Выбрать главу

Дзесьці на ратушы гадзіннік прабіў полудзень. Нічога сабе заспаўся студыёзус! У прафесарскім доме зараз жа азваўся напольны гадзіннік з чорнага дрэва, які стаяў у сталоўні — прыстойны строгі гадзіннік без усялякіх упрыгажэнняў ды забавак, без штучных салавейкаў, нетутэйшых краявідаў у эмаляваным вакенцы, танцуючых фігурак. Гэты гадзіннік, як і гаспадар, быў строгі і ўпарты: дванаццаць гадзінаў полудня — і ўсё, маеце навуковы факт.

Але, як і гаспадар, ён хаваў у сабе шмат таямніцаў — бо час таямніца найвялікшая, ідэя, субстанцыя, пустэча, інтэнцыя, уяўная велічыня, лік руху і рух вечнасці, тое Нешта, якое нельга ўсвядоміць, але страшэнна хочацца закілзаць. Прынамсі, Пранцішу вельмі хацелася трошкі абагнаць яго ды зазірнуць у тую светлую будучыню, дзе ён, з гетманскай булавою ў адной руцэ, другой рукой абдымае чароўную паненку Паланэю Багінскую ў сляпуча-белай сукенцы, расшытай сапраўднымі дыяментамі! І глядзіць Паланея на яго так, як… як пані Саламея на дзюбаносага пахмурага Лёдніка, калі той не бачыць.

Пранцысь не перастаў уяўляць свае будучыя подзвігі, нават калі за стол усеўся, ад салодкіх карцінаў ледзь лыжку ў крупнік не ўпусціў, чаму і злавіў строгі позірк Лёдніка з другога канца стала. Эх, дзе тыя часы, калі слаўны шляхціц Вырвіч мог свайго бяспраўнага слугу Лёдніка, што аддаў сябе ў пажыццёвае рабства за даўгі, адным поглядам змусіць маўчаць, меў права яго на калені паставіць і нават галаву бязродную за абразу адсячы… Не тое каб Пранціш жадаў для свайго настаўніка рабскае долі, але захаваць трохі ўлады над гэтым Фаўстам не пашкодзіла б.

Вырвіч тужліва ўтаропіўся на карціну ў цяжкой пазалачонай рамцы, якая ўпрыгожвала сталоўню: на ёй шаноўны філосаф Арыстоцель, худы старэча з доўгімі сівымі кудзерамі і барадой, паважна прыклаўшы руку да ілба, займаўся мудраваннем на фоне мармуровых калонаў, абвітых вінаградам і ўюнкамі. Карціну Лёдніку падарыў адзін з пацыентаў, малявальшчык, выпісаны з Італіі дзеля роспісаў у касцёле. Доктар спрытна ўправіў худзенькаму, калматаму, як чорны баранчык, італійцу на месца локцевы сустаў, пашкоджаны падчас падзення з рыштаванняў, заадно падлячыў ягоныя хворыя лёгкія. І вось вам — Арыстоцель… Калі прыгледзецца, дык старажытны грэк меў пэўнае падабенства з прафесарам. Прынамсі, у старасці апошні мог бы выглядаць неяк так… Пранціш ледзь стрымаў смех, уявіўшы Лёдніка з даўжэзнай сівой барадой, у сандалях і белым прасцірадле…

— Рубцы з анісам, як ты любіш, — прамовіла гаспадыня да прафесара, асцярожна ставячы на стол цяжкую місу. Пах быў такі спакусны, што Пранціш, які, сядаючы за стол, быў упэўнены, што пару лыжак крупніка — гэта ўсё, што можа гэтым ранкам прыняць ягоны няшчасны страўнік, мімаволі аблізнуўся.

Але не лёс быў студыёзузу атрымаць насалоду ад смакоцця, падрыхтаванага Саламеяй Лёднік. На вуліцы адчайна забрахаў руды Піфагор, у браму настойліва пастукалі, пачуўся тонкі спалоханы голас Хвелькі…

Госць у дом — Бог у дом, як сцвярджаюць захавальнікі сармацкіх звычаяў… Але ўсе захавальнікі часам памыляюцца. На гэты раз гасцей было двое, але дужа небяспечныя. Абодва апранутыя ў мундзір банды альбанцаў — асаблівага войска, якое Пане Каханку яшчэ юнаком стварыў у сваім маёнтку ля Нясвіжа, урачыста называным Альба. У банду адбіраліся самыя адчайныя, дужыя, і да канца адданыя свайму пану. Канцлерам у іх быў у свой час нядобрай памяці Міхал Валадковіч, расстраляны два гады таму ў Менскай ратушы за асаблівыя буянствы — па ягонае смерці князь гараваў нечувана, казалі, ён нават прывід Валадковіча штоноч бачыць.

На абодвух плячыстых вусатых гасцях былі жупаны з блакітнага атласу, саетавыя кунтушы саламянага колеру, срэбныя паясы, жоўтыя саф’янавыя боты, чырвоныя шаравары ды блакітныя шапкі з аколышам з крымскай мярлушкі. Гузікі блішчэлі дыяментавымі літарамі — ініцыяламі Караля Радзівіла.

— Перапрашаем ягамосця пана гаспадара за раптоўнасць нашага візіту, але няхай ягоная мосць пан Лёднік літасціва даруе забітым горам рыцарам, што страцілі свайго яснавяльможнага правадыра…

Альбанчык з чорнымі акуратнымі вусікамі і пранізлівымі вузкімі зялёнымі вачыма, які прадставіўся як пан Дамінік Богуш, найбліжэйшы сябра шаноўнага пана Караля Радзівіла, гаварыў велягурыстыя жаласныя словы па ўсіх правілах этыкету. Пранціш са здзіўленнем адзначыў, што абодва шляхцюкі былі амаль цвярозымі, іх твары не спухлі ад рыданняў ды перапою. А пільны позірк чарнавусага дык і зусім не падабаўся. Пранціш паціху-паціху пасунуўся да сцяны, дзе ў спецыяльных падстаўках драмалі шаблі, шпагі ды палашы. Лёднік не збіраўся закідваць высакароднае майстэрства фехтавання, і ў доме, хоць і невялікім, акрым кабінета ды лабараторыі, быў вылучаны адмысловы пакой дзеля муштры, і калекцыя зброі папаўнялася рэгулярна.

Між тым пан Богуш адгаварыў, як у скрыпку граў, належную і нават з каптуром порцыю выбачэнняў-зычэнняў і перайшоў да справы. Паводле ягоных словаў, ягамосць Пане Каханку дзеля найлепшага захавання памяці бацькі гатовы за любую суму выкупіць тую васковую ляльку, якую Міхал Казімір Радзівіл на смяротным ложы завяшчаў доктару Лёдніку.

Гучэлі рулады наконт вечнай сыноўняй памяці, але Пранціш, які сам прыродную здольнасць меў зацярушваць вочы і прыгожа сцяліць языком, нават патыліцай адчуваў нейкае шалберства.

— А ці нельга было б нам, вельмішаноўныя паны, асабіста сустрэцца з ягонай мосцю князем, каб выказаць сваё спачуванне і дамовіцца наконт найлепшага выканання тэстаменту вялікага гетмана? — ветліва спытаўся Вырвіч. Злыя жарынкі, што на імгненне загарэліся ў вачах пана Богуша, сказалі шмат аб чым. Пан запэўніў, што напружваць ягоную мосць князя нейкімі клопатамі непачціва.

— Ну вось і пачакаем, пане-браце, пакуль законнае гора яснавяльможнага князя не ўвойдзе ў берагі. Бо наўрад ён зараз той лялькай займацца стане.

Госць ледзь зубы не сцёр ад злосці. Потым папытаўся з уяўнай абыякавасцю, ці працуе закладзены ў ляльцы механізм. І, пачуўшы, што ён сапсаваны, ажно з твару змяніўся. А ягоны таварыш, сіваваты і даўганосы, не пасаромеўся і пагразіцца… Вочы Лёдніка запалалі чорным агнём.

— Вялікі гетман аказаў мне гонар сваім апошнім падарункам. Я буду свята берагчы яго і не аддам ні за якія грошы, нат калі апошнюю кашулю давядзецца закласці. Такая была воля ягонай мосці Міхала Казіміра Радзівіла, а ягонае воля для мяне важлівей за жаданне ўсіх іншых вельміпаважаных паноў!

Пан Богуш не жадаў, падобна, даводзіць справу да двубою. Ён супакоіў таварыша, у якога ўжо вочы пачалі крывёю налівацца, і пачціва развітаўся… Але ясней яснага даў зразумець: не адступіцца. Пандору давядзецца аддаць.

Калі на вуліцы сціхнуў брэх раззлаванага Піфагора, Саламея засмучана ўздыхнула.

— Казала я вам, нядобрая гэта лялька.

Лёднік маўчаў, і ў гэтым маўчанні была навальніца, потым ганарыста ўскінуў галаву, імкліва падыйшоў да сцяны са зброяй і рашуча ўзяў сваю шаблю, турэцкай работы, з простым дзяржальнам, упрыгожаным толькі строгай срэбнай чаканкай, таксама калісьці падораную вялікім гетманам.

— Вырвіч, рушылі ў акадэмію! Я не дазволю ўсялякім фанфаронам адбіраць у мяне з пад носу цікавы навуковы прэцэдэнт!

— Фаўст, ачомайся! — схапіла мужа за рукаў Саламея. — Аддай ім ляльку і забудзься! Зноў хочаш уваліцца ў непрыемнасці ажно па шыю?

Але вочы прафесара гарэлі ўпартым халодным агонём, добра знаёмым Вырвічу. Калі Лёднік так у нешта ўпіраўся, яго можна было забіць, але не адгаварыць. Прафесар, як чорны віхор, прайшоў у вітальню, моўчкі ўдзеў капялюш, захінуўся ў плашч і нат не азірнуўся на жонку, якая ў адчаі глядзела, прыкусіўшы губу, яму ўслед.

Пранціш ледзь паспяваў за доктарам, які рассякаў паветра, як пірацкі карабель. Мінакі давалі яму дарогу, баязліва касавурачыся, і нехта, мабыць, і жагнаўся ўслед. Першыя сухія лісты падалі на брукаванку, нібыта аб чымсьці папярэджвалі — вядома, аб сумным: смерць, тло, непазбежны пераход з надзейнай галінкі да халоднай глебы, прыкрашаны некалькімі імгненнямі вольнага палёту…