– Спадару Дэнце, – прамовіў ён.
– Так, слухаю! – адгукнуўся Артур.
– Прапаную вашай увазе крыху карыснай інфармацыі. Ці ведаеце вы, спадару Дэнце, што зробіцца бульдозеру, калі я пушчу яго проста на вас?
– І што? – пацікавіўся Артур.
– Нічагуткі, – адказаў спадар Просэр, шалеючы ад пытання, чаму ягоны мозг запаланілі полчышчы патлатых коннікаў, якія хорам крычаць на яго.
Па досыць цікавым збегу акалічнасцяў слова «нічагуткі» – гэта таксама адказ на пытанне: «Што ведае нашчадак малпаў Артур Дэнт пра паходжанне аднаго са сваіх найлепшых сяброў, які, у сваю чаргу, не паходзіць ад малпаў і, у дадатак, прыляцеў з планеты Бетэльгейзэ-5, а не прыехаў з ірландскай вёскі Гілфард, як ён усіх пераконваў?»
Артур Дэнт быў абсалютна не ў курсе. Гэты Артуравы іншапланетны сябар прыбыў на Зямлю гадоў пятнаццаць таму. Сябар пнуўся цалкам зліцца з зямным грамадствам – і, варта заўважыць, з немалым поспехам. Напрыклад, ён прабавіў усе пятнаццаць гадоў, удаючы беспрацоўнага актора, і гэтае маскаванне было досыць праўдападобным.
Аднак, маскуючыся, сябар зрабіў адну прыкрую памылку, якую, збірай ён звесткі пра Зямлю руплівей і даўжэй, можна было б абмінуць. Інфармацыя, што прыхапкам назапасіў Артуравы сябар, прывяла яго да выбару імені і прозвішча Фольксваген Гольф: ён зрабіў выснову, што такое спалучэнне было вельмі пашыраным на Зямлі, а таму гучала звыкла і някідка.
Фольксваген Гольф быў высокага росту, але не настолькі, каб гэта кідалася ў вочы. Рысы яго твару вылучаліся прывабнасцю, але прывабнасцю памяркоўнай. Валасы ў яго былі кучаравыя і рудаватыя. Іх ён зачэсваў назад, на скронях. Ягоная скура, здавалася, была сцягнутая з носа і падбароддзя да патыліцы. У знешнасці Фольксвагена Гольфа пракідвалася нешта дзіўнае, але было цяжка сказаць, што менавіта. Можа быць, тое, што ён недастаткова часта міргаў. І калі вы заводзілі з Фольксвагенам Гольфам гутарку, дык праз каторы час вашыя вочы пачыналі слязіцца міжволі, як бы за яго.
Ці, можа, дзіўным было тое, што ён усміхаўся крыху зашырокай усмешкай, робячы гнятлівае ўражанне, што ён вось-вось учэпіцца суразмоўцу ў шыю?
Большасць ягоных зямных сяброў лічылі Фольксвагена эксцэнтрычным, але бяскрыўдным хлопцам – бязладным п’янюком з дзіўнаватымі манерамі. Напрыклад, ён мог няпрошаным госцем прашыцца на студэнцкую вечарыну, набрацца як жаба гразі і пачаць строіць здзекі з кожнага сустрэтага там астрафізіка, пакуль яго гвалтоўна не выпіхвалі за парог.
Часам Фольксвагена Гольфа апаноўваў дзіўны неспакой – ён ускідаў вочы і, усё роўна як загіпнатызаваны, упіваўся вачыма ў неба, пакуль яго не перарывалі пытаннем, што ён тут робіць. На імгненне Фольксваген бянтэжыўся, потым разнявольваўся, і яго твар аквечвала хцівая ўсмешка. «Ды так, шукаю лятучыя талеркі...» – мог пры гэтым пажартаваць ён, а суразмоўцы, у сваю чаргу, маглі засмяяцца ў адказ і пацікавіцца, якія канкрэтна лятучыя талеркі ён шукае?
– Зялёныя! – мог тады адказаць Фольксваген з гарэзлівай усмешкай, рагатнуць і раптоўна паімчацца да найбліжэйшага бара, каб заказаць там неймаверную колькасць алкаголю.
Гэткія вечары зазвычай канчаліся паскудным чынам. Фольксваген замаўляў віскі, зашываўся ў зацішны куток бара з якой-небудзь дзяўчынай і няўцямна ёй тлумачыў, што, па шчырасці, колер лятучых талерак – гэта не так важна.
Пасля адведзінаў бара, хістаючыся на начных вулках, азяблы, ён мог спытаць сустрэчных палісмэнаў, ці ведаюць яны, як праехаць да Бетэльгейзэ. Палісмэны зазвычай адказвалі нешта кшталту. «Ляцеў бы ты, сэр, дадому-дахаты, і ў рэактыўным рэжыме».
– Я прыкладаю ўсе намаганні паследаваць вашай парадзе, даражэнькія, са скуры вылузваюся, – вось што нязменна адказваў у такіх выпадках Фольксваген Гольф.
Насамрэч Фольксваген Гольф высочваў у начным небе лятучую талерку абсалютна любой канфігурацыі і колеру.
Прычына, па якой Фольксваген казаў, што яго цікавяць менавіта зялёныя талеркі, была ў тым, што зялёны – традыцыйны колер касмічных караблёў бетэльгейзіянскай гандлёвай выведкі.
Фольксваген Гольф ужо страціў надзею на тое, што хоць якая лятучая талерка прашмыгне побач, бо пятнаццаць гадоў – гэта захрас дык захрас, асабліва калі гаворка пра такую глухую багну, як Зямля.
Фольксваген жадаў, каб талерка прыбыла як мага хутчэй, бо ведаў, як галасаваць і як затрымліваць гэты транспартны сродак, а таксама як на хаду з яго выскокваць. Ён ведаў, як убачыць дзівосы Сусвету менш чым за трыццаць альтаірскіх талераў на суткі.