Выбрать главу

— Ну і табак у цябе, з ног саб'е.

— Алена дасць яму прачухацца.

— І дам, — азвалася бухгалтарка — да гэтага часу сядзела маўкліва ў кутку каля акна. — Учадзець можна. Вы паразыходзіцеся, а як мне тут сядзець? Хоць процівагаз надзявай.

— Затое ні мух табе, ні камароў.

Алена прыезджая. Колькі гадоў назад прыехала з маці і жыла з ёю ў прыбудоўцы лясніцтва. Казалі, што Алена дзесьці з Хабараўска, што ўцякла ад п'яніцы мужа, пакінуўшы яму кватэру. Ездзіў Хіял з грыбамі ў той далёкі горад. На базары разгаварыўся з Аленаю, прыехаў, Карабкову сказаў пра яе. Потым паклікаў жанчыну ў Спрымачоў.

Лукашэвіч дастаў з папкі паперы, перагледзеў іх, чыркануў у адной, у другой — чакаў, калі наступіць цішыня.

— Нагаварыліся?

— Усё, Пятровіч, але сваркі не было, мірам усё абышлося, — усміхаўся Міхалап.

— Мірам, гэта праўда. З вамі пагаворыш мірна. Як у цябе з шышкамі, Міхалап?

Косцік выдаўжыў шыю:

— Есць шышкі. З хлопцамі нанасілі.

— Прывозь на сушку. У цябе, Клімаш?

— Заўтра прывязу.

Зазваніў тэлефон.

— Лукашэвіч слухае.

Узяў паперу, падрыхтаваўся пісаць — уважліва ўслухоўваўся ў трубку.

— Ага, пішу... Таварышы, цішэй, з лясгаса.

Міхалап пацікавіўся ў Міхала:

— Адкуль твае шышкі?

— З-пад Княжына.

— Гэта там, дзе кедры растуць?

— Ага, — Міхал затушыў недакурак, кінуў у сметніцу каля парога, — там штогод бяру.

Кедры саджаў некалі панскі ляснічы. Эксперымент праводзіў. Год назад прыслалі тэхніка — Віктара Батанава. Карабкоў на курорт паехаў, страўнік лячыў. Лукашэвіч нагу падвярнуў, дома сядзеў. За начальства застаўся Батанаў.

Адчуўшы нечаканую ўладу, ганяў ён леснікоў без дай прычыны, як не кожны дзень нарады праводзіў і даваў накачкі. У лес з леснікамі падаўся. У абходзе Косціка, у Княжына, убачыў пашкоджаныя кедры — кара пасохла, па ствалах караеды поўзаюць.

— Чаму тут хворыя дрэвы стаяць? — адразу кінуўся ў крык Батанаў. — Чый гэта абход?

— Мой, Віктар Парфенавіч, — прызнаўся Міхалап, назваўшы хлопца па бацьку — вельмі любіў ён, калі яго так велічалі, нават патрабаваў. Зразумеў Косцік, што той не пазнаў кедраў. — Мой, выходзіць...

— Як гэта вы, вопытны ляснік, дапусцілі такое, што побач з прыгожымі і здаровымі хвоямі стаяць гэтыя, пашкоджаныя і хворыя?

Косцік зрабіў яшчэ больш вінаваты выгляд, зірнуў непрыкметна на Міхала, міргануў, каб маўчаў.

— Ды ўсё часу не было, таварыш Батанаў.

— Я вас навучу працаваць! — строга паабяцаў Віктар. — Гэта ж трэба — у лясніцтве існуе такое разгільдзяйства.

— Карайце, але просьба будзе — не гаварыце толькі ляснічаму, — папрасіў шчыра Косцік, сцішыўшы голас да шэпту, у вочы замілавана паглядаў, — бо ён загадаў мне іх спілаваць яшчэ мінулай вясной. А я ўсё адкладваў, вінаваты, што і казаць...

Косцік як які артыст — распінаўся, прасіў, умольваў, як не ў ногі падаў, каб дараваў тэхнік прамашку.

— Не, вы мяне не ўгаворыце, — сказаў як адрэзаў тэхнік, хмыкнуў незадаволена.

— Віктар Парфенавіч, — зноў зашаптаў Косцік, твар выціраў потны — так стараўся праявіць акцёрскі талент, — я вам за маўчанне барыла самагонкі прынясу.

— Вы мяне яшчэ і падкупіць уздумалі? — крутануўся на месцы Батанаў, з пагардай паглядзеў на лесніка.— А мне гаварылі пра вас як пра самага чэснага і працавітага. А вы, аказваецца...

— Вінаваты, я ж хацеў як лепш...

Батанаў напісаў дакладную, у якой паведамляў, што ў квартале лесніка Міхалзпа растуць хворыя сосны, якія распаўсюджваюць хваробу. І прыпіска была, што пра гэта не раз гаварыў яму, лесніку, Карабкоў. Не пазнаў, выходзіць, кедраў.

Потым прыязджала камісія. Смеху было на ўвесь лясгас.

Праз месяц Батанаў з'ехаў са Спрымачова. А кедры раслі на ўзвышку Княжына, горда выструніўшыся ў неба, стагналі пад вятрамі, але не згіналіся, пелі сваю вольную песню бярозам і дубам...

— Запомніць тыя кедры Батанаў.

— І кедры яго, — адказаў Косцік.

Лукашэвіч скончыў пісаць, падзякаваў, запэўніў:

— Пастараемся, Пятроўна. Думаю, што ўсё будзе добра. Ага, усяго найлепшага.

Трубка легла на бліскучы чорны тэлефон. Рыгор Пятровіч нейкі час глядзеў на яго задумліва і засяроджана, сашчаміў пальцы на стале.

— Ну і загаварыліся мы сёння з вамі як ніколі. Вунь ужо і днець пачало. Так, цяпер апошняе. Брыгада лесарубаў у зборы?

— Ага. Толькі ў адной піле ланцуг паляцеў.

— Са старой зніміце, якую рамантаваць збіраецеся. На пілу сёння каб не меней васемнаццаці кубоў было. Ясна?

— Ды ясна, — расцяжна адказаў за ўсіх Хіял, брыгадзір.