Выбрать главу

Неспакойнае пасляваенне. Прыбелавежжа. Ад вёскі да вёскі з пісталетам у кішэні гойсае чупрыністы паэт. Схіляе маіх землякоў на дабравольны выезд у БССР. Сам потым хваліўся. Хто? Максім Танк. Тут усё было ў ажуры. А вось Танкаў паслядоўнік апраставалосіўся. З пісталетам, уваткнутым за нагавічную дзяжку, уварваўся на трыбуну маладых польскіх пісьменнікаў (1946). Ці дзяжка была слабая, ці нагавіцы завялікія, але калі юны і нявопытны чэкіст павёў гістарычную атаку на „Пакаленне” Братнага, пісталет вызваліўся з уціску дзяжкі і грымнуў на падлогу. Было смеху. А смяяліся з Віктара Варашыльскага, майго другога знаёмца.

А я ў той час, вызвалены з прускай прымусоўкі, канаў на чужой зямлі пад дулам варашылаўскага стралка. Быў ім мой камбат, цар і бог у сваім хозяйстве, у цвярозым стане нармальная асобіна, а нап'ецца — звер. І рэфлектаваў па-звярынаму. На сам мой від. Выхапіць з кабуры пісталет і раве:

— У бью!

— За што? — здзіўляўся я, не чуючы за сабою ніякай правіны. А ён сваё:

— Убью, сволоч!

Удумаўшыся ў паганы намёк, змяніў я тактыку. Пачаў дзейнічаць, зыходзячы з абстаноўкі. Першы ўдар наносіў у грудную клетку камбата, другі — у сонечнае спляценне. Метад дасягаў мэты. Пісталет, як у Варашыльскага, ляцеў на падлогу, камбат валіўся на тапчан і ператвараўся ў аморфны від. Ацверазіўшыся, злосці на мяне не насіў, нічога не памятаў, толькі непакоіўся:

— Понимаешь, связной, вчерась потерял пистолет, — уводзіў у тайну. — Военное имущество! — паясняў. — Ты, случайно, не нашёл? — цікавіўся.

Не цяжка здагадацца, што я „згубу” знаходзіў. Камбат выносіў мне благодарность, я — стаўшы ў струнку — выказваў рытуальнае „Служу Советскому Союзу!” і да наступнай афіцэрскай папойкі цешыўся жыццём.

Ды гэта быў прадукт змрочных гадоў алавянамоўнага стагоддзя. А белавежская баталія разыгралася на парозе тэхнагеннай эпохі, новага разумення саміх сябе. Паказчык майстэрства той жа — смехатворны.

Хоць рэліктавы ваяка ўціхамірыўся, стратэгі здаліся патэнцыялу немачы. Зразумеўшы марнасць разумовага намагання, рэклі:

— Няма ідэі на Падляшша. Невядома, што з гэтым закуццем рабіць.

І раз'ехаліся па хатах. Патэнцыял немачы ўзяў верх над майстэрствам.

А падляшскі маршал — правідзец.

З сябравіцкага тэлетайпа

Дэмакрыт, каб не адцягвала ўвагу мітусня, асляпіў сябе. Хваліўся Валэнса, што за сваё жыццё не прачытаў ніводнай кніжкі.

У Заіры адно з плямёнаў народнасці балуба вызначае годнасць нявесты па колькасці мужчын, якія авалодалі ёю да вяселля.

Дзедзічы цемры

Дэмакрыт — вялікі грэк, Хоць сляпы, прыйшоў у наш век. А ў нас — наадварот — Слепне ад хады народ.
Веды West увапрог у рэйд, Там навука водзіць рэй. А ў нас — наадварот — Невукам глядзім у рот.
У Балубіі ўжо рай, Колькі хочаш, Ева — май. А у нас — наадварот: — Не чапай, душа за плот!

Лайнанізм — мімалётная пусцяковіна на фасадзе гісторыі.

Юрась Бузук

Паддоследны

Яго ляпілі лайнанякі. Гліну разбавілі лайном, Мозг закупорылі у с... — У навуку ўводзілі пралом.
Паўвеку ведамі нябогу Згіналі злыдні у дугу, Бралі тытуламі ў аблогу. Аб гэтым сёння ні гу-гу.
Аб гэтым сёння думаць горка. Гляньце, як выпрастаўся ён! Куды вядзе наша гаворка? Дык які дослед — такі плён.

Учарашні

Жыў нармальна. Сыта еў, Пасля першай не хмялеў. Любіў мір. Удоваль спаў. Бліжніх жонак не чапаў. Сваю дарма не лупіў. За свае, пэўна, не піў. Гонар меў. Такі ўжо род. Шанаваў яго народ.
І гэткі герой прыкметны Апынуўся ў апраметнай.
З-за каго? І з-за чаго? А хто ведае яго. Верны быў, усім служыў, Дружбай з людзьмі даражыў...
То і ў пекле паслужу, З сатаною падружу.

Спазнай сябе

Апакаліптычная пачалася драма, як з ліянаў голага спусцілі Адама. Падкалодны злыдзень да сексу прымусіў? Так добра жылося, як насіў нас бусел. Запусціў у канвеер ты дурную сілу, ад яе і род наш цягне ў магілу. У „Дольцы” паратунак, у навуковы шэраг! Ганьба! — чарнарыжцы асвяцілі чэляс. Апакаліптычная пачалася драма. Дарма, Чарлі, з дрэва ты сцягнуў Адама.