Выбрать главу

Галас пана Агалінскага рабіўся ўсё гучнейшы, надрыўны, больш падобны да плачу:

Выглянула пані з новага пакою, Убачыла пана на вараным коню. «Уцякай, Пятрусю, уцякай, сардэнька, Бо ўжэ пан прыехаў — будзе нам цяжэнька». Узялі Пятруся ды пад белы рукі, Павялі Пятруся на вечны мукі. «Пакажы, Пятрусю, пакажы жупаны, Што падаравала вяльможная пані. Пакажы, Пятрусю, пакажы пярсцені, Што падаравала вяльможна ў пасцелі». Білі Пятруся чатыры гадзіны, Упаўнялі сабе, што Пятрусь няжывы…

Пан Агалінскі перастаў стукаць па сталешніцы, галава яго з прыліплым да лоба потным рудым чубам звесілася, апошнія словы песні прагучэлі амаль шэптам:

Вяльможна ідзе, яго матка хліпе… «Не плач матка, не плач, бо я сама плачу, Я за тваім сынам панства, жыцце трачу…» Ды яшчэ Пятруся ў дол не апусцілі — Па вяльможнай пані званы зазванілі…

Лёднік уткнуўся галавой у складзеныя на стале рукі, нібыта хацеў схавацца. Насупраць у гэткай жа паставе застыў пан Гервасій. У пакоі запанавала маўчанне, як на могілках, напоўненае болем і непапраўнасцю.

— У яе былі такія лёгкія, неслухмяныя валасы… — шаптаў пан Агалінскі, нібыта сам сабе. — Здавалася, у іх жыве ветрык. А калі яна ўсміхалася, верхняя губа так смешна прыўзнімалася… Так безабаронна… Калі б я быў старэйшым братам, яна была б маёй… І ўсміхалася б нашмат, нашмат часцей. Я б асушваў кожную ейную слязінку вуснамі… Ты памятаеш усмешку пані Галены, доктар?

— Я памятаю, як усміхаецца мая Саламея… — шаптаў Лёднік, якога, што прадказальна, разабрала яшчэ мацней, чым суразмоўцу. — Калі яна ўсміхаецца, на яе левай шчацэ ўтвараецца ямінка. А валасы ў яе цёмныя, цяжкія і бліскучыя… Калі прапускаеш іх скрозь пальцы, здаецца, што слізгае шоўк…

— Я ўсё роўна цябе заб’ю… — прамармытаў пан Гервасій.

І абодва канчаткова праваліліся ў п’яное забыццё.

А Пранціш узрадваўся ў душы сваёй, што ніхто са спадарожнікаў не ўспомніў паненку Паланэю Багінскую.

Бо калі яна ўсміхаецца, не па-свецку, а па сапраўднаму, шчыра, яе носік так міла прыўзнімаецца, а ў вачах такія гарэзныя жарынкі… І левы куточак ружовых вуснаў трохі вышэй за правы, і трэба быць сляпым, каб не закахацца за адну гэтую ўсмешку…

І гайдала ўсіх іх, закаханых шчасліва і нешчасліва, ахвяраў і катаў, драўляная «Святая Брыгіта», як кузурак гайдае сухі лісток, што зляцеў на плынь ракі… І біўся ў мокрых ветразях змрочны вецер, і не было ў гэтым часе бяспечнай прыстані.

Вайна, якая скаланала Еўропу ўжо сёмы год, здыхала, як дужы драпежнік, у якога ўсадзілі стрэлы і дзіды, а ён усё яшчэ паўзе, б’е кіпцюрамі, драпае ўсё, да чаго можа дацягнуцца. Пасля таго, як брат прускага караля Генрых Прускі выйграў бойку пры Фрайбергу, з’явіўшы свету «цуд Брадэнбургскага дома», зноў у сэрцах пасялілася трывога… Па дарогах блукалі банды марадзёраў, войскі наймітаў, гатовыя на любыя злачынствы ці подзьвігі, жыццё чалавечае каштавала меней, чым шэлег… Дарога па моры, няхай доўгая, у неспагадную пару, была больш бяспечнай, чым па залітай крывёю сушы.

Калі праходзілі Зунд, спыніліся ў дацкім порце. З’явілася магчымасць выйсці на цвёрдую глебу. Наважылася і панна Паланэя. Яна сціпла трымалася кампаніі доктара і Пранціша, да якіх прыбіўся і карабельны доктар, пузаты, вясёлы і прафесійна цынічны. Лёднік наважыўся на знаёмства з калегам толькі пасля таго, як зменшыў сімптомы марской хваробы з дапамогай радыкальнага сродку ад пана Гервасія і тым пазбавіўся пагрозы стаць пацыентам. Не сказаць, каб зусім было доктару добра — але ж хадзіць, есці ды чытаць лекцыі мог.

Пан Гервасій пайшоў з сябрамі з каманды па мясцовых шынках… Лёднік запатрабаваў наведаць кунсткамеру. У кунсткамеры аказалася мадэль паравой машыны. І два дактары плюс адзін доктар недавучаны дзве гадзіны абмяркоўвалі мудрагелісты механізм і ягоныя перспектывы. Пан Палоній Бжастоўскі толькі закапыліў нос і заявіў, што пры двары ягонага старэйшага брата ёсць вынаходнік, які пабудаваў куды больш дасканалую машыну. Праўда, пра зладжанне гэтай машыны паніч нічога патлумачыць не мог. Таму нудзіўся і рваўся да ювелірных крамаў. І ўсё было б міла, калі б Пранціш не заўважыў злыя позіркі, якімі па вяртанні праводзілі матросы са «Святой Брыгіты» юнага пана Бжастоўскага, ды яшчэ перашэптваліся пры гэтым.

Сваімі назіраннямі студыёзус, аднак, дзяліцца ні з кім не стаў — мала што… А потым давялося яшчэ дапамагаць валачы на карабель у дупу п’янога пана Гервасія, які ўмудрыўся ў шынку ўчыніць бойку з партугальскімі мараходамі і атрымаў чарговы жывапісны ліхтар пад вока і нажавы парэз вуха — яшчэ крыху, і нёс бы яго пан у кішэні.