Выбрать главу

— Астралябія! Купіў у галандскага капітана! Сама паказвае шлях па зорах! Нават да Амерыкі па ёй можна шлях пракласці.

Астралябію Пранціш бачыў у абсерваторыі Віленскай акадэміі — аднак там такія прылады былі ў выглядзе дыска альбо сферы. Доктар адарваў вочы ад кнігі і павучальна патлумачыў з лёгкай насмешкай:

— Прылада васпана даўно састарэла. Гэта лінейная астралябія араба ат-Тусі, маракі даўно карыстаюцца больш сучаснымі, а ў апошнія гады ўвогуле з’явіліся секстаны. Але карыстанню кожнай з такіх прыладаў трэба доўга вучыцца, вашамосць.

Пад канец доктар збіўся на брыдкі ментарскі тон, ад якога ў свой час Пранціш ажно шалеў. Цяпер настала чарга пана Агалінскага, які нават не пачырванеў, а стаўся юлёвым, як бурак. Вырвіч хуценька ўсунуў рэпліку:

— Вашамосць казалі пра Амерыку? Вы былі ў Новай Індыі, альбо збіраецеся?

І вось тут усё выйшла, як масла на патэльню. Таму што пана Агалінскага прарвала: выявілася, што ён з дзяцінства марыў пра экзатычныя вандроўкі, а потым нагледзеўся ў Нясвіжскім палацы, куды патрапіў у якасці пажа яшчэ хлопчыкам, усялякіх заморскіх дзівосаў — залатыя застрашлівыя маскі са сляпымі вачыма, галаўныя ўборы з пёраў, маленечкія птушкі, памерам з матыля… І мара даплысці да зямлі, дзе жывуць чырванаскурыя дзікуны, якія у непралазных нетрах збудавалі гарады з золата і горнага крышталю, дзе расце на дрэвах кава і чакаляда, сталася неадвязнай. Напэўна, таму пан Гервасій і рынуўся ахвотна ў гэтае падарожжа, няхай трохі і не ў Амерыку. Бо на караблях ён плаваў толькі па каналах, пракапаных ля Нясвіжу дзеля рэканструкцыі водных баталій. Пан Гервасій старанна збіраў усе звесткі пра далёкую краіну, скупліваў прадметы, адтуль вывезеныя, і шалберы добра пажывіліся за кошт бравага альбанчыка, прадаўшы яму за шалёныя грошы і посах індыянскага цара, выразаны з тутэйшай ліпы і расквечаны, як пісанка, і іржавую сякеру, якой нібыта жрацы майя забівалі няшчасных цнатлівак, перш чым кінуць іх у бяздонную студню да крыважэрнага боства з невымоўным імем Кецалькаатль… Праўда, пан Гервасій быў ахвочы да казак не толькі з Новай Індыі. Ён запісваў у асаблівы нататнічак з зялёнай скураной вокладкай розныя дзівосныя выпадкі і чуткі.

«Сёння бачыў жабу з чырвонымі шчокамі, якая магла надзімаць іх, так што рабіліся падобнымі на два чырвоныя пухіры. Жаба тая, як мне распавялі, вылупілася з яйка, знесенага чорным пеўнем, і неадменна быў бы гэта цмок, калі б хтось тое яйка панасіў пад пахай».

Пранціш чакаў, што доктар пачне высмейваць забабоннага невука, але ў вачах Баўтрамея нават мільганула павага: прафесар шанаваў людзей, якія цікавяцца нечым па-за звычайным колам быццёвай мітульгі і здольныя на дзівацтвы. А студыёзус вырашыў, што адгэтуль будзе зваць пана Гервасія пра сябе Амерыканцам. Да таго ж, успомнілася, як з такім жа нататнічкам хадзіў сябрук Пранціша па Менскім езуіцкім калегіюме па мянушцы Вараня і таксама запісваў усялякія цуды.

Патроху цямнела, і Амерыканец абвясціў, што начаваць яны будуць на вадзяным млыне, дзе маюцца гасцявыя пакоі і дзе неаднойчы знаходзіў прытулак, калі трэба было пазбягаць лішніх вушэй і вачэй. Гэта куды лепей, чым карчма, тым болей млын знаходзіўся на зямлі, якая належала нябожчыку пану Агалінскаму, а паколькі пан Гервасій стаўся апекуном непаўналетніх пляменнікаў, то ён зараз там і гаспадар… Маёнтак памерлага брата Глінішчы таксама недалёка, але трэба крук рабіць, праз лес перціся… Дый не хочацца лішні раз пра сямейную бяду ўспамінаць. А ў суседняй вёсцы Карытнікі, што таксама належала Агалінскім, пан Гервасій увогуле гадоў дваццаць не быў.

Не сказаць, каб студыёзусу моцна падабалася месца начлегу. Ясная справа, млынар з нячыстай сілай водзіцца, бо калі з вадзянікам у яго не атрымаецца сяброўства, хоць руйнуй той млын. У родным Падняводдзі Пранціш сам бегаў разам з малымі сябрукамі глядзець, як падчас замаразкаў урачыста апускаюць пад вадзяное кола кавалак сала, каб вадзянік не злізваў з таго кола змазку. А часам юны Вырвіч наважваўся крадма лавіць ля млына рыбу, абміраючы ад ганебнага для шляхціца жаху — бо там можна падчапіць на кручок вадзяніка альбо русалку. Яшчэ расказвала Пранцішу нянька Агата, што млынары спецыяльна трымаюць у доме жывёлаў чорнае масці: калі што, у ахвяру прынесці. А магчыма, і не толькі певень альбо кот рабіліся падарункамі для вадзяніка, але й прыпознены падарожнік: заманіць яго млынар ды спіхне ў раку… А што ж, млын усё роўна патрэбны людству — няхай стаіць на дзявятым зярне: дзявятая частка памолу застаецца нячыстай сіле. Адзінае, калі млынар здабудзе траву пад назвай Адамава галава, якая дасць яму ўладу над нячысцікам… Альбо нехта помслівы кіне пад вадзяное кола авечую костку, напоўненую іртуццю, альбо свіны лыч — і канец млыну.