– Кіньце вы, спадару Дэнце, дурное! – прамовіў спадар Просэр. – І падымайцеся. Вам ну ніяк не перамагчы. А бясконца ляжаць перад бульдозерам няможна.
Ён паспрабаваў надаць вачам пачварнага бляску, але вочы не падпарадкаваліся.
Артур, які ляжаў у гразюцы, хлюпнуў у адказ.
– Я вас не баюся! – загаласіў ён. – Мы яшчэ пабачым, хто першы заржавее.
– Баюся, вам давядзецца змірыцца, – сказаў спадар Просэр, мацаючы футравую шапачку і круцячы яе ў сябе на макаўцы, – гэты праезд мусіць быць пабудаваны, і ён будзе пабудаваны!
– Упершыню пра гэта чую, – адказаў Артур. – І нашто яго будаваць?
Спадар Просэр крыху пагразіў пальцам, потым спыніў рух і прыбраў руку.
– Як навошта?! – здзівіўся ён. – Гэта ж праезд!
Праезд – гэта прыстасаванне, якое дазваляе некаторым людзям з вялікай хуткасцю перанесціся з пункта А ў пункт Б, тым часам як іншыя людзі з такой самай хуткасцю шмыгаюць з пункта Б у пункт А. Людзей, якія жывуць у пункце В, што стаіць размешчаным якраз на паўдарозе паміж двума вышэй прыгаданымі пунктамі, часта здзіўляе, што ж такога файнага ў пункце А, раз так шмат людзей з пункта Б гэтак прагне трапіць у яго, і што ж такога файнага ў пункце Б, раз так шмат людзей з пункта А гэтак прагне трапіць у яго? Звычайна людзі з пункта В жадаюць, каб людзі з пунктаў А і Б раз і назаўжды пастанавілі для сябе, дзе ж яны, кадук іх бяры, хацелі б знаходзіцца!
Спадар жа Просэр хацеў знаходзіцца ў пункце Г. Пункт Г не меў акрэсленых каардынатаў ды мог знаходзіцца ў любым прымальным месцы, але адзіная ўмова – ён мусіў быць страшэнна далёка ад пунктаў А, Б і В. Спадар Просэр хацеў бы мець які файны катэджык у пункце Г, са старадаўнімі баявымі сякерамі на дзвярах, і бавіць ладны кавалак свайго часу ў пункце Д, які з’яўляўся б найбліжэйшай да пункта Г піўніцай. Ягоная жонка, ясная рэч, жадала на дзверы ерусалімскую ружу, але ён настойваў на баявых сякерах. Спадар Просэр не ведаў, чаму ў яго без дай прычыны завялося такое жаданне – але ж падабаюцца сякеры, хоць ты рэж,
Ад здзеклівага ашчэру бульдазерыстаў спадару Просэру ў шчокі ўдарыла чырвань. Ён перанёс вагу з адной нагі на другую – аднак зручней яму не зрабілася. Хтосьці тут страшэнна не адпавядаў займанай пасадзе, і ён маліўся да Бога, каб гэтым кімсьці не палічылі яго.
Спадар Просэр сказаў:
– Слухайце, спадару Дэнце, вы ж маглі выказаць свае пратэст і незадавальненне ў належны час.
– У належны час?! – раз’ятрыўся Артур. – Належны час? Першы раз я пачуў пра знос учора, калі работнік управы прыйшоў да маіх дзвярэй. Я спытаў яго, можа, ён адмыслова прыехаў, каб памыць мне вокны, а той адказаў, што не, паколькі мэтай ягонага візіту было збурыць мой дом. Вядома, адразу ён не прызнаўся. Дзе там! Спярша памыў пару шыбаў і спагнаў за іх пяцёрку. І толькі тады расказаў пра ўсё.
– Але паслухайце, спадару Дэнце, планы забудовы былі даступныя ў найбліжэйшай праектнай канторы апошнія дзевяць месяцаў!
– Ага, як толькі ўчора вечарам я пачуў пра знос, дык адразу паляцеў зірнуць на тыя планы. І каб жа вы парупіліся прыцягнуць да гэтага паведамлення ўвагу! У сэнсе, каб проста прыйсці да жыльцоў і паведаміць наўпрост.
– Але ж планы забудовы віселі навідавоку...
– «Навідавоку»? Надоечы, каб знайсці іх, я Мусіў спусціцца ў сутарэнне вашай канторы.
– Так, менавіта там у нас вісяць дошкі аб’яваў.
– Мне спатрэбіўся ліхтарык...
– А, сапраўды! Там, напэўна, лямпачку скралі...
– ...Ага, і сходы таксама.
– Аднак, паслухайце, вы ўсё ж знайшлі абвестку?
– Ага, знайшоў, – пагадзіўся Артур. – Яна сапраўды вісела на дошцы аб’яваў. Дошка ляжала на днішчы шафы, увапхнутай у закінуты клазет, на дзвярах якога красаваўся надпіс: «Асцярожна, леапарды!»
Па-над зямлёю праплыла хмара, адкінуўшы цень на ляжачага Артура, які ўзлокціўся ў стылай гразюцы. Хмара таксама кінула цень на Артураў дом.
Спадар Просэр насупіўся.
– І каб жа было што бараніць.
– Вельмі перапрашаю, але мне мой дом даспадобы.
– Праезд вам таксама спадабаецца.
– Завалі зяпу! – не вытрымаў Артур. – Завалі зяпу і шкындзёхай адсюль! І не забудзь забраць свой паганы праезд з сабою. Права ў цябе няма, і ты гэта ведаеш.
Рот спадара Просэра пару разоў адкрыўся і закрыўся, а мозг яго запоўніўся невытлумачальнымі, але страшэнна прыемнымі для спадара Просэра карцінкамі Артуравай камяніцы, якую прагна жэр агонь, а таксама выявай самога Артура Дэнта, які з лямантам уцякае ад палаючых руін, а са спіны ў яго тырчыць як найменей тры таўшчэзныя дзіды. Спадара Просэра часцяком вярэдзілі ды парадкам нервавалі падобныя карцінкі. На якое імгненне ён збянтэжыўся, але ўрэшце сабраў свае сілы разам.