Выбрать главу

Спадар Просэр падумаў, што ўсё ягонае жыццё нагадвала сон, і ён часам пытаўся, чый гэта сон і ці хоць мае яго ўладальнік насалоду ад таго сна. Гразь атачыла ягоны азадак, далоні ды прашылася ў боты.

Фольксваген строга зірнуў на спадара Просэра.

– І ніякіх паспешлівых руйнаванняў дамоў у нашую адсутнасць, ясна? – папярэдзіў ён.

– Ды проста думка да галавы прыйшла! – прастагнаў спадар Просэр. – Я ж нават абдумваць яе не пачаў, – працягваў ён, паваліўшыся на спіну, – проста мне падумалася, што такое дзеянне магчымае, і ўсё.

Ён убачыў, як прадстаўнік прафсаюза бульдазерыстаў набліжаецца да яго, і тады спадар Просэр, адкінуўшы галаву назад, заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў упарадкаваць свае аргументы, якія мелі на мэцё давесці, што ўжо ён сам не ўяўляе пагрозы душэўнаму здароўю сябраў прафсаюза. Аднак ён не быў пэўны на гэты конт – яго мозг, здавалася, поўніўся галасамі, тупатам капытоў, дымам і пахам крыві. Гэтак адбывалася шторазу, калі ён пачуваўся ашуканым і яму рабілася шкада сябе. Спадар Просэр ніколі не мог гэтага сабе патлумачыць. У вышэйшых вымярэннях, пра якія мы анічога не ведаем, магутны хан у такіх выпадках раз’юшана рыкаў, а спадар Просэр адно дрыжаў і румзаў. Ён ужо адчуваў кропелькі вадкасці пад сваімі павекамі.

Бюракраты, якія напартачылі са зносам дому, узлаваны чалавек, што лёг у гразюку, няўцямны чужаніца, які ўзвёў на яго дзікі, але да канца не зразумелы праклён, і невядомае войска коннікаў, што смяяліся з яго ў ягонай жа галаве, – ну і дзянёк!

Ну і дзянёк. Фольксваген Гольф ведаў, што Артуравы дом не каштуе цяпер і затычкі ад дзіравай бочкі і што абсалютна няважна, зруйнуюць яго ў хуткім часе ці не.

А вось Артур па-ранейшаму нерваваўся.

– Але ці можам мы яму давяраць? – запытаў ён.

– Як на мяне, дык я б даверыўся гэтаму спадару ажно да канца свету, – сказаў Фольксваген.

– Ну, вядома, – сказаў Артур. – А гэта надоўга?

– Прыкладна на дванаццаць хвілін, – сказаў Фольксваген, – давай, мне трэба выпіць.

2

А вось што Вялікая Галактычная Энцыклапедыя кажа пра алкаголь. «Алкаголь, – пішуць у ёй, – бясколерная лятучая вадкасць, зробленая з броджанага цукру, якая вядомая сваім ап’яняльным уздзеяннем на некаторыя формы жыцця з вугляроднай асновай».

Іншае аўтарытэтнае выданне, «Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» таксама прыгадвае алкаголь. «Найлепшы алкагольны напой у Сусвеце, – паведамляе яна, – гэта «Пангалактычны Мазгатрушч».

Яшчэ «Падарожная кніжка» даводзіць, што эфект уздзеяння «Пангалактычнага Мазгатрушчу» нагадвае ўдар па галаве скрылікам цытрыны, у які загарнулі самавіты злітак золата.

«Падарожная кніжка» таксама падкажа, на якіх планетах мяшаюць найлепшы «Пангалактычны Мазгатрушч», зарыентуе па сярэднегалактычных цэнах за порцыю, а таксама падасць пералік добраахвотных арганізацыяў і санаторных установаў, якія дапамогуць прайсці курс рэабілітацыі пасля яго спажывання.

«Падарожная кніжка» нават падкажа, як можна згатаваць гэты славуты кактэйль самастойна.

Вазьміце змесціва адной пляшкі марсіянскай гарэлкі «Брэзент», – раіць «Падарожная кніжка», – дадайце тудысама адну порцыю марской вады з Сантрагінуі-5.

О, гэтая сантрагінуэзская марская вадзічка, – лірычна адступаюць аўтары «Падарожнай кніжкі». – О, гэтая сантрагінуэзская рыбка!!!

Укіньце тры кубікі арктурыянскіх пладовых мегачарніл, каб яны расплавіліся ў кактэйлі. Мегачарнілы мусяць быць як след замарожаныя, інакш выпарыцца бензін. Дадайце чатыры літры фаліянскага балотнага газу дзеля ўзбагачэння вадкасці бурбалкамі і з мэтаю ўшанавання памяці ўсіх тых адурманеных аўтаспыннікаў, што сканалі ад духмянай асалоды ў балотах Фаліі.

На кончыку срэбнай лыжкі насыпце каліва экстракту паляшускай звышмяты, напоенай усімі тымі п’янкімі водарамі запаветных куткоў планеты Паляшус, што прыўносяць у напой вытанчаную слодыч таямнічасці.

Укіньце тудысама зуб алгольскага сонечнага тыгра. Патрошкі размешваючы, пачакайце, пакуль у глыбінях напою не разбяжыцца назапашаны жар алгольскіх сонцаў.

Шыпучую замфару. І аліўку. Смачна піць!.. але... вельмі, вельмі асцярожна...

«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» піярыць тавары і з’явы значна лепей за «Вялікую Галактычную Энцыклапедыю».

– Тры літры цёмнага піва, калі ласка, – сказаў Фольксваген Гольф бармэну ў «Кані і конюху». – І ў тэмпе вальсу: хутка канец свету.

Бармэн у «Кані» не заслужыў такога абыходжання – гэта быў самавіты дзядок. Ён прыціснуў акуляры да пераносся і заміргаў. Фольксваген абышоў дзядка і ўтаропіўся ў вакно. Тады бармэн перавёў позірк на Артура, які бездапаможна пацепнуў плячыма і прамаўчаў.