Выбрать главу

Ватман здзекліва засмяяўся, і Пранціш схаладнеў, зразумеўшы, што задумаў найміт.

— Не расказала табе чароўная Саламея пра нашу з ёй прыгоду? — насмешнічаў Ватман. — Што ж, у кожнай жанчыны ёсць свае сакрэты. А тут такая жанчына… Ніколі не забыцца мне тае начы! — пан Герман з насалодай прастагнаў. — Я пастараўся навучыць яе хоць чамусьці… Ты ж так і не дапяў, дактарок! Дзе табе… Такую жарсную кабету задаволіць няпроста… А я дужа стараўся!

— Мярзотнік! — Лёднік выхапіў шаблю і ступіў да Ватмана.

Той дастаў сваю зброю.

— Дык што, двубой? На тых умовах, што агучвалі?

— Згодны! — скрозь зубы прагаварыў Лёднік, зняў камзол, скінуў на зямлю, стаў у пазіцыю.

Пранціш адчуў, што яго адпускаюць, і падляцеў да доктара.

— Нашто ты паддаўся? Ён жа спецыяльна цябе расцвельваў! Падумай пра малога!

Лёднік няўважна адсунуў хлапца ўбок — і Пранціш зразумеў, глядзечы на ягонае аблічча, што словы бескарысныя. Для абодвух дуэлянтаў самым важным на свеце цяпер было — забіць ворага. Адразу абаім не было месца на гэтай не такой малой зямлі.

І, як і баяўся Пранціш, ад прадчування выбітнога відовішча вочы ў людзей загарэліся, усе — і найміты Багінскіх, і мужыкі з Карытнікаў, і лясныя браты, і лёкаі з маёнтка — на час нават забыліся на сваю варожасць, падцягнуліся бліжэй, каб лепей бачыць. Доктар — фехтавальшчык выбітны, вунь лёгка стаў чэмпіёнам лонданскага байцоўскага клубу… А Герман Ватман — вядомы на ўсю Еўропу найміт-забойца, якога перакупляюць каралі і князі. Тры гады таму ў полацкіх сутарэннях Пранціш і Лёднік удваіх не маглі з ім справіцца.

Момант, калі лязо сустрэлася з лязом, проста немагчыма было адсачыць. Як бы збліснулі дзве маланкі і адскочылі. Доктар рухаўся лёгка і прутка, кідаўся, як змяя, але і Ватман, падобны да скалы, быў хуткі і плаўны — як вадзяныя цмокі ў глыбінях марскіх… Каб справа была ў Лондане — зараз пачалі б рабіць стаўкі, і нехта разбагацеў бы нечувана.

— Не разумею цябе, доктар, — усміхаўся Ватман, — з чаго б табе заступацца за тую магнатку, што спрыяла зняволенню тваёй жонкі, сілком змусіла цябе ў падарожжа ехаць? Ці за выкармыша радзівілаўскага — ты ж быў рабом ягонага брата, і я бачыў тваю спіну. Што табе да багацеяў, якія цябе скарыстаюць, як трэсачку ў зубах пакалупацца, ды выкінуць грэбліва. Няўжо ты не хочаш іх пакараць? Скажы, куды яны з’ехалі, а потым, як выканаю сваю місію, мы з табой зноў сустрэнемся — і ты пакараеш мяне… Калі вядома, зможаш.

Найміт адбіў цэлую серыя выпадаў Лёдніка нязмушана, як бы ў чыжыка гуляў.

— Я не за іх, я за сябе б’юся, — скрозь зубы прагаварыў Лёднік. — Я аднаго ад усіх гэтых магнатаў ды князькоў хачу — каб пакінулі нас у спакоі! Перасталі гандляваць Бацькаўшчынай! Каб вырашалі свае амбіцыі, як павукі ў слоіку: перагрызіцеся вы там усе і пакіньце нам нашую зямлю!

Герман ледзь не дастаў доктара ў бок… Але ж не дастаў, з прыкрасцю хмыкнуў:

— А ты не заплыў тлушчам, Бутрым. Скачаш, як блыха. А ў спакоі вас не пакінуць — бо калі ёсць зямля, будуць тыя, хто захоча ёю ўладарыць. А пакуль будуць уладары — ім спатрэбяцца такія, як я.

— А вас, наймітаў, забойцаў, мы паганым венікам з Бацькаўшчыны будзем вымятаць! — Лёднік шалёным наступам змусіў Ватмана адысці і нават чыркануў па падбароддзі кончыкам шаблі, але зараз жа сам змушаны быў адступіць.

Кожны ўдар Ватмана быў такой моцы, што стрымаць яго без высілкаў мог хіба той Галіяф, які заваліў пана Гервасія Агалінскага на байцоўскай пляцоўцы ў Лондане. Але доктар трымаўся — за кошт свайго майстэрства ды зваротлівасці, якія ўраўноўвалі недахоп сілы ў параўнанні з белавалосым гігантам.

— Нікуды мы не падзенемся! — выскаляўся Ватман. — Мы будзем прыходзіць і забіраць вашых жанчын, і атрымліваць ва ўзнагароду маёнткі, якія адбяруць у бунтаўнікоў, і вы станеце выхоўваць нашых дзяцей… А вось цікава будзе, калі пані Саламея народзіць ад мяне сына! І ты будзеш яго гадаваць! Папытаўся, дарэчы, ці не цяжарная жоначка — раз ты не змог ёй дзіця зрабіць, магчыма, у мяне атрымалася?

Доктар скрыжаваў зброю з наймітам з такой ятрасцю, што каб той быў слабейшы — паваліўся б, як сухая чараціна. Нейкі час біўся моўчкі, зацята… А потым здушана прамовіў:

— Няхай так… Няхай! У таго дзіцяці будзе і наша кроў. І мы выхаваем яго ў любові да гэтай зямлі, каб ён да апошняга змагаўся за яе з такімі, як ты! Каб ён не даў тваім гаспадарам прадаваць нас за магчымасць атрымаць уладу хоць з чыіх рук!