— Мы павінны ўлічыць памылкі мінулых гадоў, — заключыў Лукашэвіч, усунуўшы правую руку ў кішэню, другую ўпёр у стол, — каб выйсці з прарыву, мы павінны павысіць прадукцыйнасць працы. Як сказаў на апошнім пленуме Генеральны сакратар партыі таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, прадукцыйнасць працы сёння — галоўны фактар. Да нас праз месяц-два павінна прыехаць камісія з абласнога ўпраўлення лясной гаспадаркі, каб паглядзець, як у нас вядуцца высечкі, які парадак у лясах. Цікавіцца нашай работай і навуковадаследчы інстытут. Мы даўно павінны займацца лесаўпарадкаваннем, а вось многія леснікі нічога не робяць у гэтым кірунку...
— Цяпер-то ён знойдзе вінаватых, — шапнуў Міхалап.
— Мяне дык першага.
Ляснічы як усё роўна пачуў іх размову, паглядзеў на Міхалапа.
— Канстанцін Мінавіч, вам смешна, а скажыце, колькі шпакоўняў вы зрабілі і павесілі ў лесе?
Міхалап устаў, паглядзеў здзіўлена на Лукашэвіча, паціснуў недаўменна плячыма:
— А я і не збіраюся іх рабіць.
У Лукашэвіча правае брыво рэзка падскочыла ўверх, рука зноў памкнулася да галавы, пяцярнёю прыгладзіў валасы:
— Гэта ж чаму, цікава ведаць?
— Рыгор Пятровіч, з нас жа тыя дзятлы смяяцца будуць, што ў іх работу адымаем. У лесе столькі дуплаў, што хопіць на ўсіх птушак. Справа іншая, што птушак усё меней у лясах. Гінуць ад той жа хіміі, ад меліярацыі, у іншыя лясы перабіраюцца.
— Ты мне жартачкамі не адмахвайся, — пасур'ёзнеў Лукашэвіч, грозна глядзеў на лесніка, — тут справа дзяржаўнай важнасці. Ёсць указанні. Вунь у Жамойды люба глянуць у лесе — і шпакоўні вісяць, і плакаты на дарогах развешаны, і мурашнікі агароджаны...
— Я думаю, што лесу так патрэбны тыя шпакоўні, як Жамойдзе грабянец.
Леснікі зноў зарагаталі. Жамойда скрыгатнуў зубамі.
— Паказуха то ўсё, Рыгор Пятровіч, а не дзяржаўная важнасць. Смехатура. Жамойдзе загадайце, дык ён усе хвоі перафарбуе ў белы колер — і бярозы будуць. Для начальства ён стараецца і для сябе. Але толькі не для лесу.
Леснікі ажывіліся — Косціка панесла. Яго ўжо цягнуў Міхал за крысо фуфайкі, таксама смеючыся, як і ўсе, казаў:
— Сядай, хай яны самі разбіраюцца.
Але Косціка не так ужо лёгка было спыніць, ён упёрся і не слухаў Міхала, а мо і не чуў, як той тузаў яго. На Міхалапа спадылба глядзеў Казімір, цярпліва маўчаў, не ўступаў у спрэчку.
— Ты і лапкі не хочаш здаваць хвойныя, — кінуў галоўны козыр памочнік ляснічага, — а Жамойда даў аж два планы.
— А хоць і дзесяць. Толку-то ніякага.
— Як гэта ніякага? — Рыгор Пятровіч пачаў ужо злавацца — рука да галавы падымалася, то нырала ў кішэню, не рады ўжо быў, што зачапіў лесніка.
— Так, аніякага. Па-першае, глумім лес. Хвоі пасля нашага варварства не скора паправяцца і пойдуць у рост. — Міхалап гаварыў занепакоена, толькі кашлянуў раз-другі — перасыхала ў горле. — Па-другое, ну няхай трэба хвойная мука. Але ж галінкі трэба адразу і перапрацоўваць, як прывязём з лесу. А так што налучаецца? — Косцік паглядзеў на Лукашэвіча, а пытаўся ва ўсіх, хто сядзеў у пакойчыку. — Суткі, двое, а то і больш ляжаць яны пад плотам. А тое АВМ не спраўляецца — дзень робіць, а тры прастойвае. Мы ж, хлопчыкі, лес губім, і ніхто нам не просціць гэтага.
Было чуваць, як у грубцы гудзела полымя — бухгалтарка штораніцы тапіла, падмяняла сваю маці.
— Ты што, супраць дзяржаўнага плана? — гневаўся ўжо Лукашэвіч, недаўменна паглядаў на ўсіх, як бы клікаў іх у сведкі.
— Кіньце вы, Пятровіч, громкімі словамі кідацца. Я не супраць плана, — аціхаў Міхалап, як быццам зразумеўшы, што перабраў лішку ў спрэчцы. — Але я супраць таго, што і мука з тых лапак ужо не мука, а адна труха. На прачыстках мы можам смела браць, я не спрачаюся, а калі сячэм з-за гэтага здаровую дзеравіну — тут ужо непарадак, дыверсіяй пахне...
— Ну і загнуў, — зморшчыўся Лукашэвіч.
— Правільна кажа Міхалап, — падтрымаў нечакана Васіль Макравец, які баяўся і слова сказаць супраць памочніка ляснічага, за спінамі заўсёды адседжваўся.— Мука мукой, а лес глуміць нельга.
Загулі і астатнія. Міхал кінуў слова, Хіял паціснуў плячыма. Падзадорыў Міхалап леснікоў, і як прарвала што, рукамі замахалі, кожны хацеў выказацца.
— Добра, Міхалап, сядай. Я даўно ведаў, што ты вялікі дэмагог, але што такі — не падазраваў.
— А ён праўду сказаў, Рыгор Пятровіч, — дастаў Клімаш капшук з самасадам.
— Дык жа план, разумееце, пла-ан.
— От і мы кажам, што план. А лесу тое да лямпачкі.
За акном пачынала шарэць. У сінім мроіве праступалі яблыневыя галіны, упіраліся ў акно. Поўз ад цыгарэт дым, а калі пачаў курыць і Клімаш, Косцік закашляўся: