Перад арміяй прыходзіў у лес з пілой і Сяргей — памагаў бацьку.
Па Княжыне паляцеў трубны голас сахатага.
Косцік прыслухаўся, спыніўся:
— Пачакай, сын...
Услухаліся ўдвух. Голас паўтарыўся. Нешта Міхалапу не спадабалася ў тым голасе. Працінала сэрца — скардзіўся на нешта Цар.
— Што гэта, тата? — сын зняў шапку, навастрыў вуха, чуйна лавіў гукі Княжына.
— Не ведаю, сын, хаця б якой бяды не адбылося.
— Якой бяды?
— Цар плача.
— Лось можа плакаць?
— Можа, сын.
Да той мясціны набліжаліся асцярожна, прыглядаючыся пільна да ўсяго, што было наперадзе. Сын яшчэ здалёк заўважыў на снезе чырвоныя плямы і крыкнуў:
— Тата, кроў...
Па ўсёй паляне чалавечыя сляды, крывавыя намаразі. Міхалап прыгледзеўся да слядоў — так, пахадзіў Жамойда, і з ім двое, што прыехалі надоечы.
— Во яны ногі пахавалі. То ж ногі Царыцы і дзіцёнка, — у Стася дрыжэў голас, на вочы наварочваліся слёзы — упершыню ў яго жыцці так жорстка абышліся з тымі звярамі, якіх ён ведаў. — Вунь шалаш, адтуль стралялі...
Стась плакаў, цяжка было гаварыць.
— Тата, хто гэта зрабіў? Хто?
— Не ведаю, сын, мо з горада прыехалі. Браканьеры. Дарога недалёчка адсюль. Перастань, сын, не трэба так убівацца, прашу...
Ён прыціскаў сына да сябе, гладзіў па галаве: не знаходзіў больш слоў, каб суцішыць і суняць боль.
— То Жамойда, ты хлусіш мне.
Косцік не хацеў, каб сын ведаў, хто забіў ласёў. У злабе можа натварыць няведама што.
— Я яго сляды пазнаў. Боты яго, падэшва рабрыстая. І тых, хто да яго прыехаў. Як ішлі ў магазін, я сляды іх бачыў. Я ўжо дарослы, тата...
Стась размазваў слёзы, адышоў ад бацькі.
— Ён жа твой закляты вораг, чаго абараняеш яго?
— Не абараняю. Не падвядзі толькі, сын.
— Не падвяду. Не маленькі. Але ў міліцыю ты заявіш, так?
— Заяўлю.
Сын зноў падышоў да яго, уткнуўся тварам у грудзі. Нічога больш не гаварыў, толькі раз-пораз уздрыгваў, і яго худыя плечыкі то падымаліся, то апускаліся.
— Пайшлі, сын!
На дарозе, калі выйшлі на бальшак, іх дагнаў высокі «КрАЗ». Машына прыцішыла ход, з кабіны выглянуў Паўло Шкварка:
— Сядай, падвязу, Міхалап!
— Не, Паўло, тут ужо блізенька, дайду, — махнуў рукой ляснік, — едзь!
— Косцік, часу няма. Экстрактавы дуб забраць трэба. Вунь ледзьве хлопцаў на тры гадзіны ўгаварылі, — кіўнуў ён на людзей у кузаве. Шкварка спыніў машыну, саскочыў з падножкі, у руцэ паперы. — Ты толькі чыркані. Я ж ведаю, дзе тыя дубы ляжаць — каля азярка.
— Усё ты ведаеш, — паглядзеў прыязна на яго ляснік. — Толькі каб ніводнага дрэўца не пашкодзіў.
— Пра што гаворка, — на манер Лукашэвіча адказаў Паўло, — усё чын чынаром будзе. Што з сынам, Косцік, чаму заплаканы?
— Не чапай яго. Сёння Жамойда яму ўрок жорсткасці паказаў. Са сваімі гасцямі ласіху з цялём забіў.
— Во гад, і сыходзіць яму з рук.
— Бач, сыходзіць...
Стась усхліпнуў.
— Ціха, сын, хопіць.
Абдаўшы шызай копаццю, «КрАЗ» прасунуўся паўз іх і пакалываўся далей. Наверсе, укрыўшыся брызентам, сядзелі грузчыкі. Гаварылі між сабой, жартавалі, на лесніка не звярталі ўвагі.
Наступная машына прыехала забіраць драўніну для каўбаснага цэха. Лукашэвіч яшчэ звечара зафрахтаваў грузавую машыну для райспажыўсаюза.
«Запахла каўбасамі, — падумаў Міхалап, праводзячы поглядам машыну — таксама ў той бок пайшла, следам за «КрАЗам». — Свайго Лукашэвіч не ўпусціць...»
Але як бы яно ні было, драўніну трэба было вывозіць, і як найхутчэй. Бо шмат яе застаецца пасля кожнай зімы — потым пачынаюцца адлігі, і машыны туды не праб'юцца. А драўніна гніла, псавалася. Сотнямі кубаметраў. І так штогод...
На палянцы стаяла некалькі грузавікоў. Пад'язджалі і яшчэ.
Дзень абяцаў быць вясёленькім.
Косцік ступіў насустрач вадзіцелям, як загадаў:
— Давайце вашы паперы!..
Жамойда ідзе паперадзе. Задаволена пасміхваецца, нешта тлумачыць сыну. Пасля звяртаецца да Рыгора Пятровіча, да гасцей, што прыехалі. Госці — члены камісіі з навукова-даследчага інстытута.
Рыгор Пятровіч сваё слова стрымаў. Жамойда нарыхтаваў футраў, павезлі з Лукашэвічам у Мінск. І на ўступных экзаменах Валянцін толькі падстаўляў экзаменацыйны ліст выкладчыкам — ставілі патрэбныя адзнакі.
Такім жа макарам уладкаваў яго пазней і ў НДІ лясной гаспадаркі.
Казімір Жамойда ў сваім нязменным галіфэ і кіцелі, у фуражцы.
— Ну, Канстанцін Мінавіч, паказвай тыя клёны, дзе тая дзялянка? — спыніўся Рыгор Пятровіч, атрос з пляча ігліцу і павучынне, фуражку зняў, правёў рукой па ўзмакрэлых валасах. — Як ты назваў яе — Барсучыны хутар? Харошая назва. Паэт ты, Міхалап...