Жыве Беларусь!
Фалас лунае над Сеймам
У гарадах з гукам сыплюцца „шкляныя” дамы, у трушчобах бясшумна замярзаюць бамжы, вымірае вёска, карупцыя точыць дзяражву — усе даюць, усе бяруць. А над Сеймам лунае здань Фаласа.
Матэрыя дэбатаў не новая, з сеймавай гісторыяй: „Prezentacja organów płciowych w trakcie stosunku”. На затрыбунным экране эратычны канал. Знямоглыя ў эмоцыях паслы таўкуць у грахоўнай ступе губную пену. Ужо вызначылі грахоўнасць палавых органаў. Найперш падзялілі „інструмент”, які заўсёды носяць з сабою, на дзве катэгорыі: „мяккія” і „цвёрдыя”. Паколькі пераважалі лысыя імпатэнты, чупрыністая меншасць пагадзілася аднесці „мяккія” ў разрад безграхоўных. Бой успыхнуў за „цвёрдыя”. Імпатэнты аб'явілі гэты гатунак ачагом парнаграфіі і патрабавалі суровага пакарання: 10 гадоў турмы за само выяўленне „цвёрдасці”.
У спрэчках выступілі:
Я. Нямцэвіч (віцэ-міністр справядлівасці): — Нідзе яшчэ ў Еўропе, а мо і на свеце, няма такога вобразнага паняцця парнаграфіі. Мы апярэдзілі Еўропу! Толькі трэба завастрыць форму „цвёрдасці”, каб суддзі ў час працэсу не рагаталі.
С. Іваніцкі (AWS): — Пытанне да прэм'ера. Ці становішча пана міністра Нямцэвіча з'яўляецца становішчам міністра справядлівасці?
Е. Бузэк: — Гэта становішча Міністэрства справядлівасці.
З. Пупа (АWS): — Ваюем за Польшчу! Хай пан прэм'ер не ўхіляецца ад такой важнай справы. Хай пан прэм'ер скажа, ці пан за парнаграфію ці супраць?
Э. Бэндэ (UW): — Прашу прабачэння, гэта дурдом?
Маршалак: — Пытанне не на тэму.
А. Бэнткоўскі (PSL) ставіць пытанне на тэму: — Калі селянін асемяняе казу, гэта парнаграфія ці навуковы эксперымент?
Маршалак: — Proszę o zachowanie powagi.
Я. Сасноўская (SLD): — Пара канчаць навуковыя разважанні. Калі пачнём караць за калектыўны гвалт, а не за „цвёрдыя” карцінкі?
Дэбаты скіраваліся на імпатэнцыю Міністэрства справядлівасці. Цікава, чым закончыцца вайна з Фаласам? Дык сам белы папа прыхільнік гэтага бога. Усё заахвочвае да цялеснага кантачання.
Мая прапанова: трэба пачынаць з сябе, спадары засядацелі. Выдаць загад сеймавай стражы: — Упускаць у Сейм толькі „мяккачленных”, „цвёрдаінструментальных” — у астрог!
Застаецца нявырашанай юрыдычная загваздка: колькі гадоў атрымае зламыснік за парнаграфію з законнай жонкай?