Выбрать главу

Стась ведаў, што яна прыдурваецца, дае выйсце сваёй неўтаймаванасці. А то яна нападала на сапраўдны след, і голас быў ужо іншы, рэдкі і зазыўны. І гнала касога на тое месца, дзе стаяў гаспадар. А ляснік нават і стрэльбы з пляча не здымаў, далоньмі ляскаў, праганяў ад сябе касога. Не разумела Клякса, зноў заганяла вушасціка — і зноў маўчала стрэльба.

А потым сучка ацішэла, натамілася. І ўжо адбягалася недалёка ад Міхалапаў, прынюхвалася безуважна да снегу, зразумела, што ішлі не на паляванне.

А Стась не пераставаў радавацца марознай раніцы, лясной цішыні. За Вятчынкай падымалася ўжо сонца. Яго яшчэ не было відаць, толькі слабыя водсветы пруціліся ў неба. Першая радасць у сына зменшылася, пацішэла, і Косцік чакаў, калі ён стоміцца і пойдзе за ім — так будзе лягчэй абаім. Але сын упарціўся, сунуўся па снезе, хаця ўжо не з такім імпэтам як напачатку.

— Натаміўся?

— Неа, — пакруціў галавой сын, паглядаў на бацьку, паклікаў Кляксу — знікла некуды, не паказвалася на вочы — рэха вавёркай паскакала па галінах...

— І не змерз?

— Хто ж, ідучы, мерзне? — смяяўся сын і зноў пагукаў сучку.

Дыхалася лёгка, на ўсе грудзі, ад хады стала ўжо горача, і Косцік расшпіліў кажушок. Выяснілася неба, падужэла сонца. Снег пабялеў яшчэ больш, з рафінаднага, напаўеіняга, ператварыўся ў чыста-белы, пераліваўся іскрынкамі пад сонцам — ужо калоў вочы.

— Тата, зірні! — раскрыў здзіўлена вочы Стась, прыставіўшы руку да лба. — Хоць карціну малюй.

Перад імі, на схіле, стаялі дзве бярозкі, бы блізняты. Косы белыя-белыя, звісаюць да каранёў — і вецер яшчэ спаў з грабянцом, не расчэсваў іх, унізе стажок з белай шапкай на вільчыку. Далей вынес высока ў неба шаты магутны дуб — сам сівы, нібы волат-лесавік. На снежным нерушы ніводнага следу. Нават ісці наперад няёмка — ступі і парушыш усё, як разаб'еш неасцярожным рухам нешта крохкае, казачнае...

— А чаго ж не намалюеш?

— Бо не ўмею.

— Дык чаму ж у школе вас тады вучаць? — Косцік спыніўся, глядзеў ужо ўверх — прыглядаўся да сасны: трэба было ўжо даўно пачаць ачыстку лесу ў гэтым квартале, даўно ў начальства рукі не даходзяць. — Толькі ногі топчаш, скажу табе.

— Ды ў нашым класе ніхто не ўмее маляваць, — апраўдваўся сын, не зразумеўшы бацькавага папроку. — Во Сяргей умее маляваць, — не адрываўся ад навакольнага пейзажу, — і ніхто яго гэтаму не вучыў...

— Дык то ж Сяргей і не такі свавольнік, як ты, — глядзеў бацька на сына і ўсміхаўся — бровы сталі белыя, і шапка-аблавушка такая ж — лесавік!

— А-а, — крутануў галавой сын і тут жа нахмурыўся, — бо вы з мамкай Сяргейку больш і любіце.

— А ты хіба не любіш яго? — невядома чаго і спытаў Косцік, зразумеў, што сын нечага раўнуе да старэйшага.

— Люблю.

— А мы вас усіх аднолькава любім — і цябе, і Сяргейку, Галю і Алеся.

Стась маўчаў, нешта абдумваў, паправіў сякерку і пайшоў далей. У вачах не то сум, не то крыўда.

— А ён скора з арміі прыйдзе?

— У наступную восень.

— Доўга яшчэ чакаць.

Косцік ведаў, чаму сын не пайшоў у школу. Яго ўзрушыў першы снег. Ён штогод рабіў з сынам нешта незразумелае. Але гэты снег не першы, бо выпадаў ён і ў лістападзе, а лёг па-сапраўднаму толькі цяпер, на пачатку года.

Кожны год, як выпадаў першы снег, сын прасіўся ў абход, аж нудзіўся. Аднаго разу, ці то не ў чацвёртым класе як вучыўся, Паліна была не ў гуморы і забараніла ісці ў лес — у дзённіку было аж дзве двойкі. Гэта і ўзлавала яе. Стась тады аб'явіў байкот — ні з кім не размаўляў, адмовіўся есці, і як яго ні ўгаворваў старэйшы сын Сяргей, анічога не памагала. А ноччу ён плакаў у сне, трызніў, клікаў некага да сябе, і тады да самай раніцы побач з ім прасядзела Паліна, дакараючы сябе, што так абышлася з хлопцам. Назаўтра сказала Косціку: «Пакрыўдзіла я яго... Нейкі ён чуллівы да ўсяго, душа мяккая».

І пасля таго ўжо ніколі больш не ўмешвалася, не ўшчувала, калі і ўтворыць што.

Косцік спыніўся пад сасной, палез у кішэню, каб дастаць цыгарэты. Пачуў, як Стась абушком ударыў па ствале, хацеў павярнуцца да яго, але тут жа на яго раптоўна асунулася аграмаджаная гурба снегу — уся, што ўчапілася ў галіны, накрыла з галавой.

Заняло дух, і нейкі страх маланкай прабег па целе. Ён спачатку нічога не зразумеў. Потым вылез з гурбы.

— Дзе ты, свавольнік? Шчас здыму папругу і адлупцую, ідзі сюды...

Было ціха. Толькі дробненькія бліскучыя сняжынкі іскрыліся на сонцы, пакрысе ападалі долу. Косцік агледзеўся — сына не было. Не мог жа Стась далёка адбегчыся за такі час. Дзе ён мог схавацца? Забрахала Клякса, бегаючы і скачучы ля Косціка. Таксама не ведала, куды падзеўся Стась.