Выбрать главу

Насамрэч Фольксваген Гольф быў вандроўным карэспандэнтам, кантрыбутарам «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну», выдання абсалютна выбітнага і вартага прачытання.

Чалавечыя істоты – вялікія прыстасаванцы, і таму яшчэ да абеду жыццё ў ваколіцах Артуравага дома вярнулася да нетаропкай руціны. Артуру выпала роля ляжачага пратэстоўца: ён заглыбіўся ў гразюку, раз-пораз патрабуючы адваката, маму ці, на благі канец, добрую кніжку. Спадар Просэр увайшоў у ролю адказнага па ідэалагічнай працы. Гэтая роля вымагае прадукавання бяздоннай гаварнечы з мэтай пераканаць, а таксама патрабуе правядзення лекцыяў на тэмы: «Памяркоўная большасць – усё, адмарожаная меншыня – нішто», «Аб элегантнай перамозе прагрэсу», «Не вы першы, не вы апошні», «За квітнеючую і стабільную магістраль», да таго ж падбухторвае на ўжыванне ўсялякіх іншых рытарычных хітрыкаў і красамоўных пагрозаў. Кіроўцам бульдозера выпала не менш папулярная роля статыстаў – ім трэба было сядзець побач і, спажываючы каву, круціць прафсаюзнае заканадаўства, прыкідваючы, як павярнуць увесь гэты вэрхал на сваю фінансавую карысць.

Зямля няспешна рухалася па сваёй штодзённай арбіце.

Сонца пачало высушваць гразюку, у якой ляжаў Артур.

На яго зноўку наплыў цень.

– Прывітанне, Артуру, – сказаў цень.

Артур, узняўшы голаў і прымружыўшыся ад зыркага сонца, са здзіўленнем убачыў постаць Фольксвагена Гольфа, якая навісала над ім.

– Фольксвагене! Здароўкі, як яно?

– Дзякуй, непагана, – адказаў Фольксваген. – Слухай, ты цяпер заняты?

– «Заняты»?! – выгукнуў Артур. – Ну, хіба трэба крыху паляжаць перад гэтымі бульдозерамі, паколькі яны адразу сунуцца руйнаваць мой дом, як толькі я падымуся. Але, акрамя гэтага... у прынцыпе... дык не вельмі заняты... А што такое?

На Бетэльгейзэ сарказм – невядомы пафас, таму Фольксваген Гольф часцяком не заўважаў яго, – дзеля гэтага ён мусіў як след засяроджвацца.

Таму Фольксваген адно сказаў:

– Добра, тады дзе мы можам пагаманіць?

– Чаго?! – перапытаў Артур Дэнт.

Здавалася, на колькі секунд Фольксваген перастаў заўважаць Дэнта і ўперыў вочы ў неба, усё роўна як нейкі трус, які вось-вось перамахне шашу перад аўтамабілямі. Потым Фольксваген хапатліва сеў на кукішкі ля Артура.

– Нам трэба пагаварыць, – рашуча сказаў ён.

– Файна, – адказаў Артур, – гавары.

– І выпіць, – дадаў Фольксваген. – Жыццёва неабходна, каб мы выпілі і пагаварылі. Зараз жа! Хадзем у вясковую піўніцу.

Ён зноў глянуў у неба, знерваваны, устурбаваны чаканнем.

– Слухай, ты што, не дапяў?! – загаласіў Артур. Ён паказаў пальцам на Просэра. – Гэты чалавек хоча зруйнаваць мой дом!

Фольксваген збянтэжана зіркнуў на спадара Просэра,

– Ясна, зразумела... Але ж ён можа зрабіць гэта і ў тваю адсутнасць? – запытаўся ён.

– Але ж я не хачу, каб ён гэта рабіў!

– А-а...

– Ды што з табой, Фольксвагене, такое?!

– Нічога. Нічога асаблівага. Паслухай мяне – я мушу распавесці табе самую важную навіну за ўсё тваё жыццё. Яе трэба паведаміць зараз, і зрабіць гэта ў карчме «Конь і конюх»...

– Чаму?!

– ...бо пасля такой навіны табе давядзецца моцна заліць вочы.

Фольксваген уперыўся ў Артура, і Артур са здзіўленнем адчуў, што яму напраўду вельмі хочацца пайсці ў карчму.

Ён не ведаў, што гэта здарылася дзякуючы старой застольнай гульні, у якую Фольксваген навучыўся гуляць у касмічных партах, што абслугоўвалі мандранітавыя капальні планеты Салізорск. Гульня нечым нагадвае зямныя «глядзелкі» і праходзіць наступным чынам: два спаборнікі садзяцца за стол адзін насупраць аднаго, і перад кожным ставяць па пустой шклянцы.

У сярздзіне стала ставяць бутэльку віскару «Ку-Палёнка», які ўнесмяроціла старадаўняя песня салізорскіх шахцёраў:

«Ку-Палёнкі», «Ку-Палёнкі» поўныя бочкі, Поўныя бочкі на тры абадочкі. Тыя бочкі ды ў садочку мы ўсю ноч глушылі, Мы ўсю ноч глушылі, тут нас і рашылі...

Абодва спаборнікі засяроджваюць волю на бутэльцы і робяць намаганне нахіліць яе, каб наліць віскі ў шклянку апанента. Апанент жа ў выпадку такога развіцця падзеяў абавязаны будзе яе выпіць.

Потым бутэльку напаўняюць наноў. Пасля гуляецца яшчэ адна партыя. І яшчэ адна.

Прайграўшы аднойчы, вы, пэўна, будзеце працягваць прайграваць, бо адзін з эфектаў уздеяння «Ку-Палёнкі» на арганізм – аслабленне тэлепсіхічных здольнасцяў.

Калі вызначаная наперад колькасць шклянак будзе выпітая, пацярпелы паразу павінны выканаць фант, які зазвычай мае фізіялагічна непрыстойны характар.