Тады бармэн зазначыў:
– О, бач ты! І надвор’е спрыяе гэтаму... – і пачаў наліваць піва.
Ён паспрабаваў ізноў:
– Пойдзеце сёння вечарам на футбол?
Фольксваген скіраваў позірк на бармэна.
– Які сэнс туды хадзіць? – адказаў ён і зноў пачаў перыцца ў вакно.
– Ды што, на вашу думку, усё ўжо вырашана без нас? – працягваў дапытвацца дзядок. – «Арсенал» сёння без шанцаў?
– Ды не, – адказаў Фольксваген, – проста хутка канец свету.
– Як скажаце, спадару, – прамовіў бармэн, паглядаючы гэтым разам праз шклянкі на Артура. – Дарэчы, для «Арсенала» такое развіццё падзей – грандыёзны паратунак.
Фольксваген, які зноўку лыпіў вочы на бармэна, быў шчыра здзіўлены.
– Я б не сказаў, – прамовіў ён і нахмурыўся.
Бармэн цяжка ўздыхнуў:
– Калі ласка, спадару, вашыя тры літры, – сказаў ён.
Артур усміхнуўся бармэну куточкамі вуснаў і зноў паціснуў плячыма. Ён павярнуўся і гэтаксама злёгку ўсміхнуўся іншым наведнікам – на выпадак, калі нехта з прысутных пачуў, што тут казалі.
Аднак ніхто з іх не чуў, і таму ніхто з іх не зразумеў. чаму Артур ім усміхаецца.
Мужчына, які сядзеў поруч з Фольксвагенам за барнай стойкай, зірнуў на абодвух сяброў, аблашчыў позіркам тры літры піва, разразіўся ў думках хуткімі арыфметычнымі падлікамі, атрымаў адказ, які яго яўна задаволіў, – ды ўрэшце ашчэрыўся дурнаватай, поўнай надзеі ўсмешкай.
– Вэк адсюль! – кінуў мужчыне Фольксваген. – Гэта ўсё нам.
Кажучы гэтыя словы, Фольксваген скроіў міну, якая магла нават алгольскага тыгра змусіць адступіцца і пайсці далей па сваіх справах.
Прыпячатаўшы пяціфунтавую купюру да стойкі, Фольксваген дадаў: «Рэшты не трэба!»
– Чаго, з цэлай пяцёркі?! – узрушыўся бармэн. – То дзякуй вам, спадару.
– У вас засталося дзесяць хвілін, каб яе патраціць.
Бармэн палічыў за лепшае на колькі імгненняў адысціся ад стойкі.
– Фольксвагене, – прамовіў Артур, – ці не мог бы ты нарэшце патлумачыць, што, кадук усё бяры, адбываецца?!
– Пі давай, – прамовіў Фольксваген, – табе трэба прыкончыць паўтара літра піва.
– Паўтара літра? – перапытаў Артур. – У такі час?! Яшчэ нават абеду не было...
Чалавек, які сядзеў поруч з Фольксвагенам, зноў вышчарыўся і шчасліва заківаў. Фольксваген зноў абышоў чалавека ўвагай.
-Час – гэта ілюзія, – прамовіў Фольксваген. – А абедзенны час – ілюзія ў квадраце.
– Мудра сказана, – прамовіў Артур. – Табе трэба дасылаць такія выслоўі ў выданні кшталту «Наша піва». Для такіх людзей, як ты, яны трымаюць цэлую паласу.
– Пі давай.
– Але чаму раптам паўтара літра?
– Мускулы разняволяцца, а гэта тое, што табе зараз трэба.
– Мускулы разняволяцца?
– Разняволяцца.
Артур утаропіўся ў свой бакал.
– Можа, я зрабіў сёння нешта не тое? – кінуў ён. – Ці свет заўсёды быў такі, а я быў надта занураны ў сябе, каб гэта заўважаць?
– Добра, я паспрабую растлумачыць, – прамовіў Фольксваген. – Колькі часу мы знаёмыя?
– Колькі знаёмыя? – задумліва перапытаў Артур.
– Ну, гадоў пяць-шэсць. І большасць маіх сустрэчаў з табою, здаецца, мела сякі-такі сэнс...
– Добра, – адказаў Фольксваген, – а як бы ты зрэагаваў, калі б я сказаў, што насамрэч я не з Гілфарда, а з невялікай планеткі з прадмесцяў Бетэльгейзэ?
Артур пацепнуў плячыма, маўляў, «усё можа быць».
– Чорт яго ведае, – дадаў ён, лыкнуўшы піва. – І што, ты часта такое пра сябе распавядеш?
Фольксваген адступіўся. Цяпер, калі надыходзіў канец свету, спрачацца і даводзіць нешта сэнсу не было,
– Пі давай, – толькі паўтарыў ён.
І, сказаўшы гэтак, дадаў, нібыта канстатуючы шырока вядомы факт:
– Хутка канец свету.
Артур надзяліў наведнікаў карчмы яшчэ адной кволай усмешкай.
У адказ на Артураву ўсмешку наведнікі нахмурыліся. Нейкі мужчына пагразіў Артуру, маўляў, спыні ўсміхацца і глядзі лепей у свой куфаль.
– Сёння, напэўна, чацвер, – сказаў Артур, нізка схіляючыся да бакала з півам. – Ніколі не меў чацвярговага бадуна.
3
У гэты адметны чацвер за шмат кіламетраў ад паверхні планеты нешта-нейкае бязгучна рухалася ў іонасферы; некалькі нешта-нейкіх, калі быць дакладным, – колькі тузінаў жоўтых кускаватых плітаграмадзін. Велічэзных, як адміністратыўныя кварталы, маўклівых, як птушыны караван. Аграмадзіны плылі нязмушана: купаючыся ў электрамагнітных промнях зоркі з імем Сонца, чакаючы свайго часу, гуртуючыся, рыхтуючыся.