Фольксваген Гольф заўсёды гуляў на паразу.
Фольксваген не зводзіў позірку з Артура, які пачаў быў думаць, што, можа, ён сапраўды мае неадольнае жаданне пайсці ў «Конь і конюх».
– Але што будзе з маім домам? – пацікавіўся ён жаллівым галаском.
Фольксваген перавёў позірк на спадара Просэра, і раптам яска азарэння выбліснула ў ягонай галаве.
– Гэты спадар хоча пабурыць твой дом?
– Так, яны хочуць пабудаваць замест яго...
– Але гэтага ён зрабіць не ў стане, бо ты лёг перад бульдозерамі?
– Так, і яшчэ...
– Я перакананы, што мы зможам прыйсці да сякіх-такіх кампрамісаў, – сказаў Фольксваген.
– Выбачайце! – паклікаў ён спадара Просэра.
Спадар Просэр (які цяпер вымушаны быў абмяркоўваць з прадстаўніком бульдазерыстаў, ці не нанёс Артур Дэнт сваімі дзеяннямі шкоды разумоваму здароўю бульдазерыстаў ды колькі ім трэба будзе заплаціць у выпадку, калі факт прычынення шкоды іхняму здароўю пацвердзіцца) азірнуўся.
Ён быў здзіўлены і крышачку ўстурбаваны, убачыўшы, што да Артура далучаюцца людзі.
– Так, слухаю? – азваўся ён. – Ці вярнуўся спадар Дэнт да здаровай развагі?
– А ці можна на момант дапусціць, што не вярнуўся? – перапытаўся Фольксваген.
– Ну і?.. – выдыхнуў спадар Просэр.
– І ці можам мы дапусціць таксама, – працягваў Фольксваген, – што ён застанецца на гэтым месцы да вечара?
– І?..
– І, знакам тым, вашыя людзі ўвесь дзень будуць стаяць наўкола ў поўным бяздзеянні?
– Цалам верагодна, цалкам верагодна...
– Добра. І калі вы можаце ўявіць гэтую карціну, дык тады сам Артур, што ляжыць тут, робіцца вам без патрэбы?
– Чаго-чаго?
– Артур Дэнт тут вам больш не патрэбны, так? – паўтарыў Фольксваген цярпліва.
Спадар Просэр паварушыў мазгамі.
– Так, праўда, не настолькі патрэбны... – вымавіў ён,
– Патрэбы ў ім няма.
Спадар Просэр устрывожыўся. Ён падумаў, што словы аднаго з іх дваіх пазбаўленыя ўсякага сэнсу.
Фольксваген сказаў:
– Дык калі вы прымеце гэта як дадзенае, то ён і я зможам выслізнуць на паўгадзінкі ў карчму. Як вам такі план?
Спадар Просэр падумаў, што план абсалютна касамозгі.
– Талковы такі план, – сказаў ён упэўненым тонам, губляючыся ў здагадках, каго гэта ён хоча ўпэўніць.
– І калі вы пазней самі захочаце перадыхнуць і хуценька адскочыць па справах, – дадаў Фольксваген, – дык мы заўжды, у сваю чаргу, зможам вас прыкрыць.
– Дзякуй вялікі, – сказаў спадар Просэр, які больш не ведаў, як трэба гуляць у гэтую гульню. – Дзякуй вялікі. Ага, гэта вельмі прыемна чуць.
Ён насупіўся, потым усміхнуўся, потым паспрабаваў рабіць і тое, і тое адначасова, заблытаўся, схапіўся за казырок сваёй футровай шапачкі і пачаў сутаргавата круціць яе на макаўцы. З усяго сказанага яму было зразумела адно – ён толькі што перамог.
– Дык вось... – працягваў Фольксваген Гольф. – Ці не былі б вы так ласкавы падысці сюды і легчы...
– Чаго?! – перапытаў спадар Просэр.
– Ой, прашу прабачэння, – сказаў Фольксваген.
– Магчыма, я не да канца ўсё патлумачыў. Бо нехта ж мусіць легчы перад бульдозерам наўзамен. У адваротным выпадку, баюся, не застанецца нічога, што магло б зашкодзіць бульдазерыстам рушыць простай наводкай на дом спадара Дэнта.
– Чаго?! – зноў перапытаў спадар Просэр.
– Усё вельмі проста, – працягваў тлумачыць Фольксваген. – Мой кліент спадар Дэнт сказаў, што спыніць ляжанне ў гэтай гразюцы пры адной-адзінай умове: яго месца зоймеце вы.
– Што ты вярзеш? – спытаў Фольксвагена Артур, але той штурхануў яго ботам, маўляў, памаўчы.
– Вы хочаце, каб я падышоў... – уголас сабе самому пачаў вымаўляць гэтую новую ідэю спадар Просэр, – і лёг у гразюку?
– Так.
– Перад бульдозерамі?
– Так.
– Замест Артура Дэнта?
– Так.
– У гразюку?
– У... як вы выразіліся, гразюку.
Як толькі спадар Просэр уцяміў, што насамрэч пераможаны якраз ён, усё роўна як якісьці цяжар прыбіў ягоныя плечы да зямлі. Суцяшала толькі тое, што цяперашняя сітуацыя больш нагадвала знаёмы яму расклад рэчаў у свеце. Ён уздыхнуў.
– Сесці тут дзеля таго, каб вы са спадаром Дэнтам схадзілі ў карчму?
– Так, вы абсалютна слушна ўсё зразумелі, – адказаў Фольксваген. – Менавіта дзеля гэтага.
Спадар Просэр зрабіў два знерваваныя крокі ўперад і спыніўся:
– Абяцаеце?
– Слова гонару, – паабяцаў Фольксваген. Потым павярнуўся да Артура. – Давай падымайся, – загадаў Фольксваген, – вызвалі для чалавека месца.
Артур падняўся з адчуваннем, што спіць.
Фольксваген кіўнуў спадару Просэру, які, засмучаны, агаломшаны, садзіўся ў гразюку.