Выбрать главу

— Ты дзе, сын? — ужо лагодна спытаў Міхалап, азірнуўшыся туды-сюды — не адгукваўся.

— Стасі-ік! — пагукаў зноў, прадчуваючы нядобрае. — Сы-ын!

Рэха паляцела ў густы белы сасоннік, заблыталася там у нябачнае сіло — зглухла.

— А-аа!.. — як з-пад зямлі данёсся глухі голас, і каля елкі ўспароўся снег, высунулася галава Стася —' уся ў снезе, а сам ён весела смяяўся. Да яго падскочыла Клякса, і сын абняў яе, паваліўся разам у снег. Яны качаліся, падмінаючы адно аднаго.

Ну і штукар, ну і свавола, што з ім рабіцьмеш — гэта ж дадумацца ўтварыць такое. Напачатку Косцік раззлаваўся, думаў ужо і адлупцаваць сына за дурацкую выхадку, так і да інфаркту недалёка, але нечакана для самога сябе разрагатаўся, аж за жывот узяўся.

— Яй-богу, сын, па табе... папруга плача, ой, плача, — паціраў вочы бацька, пашукаў нагамі пачак «Прымы» і запалкі, што выбіў з рук снег, і не знаходзіў. — Я ўжо грэшным дзелам падумаў, што... А, хай яно...

А Стась качаўся з Кляксай па глыбокім снезе — ён смяяўся, а яна гаўкала на яго, стаяла блізка каля твару. Стась кінуў яе ў гурбу і пачаў закідаць снегам. Ёй тое не спадабалася, пачала злавацца, забрахала ўжо са злосцю на Стася — ён аж здзівіўся такой смеласці.

— Ага, атрымаў? — засмяяўся Косцік, гледзячы на іх. — Гэта табе не я, яна жартаў не разумее.

— Няпраўда, яна ўсё разумее, бацька, — не адставаў ад сучкі сын, гроб і гроб на яе снег, усё больш злуючы — яна не нападала, стаяла і брахала, незадаволена, усё больш распаляючыся.

— Перастань, Стась, не злуй яе, — папрасіў гаспадар, убачыўшы, што сын пераступіў мяжу між свавольствам і злосцю.

Бацька калупнуў ботам снег, і паказаўся ражок чырвонага пачка. Знайшліся і запалкі.

І тады ж аціхла Клякса. Быццам пачула загад маўчаць. Перастаў кідацца снегам і Стась, устаў, атросся, выбіў аб калена шапку. Стоячы, пазнімаў адзін за адным валёнкі, павыкідаў з іх снег.

Да яго падышла сучка, вінавата церлася аб нагу, як мірылася ўсё роўна.

— Ну і падліза, ох, якая падліза, — прамовіў ласкава, абдымаючы сучку, — прабач, я больш так не буду. Я не ведаў, што ты не любіш, калі кідаюць у цябе снегам. Мір, ну?

Яна завіляла хвастом, працяжна заскавытала, тыцкаючыся носам у калені.

— Ну, во, і памірыліся, — зазначыў Косцік, прыкурваючы, з задавальненнем зацягнуўся, пыхкнуў дымком.

Сучка рванула з месца, пабегла зноў па сваіх сцежках, перад гэтым пазначыўшы некалькі дрэў.

Выйшлі на прагалак, ярка асветлены сонцам. Ногі тапталі неруш. Прайшлі дубраву з высокімі старымі дубамі. Між іх летам, акрамя мяккай, шаўкавістай травы, нічога не расло — ні дрэўца, ні кусціка: пэўна, не любілі дубы такога суседства. Далей пачыналася нізовінка, а за ёй адразу і быў шлях, да якога і кіравалі бацька з сынам.

Дарогу ім перагарадзілі свежыя санныя сляды — на іх зрэдзь асыпалася снежная пацяруха.

— То Жменька сёння паехаў на балоты — яшчэ цёмначы выбраліся.

— Ну, цяпер маці накорміць сваіх кароў.

— Колькі ж ім галоднымі быць.

Яны прайшлі шляхам, потым збочылі ўлева. Пачаўся квартал бацькавага абходу, куды павінны былі прыехаць машыны па лес.

Косцік ніколі ў абход на машыне не ездзіў, хоць і запрашалі яго. Хіба ўжо надаралася нейкая няўпраўка ці пільная патрэба. І ў слоту, і ў завею адпраўляўся, як казаў ён, на «адзінаццатым нумары»...

Цяпер жа, калі падмерзла, калі лясныя і балотныя сцяжыны скаваў мароз, рушылі ў лясніцтва людзі — прыватнікі і з арганізацый горада, каб забраць дровы ці будаўнічы матэрыял. І Міхалап ведаў, што дзесьці цяпер у лясніцтве аж цэлая чарга ўтварылася з людзей і машын — усе хочуць хутчэй, усім няма калі, і тыцкаюць памочніку ляснічага на подпіс паперы. Косцік уяўляе, як Лукашэвіч, адмахваючыся ад людзей, трошкі заікаючыся, гаворыць усім: «Н-не ўсе адразу, таварышы, усім п-падпішу...» І ў гэты час абавязкова зазвоніць тэлефон, і нехта будзе прыставаць з нейкімі пытаннямі, а ён будзе адказваць звыклымі: «Ага, праз тыдзень пазваніце, тады можна...» А праз тыдзень ён зноў будзе гаварыць тое ж самае і ніколі не скажа праўды.

Карабкоў так не рабіў. Ён усе справы рашаў за паўгадзіны.

Паўз іх праносіліся грузавыя машыны і аўтобусы, абдаючы смярдзючым дымам — прадыхнуць нельга было. Косцік не пераносіў паху бензіну, тым больш дыму ад яго.

Стась абярнуўся:

— А дзе ж Клякса?

— Дагоніць...

Дзе перасякаліся лініі кварталаў, быў пастаўлены афарбаваны слупок. З чатырох бакоў лічбы кварталаў — іх пісаў некалі Сяргей. Тут і была доглядная высечка драўніны. Сюды прыязджалі бензапільшчыкі і рабочыя, валілі лес, крыжавалі яго. Потым складвалі ў метроўкі.