Укладваў людзей Лёднік, аднак, акуратна, з дасканалым веданнем анатоміі, каб не пакалечыць зусім. Але кроў лілася, і публіка была задаволеная. Сам прафесар дадаў да калекцыі шнараў пару драпін.
Стос грошай за пазухай Пранціша ўсё рос, і студыёзус нервова прыціскаў яго да сябе левай рукой.
— Ну што, тысяча ёсць? — прахрыпеў Лёднік пасля чарговай схваткі, падчас якой спрытны, як яшчарка, супернік ледзь са злосці насуперак усякім правілам не ўсадзіў доктару ў бок схаваны ў поясе нож.
— Усяго двух соцень не хапае.
— Тады трэба заканчваць.
Доктар пайшоў да распарадчыка на перамовы… І тут здарылася бяда. Адзін з пераможаных супернікаў, якога Лёднік, шкадуючы, толькі аглушыў плазам шаблі, чарнявы, з прыплюснутай злоснай фізіяноміяй, падскочыў да свайго пераможцы са спіны з аголеным палашом.
— Бутрым!
Лёднік ледзь паспеў азірнуцца і сустрэць лязо лязом… А на яго населі яшчэ некалькі, відаць з той жа банды. Замільгалі нажы… Пранціш дапамог доктару са сваёй шабляй, імгненна стаўшы спіна да спіны, не дарэмна натрэніраваны… Пан Агалінскі выкруціў руку з нажом аднаму з падлюкаў і прыклаў кулаком у лоб. Умяшаўся яшчэ той-сёй з публікі. Абурана закрычалі і ў ложы, асабліва патрабаваў навесці парадак лорд Кавендзіш, які, падобна, трохі ачуняў ад удару ў сківіцу. Парушальнікаў правіл з ганьбай вытурылі… Усё скончылася за пару хвіляў. Але прафесар стаяў, заціскаючы рукой глыбокі парэз на левым перадплеччы. Крыкнуў злосна распарадчыку, здаецца, што з кола не выходзіць, біцца працягне, той радасна заківаў.
Прафесар без цырымоній усеўся на падлогу, усё гэтак жа заціскаючы рукой рану, з-пад пальцаў лілася кроў, і загадаў Пранцішу:
— Зашывай!
Да параненага тут жа падбеглі мясцовыя лекары са сваім інструментарыем, але ліцвінскі калега выразна паслаў іх на чысцюткай латыні зашываць дзюбы таўэрскім крумкачам.
Паланэйка дапамагла Вырвічу дастаць з валізкі падрыхтаваныя Лёднікам інструменты.
— Голку і нітку ў спірце патрымай! — камандаваў Лёднік.
— Ведаю, не дылетант! — адрывіста адказаў Пранціш, цалкам засяроджваючыся на «медычнай практыцы».
Публіка шчыра радавалася, намагаючыся прысунуцца як мага бліжэй, паназіраць за аперацыяй. Зусім як у касцёле ў Тамашова. Лэдзі і джэнтльмены ў ложы падносілі да вачэй акуляры на доўгіх ручках, выцягвалі шыі, каб лепш разгледзець працэс. Пан Гервасій некалькі разоў адсоўваў падалей цікаўнікаў, якія былі гатовыя носам у чужую рану дзюбнуцца, як сцярвятнікі. Адзінае, што мог прафесар — захоўваць гранічна пагардлівы выраз аблічча.
Вырвіч з дапамогай Паланэі, якая нат не паморшчылася ні разу, справіўся даволі хутка, аж заганарыўся, шчыльна перавязаў рану. Лёднік узняўся, пакруціў рукой, правяраючы:
— Нармальна!
Кіраўнік зараз жа абвесціў аб працягу відовішча, дакладней, ягонай апошняй і самай цікавай часткі. Містэр Айсман, які прадэманстраваў выдатнае валоданне зброяй, выклікае на бойку адразу дваіх. Прыз — пяцьсот фунтаў.
Лёднік стаяў у падманліва абыякавай паставе, апусціўшы галаву, у абодвух руках па шаблі. Гледачы перашэптваліся, перазіраліся. Падобна, містэр Айсман нагнаў на ўсіх страху. Нарэшце ў круг выйшлі двое: чарнявы ірландзец з абсечаным вухам і матрос каралеўскага флоту, з перабітым носам і залысінамі, на спіне якога красаваліся шнары ад удараў не менш, чым у Лёдніка. Да варажбіткі не хадзі — байцы спрактыкаваныя. Гледачы зараз жа пачалі рабіць стаўкі.
Ірландзец пастараўся заняць пазіцыю насупраць параненай рукі суперніка. Пранціш моцна сумняваўся, што гэта яму дапаможа. Аднак небяспека заставалася — прафесар стамлёны, паранены, вакол поўна тых, хто можа і нажом у спіну пырнуць, і падножку падставіць.
Але калі распарадчык выгукнуў «Гоў!», Вырвічу зноў прыйшло на думку параўнанне з чорнай змяюкай. Лёднік вырашыў учыніць для ангельцаў на развітанне відовішча і не спяшаўся завяршаць бойку, быццам хацеў давесці ненавіснікам, што атрыманая рана яго не зламала. Ягоныя рухі нагадвалі імклівы складаны танец, які заварожваў, як танец гадзюкаў, шаблі мільгалі, як маланкі. Першым з бойкі вылецеў ірландзец — Лёднік метадычна параніў яму абедзьве рукі. Амаль зараз жа бразнула на каменныя пліты шабля марака, а яе ўладальнік укленчыў, аслеплены крывёй, што цякла з неглыбокай раны на ілбе, і страшэнна лаяўся.
Доктар урачыста пакланіўся, атрымаў грошы, адмовіўся: распачаць палкае сяброўства з прыхільнікамі — скарыстацца з інтымных паслугаў захопленых дзявіцаў — адсёрбнуць з бутэлькі — прагуляць частку выйграных грошай у выдатным прытончыку, і кінуў кампаньёнам, апранаючыся на хаду: