Выбрать главу

Выправіліся ў дарогу зусім у кепскі час. Не сухім летам і не зімой, калі рэчкі ператвараюцца ў зручныя дарогі, а ўвосень, калі наперадзе самая слата. Вядома, у карэце ўтульна — тым болей, карэта — дармез, у якой могуць раскладацца сядзенні дзеля спання. Але калі да Полацку яшчэ так-сяк даедуць па гасцінцы, то далей праз балаты, пушчы і калюжыны на такой калымажыне не прадзярэшся.

Кіраваліся ў Полацак не выпадкова, хоць гэта значыла некалькі лішніх дзён дарогі. Лічбачкі на малюнку Пандоры былі каардынатамі таемнай пячоры, запісанымі на «янохскай мове», якой доктара Дзі навучыў нетутэйшы Урыель. Вось толькі слоўніка анёльскай мовы пад рукой не было… Той асобнік, што меўся ў Лёдніка, доктар пад гарачую руку спаліў у тым самым каміне, дзе згаралі Пранцішавы вершыкі — каб не засталося спакусы ўвязвацца ў містычныя пошукі. А бліжэйшы цэлы асобнік дужа рэдкага выдання можна было знайсці хіба ў дзядзькі Лейбы, аптэкара з Полацку, які сябраваў з бацькам панны Рэніч, вядомым кніжнікам, і ад яго дастаў на захаванне шмат рэдкасцяў. Таму і рушыла карэта да святой Сафіі на беразе Дзвіны…

Дарога, як ёй заўсёды ўласціва, вымятала з галавы лішнія перажыванні, як сухое лісце са сцежкі. Невядомасць і небяспека… Дзвесце год таму на каралеўскай пошце ад Вільні да Кракава можно было, пры ўсім спрыянні, як сведчыў француз дэ Віжэнэр, даехаць за пяць дзён, а звычайныя падарожныя трацілі найменш два тыдні… Папскі нунцый Луіджы Ліпамана з Варшавы да Вільні дабіраўся дванаццаць дзён ды пісаў у Рым жаласна:

«Бог ведае, якія невыгоды зазналі і я, і мае спадарожнікі, едучы ў самыя суворыя маразы, праз лёд, вецер, узняцце водаў; мы кепска харчаваліся, з цяжкасцю спаталялі смагу, спалі ўвесь час на зямлі, маючы пад сабою толькі шматок сена, дый той знайсці было нялёгка».

Ад таго часу коні не сталі бегаць хутчэй, а дарогі не палепшалі. А калі давядзецца адбівацца ад рабаўнікоў, аб’язджаць паваленыя дрэвы ды ваенныя дзеянні… Пруская вайна ніяк не скончыцца, хоць уся Еўропа ад яе стамілася. Можна было наторкнуцца на якісь вайсковы атрад, які шукаў дэзерціраў, навабранцаў альбо проста марадзёрстваў. А ў неразбярысе, якая панавала, усе ўспрымаліся найперш ворагамі. Магчыма, калі Вырвіч вернецца на радзіму, у яго будуць цалкам прыстойныя шляхецкія вусы.

Рэдкія сустрэчныя хапаліся за шапкі і схіляліся ў пакорлівых паклонах, пакуль карэта з панамі не міне. Цікава, Лёднік неяк распавядаў з горыччу, што ў той Ангельшчыне сустрэчныя прасталюдцы могуць нават пагардліва свіснуць услед карэце, а ў Швейцарыі ветліва памахаць рукой… Пранцысь, шарачковы шляхцюк, які вырас сярод мужыкоў, не мог такой дзёрзкасці з іх боку нават уявіць. Далёка мясцоваму люду, выхаванаму кіямі ды бізунамі, да пастараляў Жан-Жака Русо ды іншых фізіякратаў. Няхай пані Саламея з мужам і ўзяліся падораных ім сялянаў адукоўваць, пераводзіць на аброчную сістэму, ды на месца аканома прытулілі дабрэннага беглага француза, захопленага прагрэсіўнымі ідэямі… А тыя пейзане таўсманнага француза жабай празвалі, панскі поплаў увесь патравілі, а новазбудаваная школка дык і ўвогуле згарэла, як сама па сабе. Вырвіч пагардліва фыркаў: паны самазваныя, хіба мяшчук зразумее, як рады даць вясковай гаспадарцы? Але калі Лёднік прапаноўваў — едзь, знаёнца, ды навядзі парадак, гэтак жа пагардліва адмоўчваўся. Хопіць, накорпаўся ў зямлі ў дзяцінстве.

Пранцысь, якому абрыдзела маўчанне, паціху разглядаў пана Гервасія: з якім чалавекам давядзецца падзяляць у бліжэйшыя месяцы хлеб, соль і смяротную небяспеку? Пакуль зразумела было адно: пан у кіпні купаны, смелы ваяка, аб чым сведчаць шнары на шчацэ і ўпартым ілбе, добры піток, пра што паведамляюць пачырванелыя нос і вочы. Ну а раз, па яго прызнанні, заступаўся перад братам за доктара-халопа, дык не зусім ачарсцвелая ягоная душа. З кішэні пана тырчэў нейкі дзіўны штыр з нанесенай шкалой і некалькімі дроцікамі, які час ад часу пан даставаў і, прыжмурыўшы адно вока, цэліўся ім у неба, потым нешта падкручваў, нешта вылічваў, старанна варушачы вуснамі, і рабіўся ў гэтыя моманты падобным да цікаўнага хлапчука. Злавіўшы позірк студыёзуса, важна патлумачыў: