Выбрать главу

— Калі не пасадзяць, то з'ядуць.

Хаця пра «бульбу» ведалі ўсе, рогат быў як упершыню пачулі, ды і намёк зразумелі — Карабкоў яшчэ не вярнуўся.

Міхалап дастаў з кішэні пачак «Прымы», і да яго пацягнулася адразу некалькі рук. Усе папыталіся, дзе дастаў, бо ў краму апошнім часам такіх не прывозілі.

— З Амерыкі прыслалі, — адказаў Косцік, вытрэсваючы цыгарэты па адной — частаваў.

— Хіба што з Амерыкі, бо ў нас пуста. Казаў Сашык, магазіншчык, што нейкія там фонды згарэлі...

— Усё гарыць: лес, фонды, людзі...

Курылі, гаварылі, шызы дымок падымаўся да столі, там завісаў. Колькі разоў на мужчын сварылася бухгалтар Алена Юніцкая, але мужчыны не слухаліся, капцілі штораніцы столь — хоць сякеру вешай пасля іх парады.

— А ў цябе што новага, Міхал? — павярнуўся Міхалап да сябра, адзначыў пра сябе, што той за апошні час змяніўся — пад вачмі пазначыліся ліловыя кругі — месяц адляжаў у бальніцы: застудзіў недзе ныркі, урачы лячылі піеланефрыт.

— Ды так сабе, — і шапнуў на вуха: — Ласі ў маім абходзе аб'явіліся.

— То мае, пэўна, перабеглі да цябе — на мяне засердзіліся.

— Мо і твае. Ды вось бяда — збіраюцца і ад мяне ўцячы.

— Куды?

— На шашлыкі начальству. Дачуўся я, што Жамойда хоча туды з вобласці вялікіх чыноў завезці. Дарогу сабе мосціць на будучае.

Казімір павярнуўся, пад ім рыпнула крэсла.

— Ты што ерунду гародзіш? Няма аб што языкі пачасаць.

— Ерунду? — перапытаў з'едліва Клімаш, зірнуўшы на яго паверх галоў леснікоў. — Ды чулі, як ты запрашаў на ласяціну. Толькі ты гаварыў пра свежыну. А свежыной у цябе і не пахне. Ты і дзень прызначыў канкрэтны — наступны аўторак. Ці, можа, я няпраўду кажу?

— Ты не пра тое пачуў, — адказаў неўпапад Жамойда, у яго перасмыкнуўся твар — зачапілі за жывое. — Вушы мыць трэба.

— Табе дык даўно пара прамыць. І не толькі вушы. Бо як ад удода за вярсту чуваць.

Леснікі рагатнулі, падтрымалі Клімаша, гэтаксама не любілі Жамойду. Ніхто з леснікоў з ім не вадзіў дружбу.

— Ну, вы, — умяшаўся Рыгор Пятровіч, адчуваючы, што наспявала сварка, — счапіліся ўжо. Як дзеці малыя, яй-бо, якіх нельга адных пакінуць дома. Што вы не падзялілі?

— А нам і дзяліць няма чаго, Рыгор Пятровіч. Толькі ласёў яму тых не бачыць, як сваіх нямытых вушэй, — апошнія два словы ён знарок падкрэсліў, націск на іх зрабіў.

— Н-ну, толькі без слоў, — нахмурыўся Лукашэвіч.

— А гэта не мае, а яго словы. І многа на сябе хай не бярэ.

Леснікі адчулі, што памочніку ляснічага не па душы такая размова, не любіў ён сварак, ды і чалавек ён быў помслівы. А за Жамойду, адчувалася, ён стаяў гарой.

— Ну, хопіць, а ты, гэта самае, таксама словы падбірай, — папракнуў Рыгор Пятровіч і Жамойду. — А цяпер пачнём пра справы.

Лукашэвіч падняўся з-за стала, у яго на лоб спадала пасма валасоў, і ён раз за разам папраўляў яе, прыгладжваў. Ён, калі выступаў ці гаварыў з людзьмі, мітусіўся — і ў рухах, і ў словах. Скажа пачатак нейкай думкі, і ў гэты ж час успомніць нешта, усуне рукі ў кішэню і да конюха падасца, нечакана ў яго спытае, ці хапае коням аўса. Потым зноў вернецца, дагаворыць пачатае — бы і не адлучаўся.

Напачатку леснікі не маглі зразумець, як з ім гаварыць, як слухаць, што ўспрымаць усур'ёз, а на што і не звяртаць увагі. Не скора зразумелі...

— Дык вось я пра што хачу сказаць, — кашлянуў Лукашэвіч, паправіў прычоску і паглядзеў у столь, быццам чытаў там напісанае. — Па-ранейшаму кепска ў нас працуюць бензапілы. Ніводная не дацягвае да выпрацоўкі нормы. Міхась Капыткоў і Іван Хіял, чаму так?

— А ланцугі добрыя калі нам выдадуць? — ускочыў Хіял з месца. — Абяцанні ўсё. Вы спачатку забяспечце, а потым патрабуйце.

— Ну-ну, — пакрывіўся Рыгор Пятровіч, — таму мы і адстаём па механізаванай тралёўцы лесу, падводзім лясгас па прарэджванні, прахадных высечках, санітарных...

«Канечне, тут адстанеш, калі няма чым працаваць,— падумаў Міхалап. — Карабкоў неяк жа даставаў — і запчасткі для бензапіл, спецвопратку для леснікоў. А ў гэтага адзін план у галаве. А выгляд робіць, што стараецца...»

— Але я не сказаў бы, што справы ў нас ідуць кепска, — павысіў голас Рыгор Пятровіч, пачасаў кончык носа, ужо больш упэўнена паглядзеў на рабочых і леснікоў. — Хачу сказаць, што аб'ём драўніны, якую мы нарыхтоўваем, на высечках узрос.

«Во чэша, як па кніжцы чытае», — адзначыў Міхалап.

Што псавала Косціку заўжды настрой, дык гэта тое, што ў высечку адводзіліся пасадкі, якія і не трэба было высякаць. А было, што прызначаліся паўторныя высечкі — без асаблівай патрэбы. Бацька некалі папярэджваў Карабкова, і ён не дапускаў такога глумлення.