Выбрать главу

– Кудой, Зафодзя? – запытаўся Фольксваген.

– Ну, калі так во, наўздагад, дык, пэўна, сюдой, па прыступках уніз, – адказаў Зафод Біблброкс, уцякаючы па прыступках і паварочваючы направа паміж камп’ютарным стэлажом і сценкаю.

Усе пабеглі за ім.

Раптоўна Зафода Біблброкса спыніў стрэл смерцямёту, які, грымотна прашыўшы паветра ля яго, падсмаліў невялікі кавалак найбліжэйшай сценкі.

Нейкі голас сказаў праз гукальнік:

– Та-ак, Біблброксе. Стой дзе стаіш. Ты на прыцэле.

– Паліцыя! – прасіпеў Зафод Біблброкс і пахіліўся мала не да зямлі.

– Можа, Фольксвагене, зараз павядзеш нас ты?

– Добра, сюдой, – сказаў Фольксваген, і ўсе чацвёра прыпусцілі па праходзе між двума шэрагамі камп’ютарных стэлажоў.

У канцы шэрага з’явілася да зубоў узброеная постаць у скафандры, што размахвала злавесным смерцямётам.

– Мы не хочам страляць у цябе, Біблброксе! – закрычала постаць.

– Дык не страляйце! – крыкнуў у адказ Зафод

Біблброкс і даў нырца ў шырокі зазор паміж дзвюма камп’ютарнымі секцыямі.

Астатнія – за ім.

– Іх двое, – паведаміла Трыліян. – Нас узялі ў абцугі.

Яны ўціснуліся ў кут паміж аграмаднымі камп’ютарнымі вінчэстарамі і сценкаю. Сцішылі дыханне і сталі чакаць.

Знянацку паветра выбухнула грымотамі – то абодва паліцыянты адкрылі па чацвёрцы агонь.

– Гэй, яны смаляць па нас, – сказаў Артур, скурчыўшыся ў тугі камяк. – А мне было падалося, яны сказалі, што страляць не хочуць.

– Ага, і мне таксама падалося, што яны гэтак гаварылі, – пагадзіўся Фольксваген.

У самы разгар страляніны Зафод Біблброкс вытыркнуў адну галаву.

– Гэй, вы! Мне падалося, вы сказалі, што вам не хочацца па нас страляць?

І схаваўся зноў.

Усе сталі чакаць.

Праз імгненне нечы голас адказаў:

– Прафесія паліцыянта – не мёд!

– Што ён сказаў? – са здзіўленнем перапытаў Фольксваген.

– Ён сказаў, што быць паліцыянтам – гэта нялёгкі занятак.

– Ну, дык мы што, вінаватыя?

– Сапраўды, мы тут ні пры чым.

Фольксваген закрычаў:

– Гэй, паслухайце! Праз вашу страляніну ў нас і так турбот па горла, а калі б вы не нагружалі нас у даважак яшчэ сваімі псіхалагічнымі праблемамі, дык, думаю, і нам, і вам было б значна прасцей.

Яшчэ адна паўза, і потым зноў пачуўся гукальнік.

– Паслухайце ўважліва, хлопцы! Мы вам не двухбітавыя паўдуркі з нізкім ілбом, свінячымі вочкамі ды языком, які не ходзіць гладка, о не! Мы разумнічкі, якіх вы б адразу палюбілі, калі б сустрэлі на вуліцы без уніформы. Я не з тых, хто будзе без дай прычыны хадзіць і смаляць па людзях, а потым у нейкіх сумнеўных барах для касмічных бадзяг выхваляцца гэтым, як тое робяць некаторыя не вартыя тут узгадкі паліцыянты! Я з тых, хто ходзіць і страляе ў людзей без дай прычыны, аднак потым колькі гадзін запар шчыра рыдае на плячы ў каханай!

– А я пішу раманы! – далучыўся да тырады паплечніка другі паліцыянт. – На вялікі жаль, іх пакуль што не надрукавалі, і таму я папярэджваю вас па-добраму, што я цяпер злы і жахліва засмучаны!

Вочы Фольксвагена акругліліся.

– Гэта хто такія?

– Ліха іх ведае, – адказаў Зафод Біблброкс. – Калі яны толькі стралялі, дык падабаліся больш.

– Дык вы здадзіцеся ціха-мірна ў палон ці мы вас прадзіравім ушчэнт? – зноўку закрычаў адзін з паліцыянтаў.

– А вам як лепей? – таксама крыкам перапытаў Фольксваген.

Праз якое імгненне паветра і зноў стала падсмажвацца – смерцямётныя чэргі сутыкаліся з камп’ютарным модулем, за якім хавалася чацвёрка.

Неверагодна шчыльная страляніна трывала некалькі секунд.

Нават калі яна спынілася, яшчэ колькі секунд у паветры лунала рэха.

– Вы яшчэ там? – выгукнуў адзін з паліцыянтаў.

– Так.

– Нам зусім не падабаецца нашая праца, – крыкнуў другі паліцыянт.

– Можам сабе ўявіць, – адгукнуўся Фольксваген.

– А цяпер паслухай мяне, Біблброксе, і паслухай уважліва!

– 3 якой такой нагоды? – адгукнуўся Зафод Біблброкс.

– А з такой, што заўсёды прыемна паслухаць цікавага і інтэлігентнага суразмоўцу. Дык вось: або вы дадзіце сябе арыштаваць і трошкі патрываць нашы пабоі, ну, зусім крышачку (мы ж заўзятыя праціўнікі празмернага гвалту), або мы разнясем на друзачкі ўсю гэтую планету і яшчэ пару-тройку іншых планет, якія мы прыкмецілі па дарозе сюды!

– Вы з глузду з’ехалі! – загаласіла Трыліян. – Вы гэтага не зробіце!

– Яшчэ як зробім! – адгукнуўся першы паліцыянт. – Зробім жа? – перапытаў ён другога.

– Як рэпу згрызці! – запэўніў яго другі.

– Але на якое ліха?

– Бо на свеце ёсць рэчы, які ты мусіш выконваць, нават калі ты прасунуты паліцыянт-ліберал, які ў даважак добры і датклівы чалавек, што не цураецца спагады да бліжняга свайго!