— Тады ваш бацька заплаціў, каб майстар прыбраў з механізму важную дэтальку, і малюнак больш ні для каго не з’яўляўся. Каб аўтамат пры наладжванні мог крэсліць толькі нешта няпэўнае, — працягнуў Лёднік.
— А навошта было дзяліцца таямніцай? — пасміхнулася Пандора. — Бацька гатовы быў і сам аўтамат выкупіць — толькі Вакансон страшэнна ўпарты і дзёрзкі. Ах, слова гонару, рэпутацыя майстра, павінен выканаць заказ кліента — нават пад страхам смерці. Бацька задаволіўся тым, што малюнак быў у нас, а аўтамат сапсаваны. Дзе знаходзіцца скарб, здагадацца было няцяжка: дом, празваны «Агонь і жалеза», пабудаваны над сутарэннямі, дзе калісьці дзейнічала таемная лабараторыя доктара Дзі і адбываліся зборышчы адэптаў-чарнакніжнікаў. Бацька адразу выкупіў гэты будынак. Паверце, абшукалі яго грунтоўна. Але ніякіх сховішчаў адкрыць не ўдалося. Бацька падумваў разабраць усё па каменьчыку… Але пачаліся чарговыя палітычныя мітрэнгі, мы з’ехалі. Бацька памёр… І я вярнулася сюды толькі нядаўна. У таемнае сховішча ў гэтым доме, прызнацца, я больш не верыла. Каб яно было, даўно адшукалі б. Хто ж ведаў, што ў далёкай краіне знойдзецца доктар, які пачыніць аўтамат, расшыфруе малюнак… І з’явіцца сам, каб залезці па скарб.
Лэдзі Кларэнс кінула паблажлівы позірк на Лёдніка і зноў звярнулася да Багінскай.
— Я аддала дом квакерам, бо ён карыстаўся такой дрэннай славай, што маглі падпаліць. А так — святыя людзі, моляцца ўдзень і ўначы. Але і яны пачалі вярзці лухту пра нейкіх прывідаў, доктара Дзі, Урыеля. І я вырашыла халупу гэтую прадаць.
— А чаму вы шукалі тут клейноды? Ягоная мосць пан Геранім Радзівіл марыў пра вогненны меч… Ды і наш доктар прыйшоў да той жа высновы, — папыталася панна Багінская.
Пандора іранічна хмыкнула.
— Для нас тут не было загадкі. Агонь — сімвал нашага радавога герба. Жалеза — прысутнічае ў гербе нашых палітычных праціўнікаў у выглядзе мяча. Перамога агню над жалезам — гэта пацверджанне нашай каралеўскай крыві!
— Чакайце, — вылез Пранціш, — але вогненны меч існаваў! Разрэзаныя латы!
— А пра гэта давайце доктара спытаем…
Лёднік змрочна пакланіўся слухачам і загаварыў павучальна, як на лекцыі.
— Мяркуючы па тым, што мне ўдалося зараз прачытаць у сшытку доктара Дзі, тут прысутнічаюць ажно два вогненныя мячы. Альбо прылады, якія пераламляюць і ўзмацняюць светлавы промень. Канструкцыя, якая так спадабалася пану Агалінскаму — макет прыбора, у якім сонечны промень праходзіць праз сістэму люстэрак і можа падпаліць, ну, скажам, ветразь карабля. У добрае сонечнае надвор’е. Архімед у свой час такое ладзіў. Праўда, рабіць гэтую прыладу трэба футаў сем вышынёй, але жалеза рэзаць усё адно не зможа. Затое ў сшытку намаляваная схема, як, выкарыстоўваючы люстраныя шчыты і скрытыя камеры, падмяняць у гэтым прыборы на вачах уражанай публікі цэлыя прадметы загадзя рассечанымі. Псіхалагічнае ўздзеянне можа быць вялікім.
— А чэрап? — ускрыкнула расчараваная панна Багінская.
— А чэрап, вашамосць, правобраз гэтай машыны. Думаю, доктору Дзі прывезлі яго з Амерыкі, — пан Гервасій адразу кінуў на чэрап зацікаўлены позірк. — Доктар Дзі вывучыў яго ўласцівасці і захацеў скарыстаць прынцып. Пакладзіце яго на роўную паверхню…
Паланэйка паставіла ўпадабаны рарытэт на скрынку для фокусаў. Лёднік зазірнуў у сшытак, зверыўся з намаляванай там схемай і акуратна паднёс запалены ліхтар да крышталёвага «твару»: зараз жа вочы чэрапа зырка запалалі адлюстраваным агнём, як бы з іх вырваліся два промні. Гэта было так страшна, што Паланэйка войкнула, і нават лэдзі Кларэнс уздрыгнула, а тады ляніва папляскала ў ладкі.