Планета, што рассцілалася ўнізе, наўрад ці заўважыла іх, бо яны ніяк не выпіналі сваёй прысутнасці. Жоўтыя аграмадзіны непрыкметна праплылі па-над талеркамі станцыі спадарожнікавай сувязі Гунгілі, незаўважна праляцелі па-над радарамі мыса Канаверал, а тэлескопы з астранамічных абсерваторый у Джодрэл Бэнк і касмадрома Вумера глядзелі ўсё роўна як скрозь іх, што досыць крыўдна, паколькі якраз такія аб’екты, як гэтыя аграмадзіны, тэлескопы і выглядалі – вышуквалі ўсе гэтыя гады.
Адзінае прыстасаванне на Зямлі, якое зафіксавала прысутнасць аграмадзін, – маленькі прыборчык, які называецца субэфірны адчувальнік. Лямпачка гэтага прыборчыка пачала бязгучна мігцець. Прыборчык хаваўся ў сярэдзіне скуранога заплечніка, які Фольксваген Гольф зазвычай насіў за спінаю. Змесціва заплечніка было досыць цікавае і любы фізік-зямлянін, пэўна, шчыра вылупіўся б на яго, – вось чаму Фольксваген для прыліку цягаў у заплечніку пару зацвэганых аркушаў са сваімі нібыта падрыхтаванымі да праслухоўвання тэатральнымі ролямі.
Акрамя субэфірнага адчувальніка і аркушаў з ролямі там ляжаў электронны палец – кароткі прыплюснуты пруток чорнага колеру. Гладкі і маціцовы, з парай пляскатых пераключальнікаў і клавішаў на адным з канцоў.
Таксама Фольксваген Гольф меў маленькае прыстасаванне, якое найбольш нагадвала калькулятар першага пакалення. На ім было каля сотні маленькіх клавіш і чатырохдзюймовы экран, на які можна было вывесці любую з мільёна ягоных старонак. Прыстасаванне выглядала страшэнна мудрагеліста, і гэта была адна з прычын, чаму на шчыльна дапасаванай пластыкавай абкладцы красавалася слова
«СПАКУХА!»,
надрукаванае вялікім і прыемным воку шрыфтам.
Гэта была «Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» – самае паспяховае выданне ў гісторыі буйных выдавецтваў Малой Мядзведзіцы. «Падарожную кніжку» зрабілі ў форме камп’ютара з тае прычыны, што калі б яе апублікавалі ў папяровай версіі, дык міжпланетнаму аўтаспынніку спатрэбілася б некалькі шафаў, і кожная – вышынёй з хмарачос, каб захоўваць усю яе інфармацыю і цягаць з сабою.
Пад «Падарожнай кніжкай» у Фольксвагенавым заплечніку ляжала пара шарыкавых асадак, нататнікі вялікі ванны ручнік з крамы «Марк энд Спэнсэр».
«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» мае тое-сёе сказаць на тэму ручнікоў.
«Ручнік, – пішуць у «Падарожнай кніжцы», – адна з самых карысных рэчаў, якую толькі можа прыдбаць міжпланетны аўтаспыннік. Па-першае, ручнік мае практычныя вартасці – вы можаце абматацца ім для цеплыні, мінаючы халодны месяц планеты Джаглан-Бэта. Можаце пасцяліць яго пад сябе на мармуровых пляжах Сантрагінуі-5, каб удыхнуць п’янкія выпарэнні з сантрагінуэзкіх мораў, а таксама захінуцца ім, кладучыся спаць пад голымі зоркамі, якія зіхцяць чырвоным бляскам па-над пустэльнямі Какрафуніі. Нішто вам не замінае выкарыстаць ручнік у якасці плыта, каб паспяхова сплавіцца па рацэ Мот, магутным жэлепадобным струмені, або ў высушаным выглядзе выкарыстаць ручнік падчас рукапашнага бою. Ручнік можна абгарнуць вакол галавы, каб прадухіліць удыханне атрутных газаў або каб пазбегнуць позіркаў Траальскай Жукажабнай Ненажэры, неверагодна тупалобай звяругі, якая мяркуе, што калі вы не бачыце яе, дык, знакам тым, яна сама не можа бачыць вас (аднак надзвычай, надзвычай ненажэрная істота!). У дадатак вы можаце махаць сваім ручніком цягніку на знак трывогі, калі ваша машына захрасла на чыгуначным пераездзе, і, вядома, выцерціся ім, калі зрабілася ясна, што вы дастаткова чысты.
А яшчэ – і гэта самая галоўная вартасць – ручнік мае псіхалагічнае ўздзеянне. Па невядомых прычынах, калі стрэгі (заўвага: «стрэг: асоба, якая не з’яўляецца аўтаспыннікам») бачаць, што аўтаспыннік мае з сабою ручнік, дык яны аўтаматычна робяць выснову, што такі падарожнік таксама валодае зубной шчоткай, губкай, мылам, пачкам печыва, біклагай, компасам, клубком нітак, пшыкалкай супраць камароў, плашчом, скафандрам і г.д. Больш за тое, стрэгі з радасцю пазычаць аўтаспынніку любую з пералічаных вышэй рэчаў і яшчэ тысячу іншых, якія аўтаспыннік мог выпадкова, так бы мовіць, «згубіць». А думкі стрэга пры гэтым будуць такія: «Такі чалавек, які абнікаў Галактыку ўздоўж і ўпоперак, змушаны быў гібець, марнець на Птушыным шляху без выгодаў, які заўзята змагаўся з нечалавечымі наваламі і які ўсё ж прымудрыўся не згубіць свайго ручніка, натуральна варты павагі і даверу».
Ручнік стала ўвайшоў у народную творчасць. Вось, да прыкладу, словы са старажытнай песні аўтаспыннікаў:
«У касмапорт ты мяне на зары праваджала і ручнік вышываны мне на шчасце, на волю дала».