– Нічым?! – зараўла яна.- Яны што там, зусім пазбыліся чалавечага аблічча?!
– І вось ён я, – ціхім рахманым голасам працягваў Марвін, – стаю тут, у дадатак да ўсяго, з гэтым дзікім шчыменнем дыёдаў у левым баку.
– Пачуваешся ламаччам?
– Абсалютна, – прачула адказаў Марвін.
– Халера-венера, як мяне гэта ўззлавала! – заклекатала махіна. – Зараз хочацца зруйнаваць вось гэтую сценку.
Электраруінізатар яшчэ раз выплюнуў полымя і проста змёў сценку побач з махінай.
– Уяўляеш цяпер, як мне паскудна? – з горыччу прамовіў Марвін.
– Далі драпака і пакінулі цябе аднаго? – усё ляскатала махіна.
– Ага.
– Тады я зараз разбуру таксама гэтую паганую столь!
І махіна пакрышыла столь перахода.
– Уражвае, дальбог... – прамармытаў Марвін.
– А зараз уразіць яшчэ больш! – паабяцала махіна. – Бо я пабуру ў дадатак гэтую падлогу, трасца на яе!
І махіна пабурыла падлогу.
– Халера-венера-а-а! – грымела махіна, пакуль падала пятнаццаць паверхаў і разляталася ў друзачкі далёка ўнізе.
«От дзе дурная махіна», – канстатаваў Марвін і, як заўсёды, прыгнечаны, пацёгся ў сярэдзіну хмарачоса.
Інструкцыя па ўцёках
з планеты Зямля
1. Патэлефануйце ў НАСА. Іх нумар – 8-10-1-202-358-0001. Патлумачце ім, што ваш адлёт – справа вельмі пільная.
2. У выпадку адмовы звяжыцеся з сябрамі ў Белым доме (нумар Белага дома 8-10-1 -202-456-1414). Хай яны закінуць слова за вас хлопцам з НАСА.
З. У выпадку адсутнасці сяброў у Белым доме патэлефануйце ў Крэмль (8-10-7-495-606-36-02). Не тое, каб у іх было шмат сяброў у НАСА, але ў іншых важных месцах яны яшчэ захавалі сякі-такі ўплыў.
4. Калі вам зноў адмовілі, звяжыцеся па кансультацыю з Папам Рымскім. Яго нумар 066982. Код Ватыкана – (+39)
5. Калі ўсе гэтыя аперацыі не спрацоўваюць, проста прагаласуйце лятучым талеркам, што прамінаюць ля нашай планеты, і патлумачце іхнім кіроўцам, што Цяпер, пакуль не прыйшлі рахункі за міжнародныя тэлефанаванні, Пакінуць планету Зямля вам проста неабходна.
Бывайце здаровы
І дзякуй за рыбку,
Дуглас Адамс