Міхалап напісаў у раённую кантору па ахове прыроды пісьмо. Расказаў пра шкоду, прасіў разабрацца. Ні гуку ў адказ.
Скрыпень дык стаў гаспадаром на полі. На Бобрыку пасадзілі лён. І папёр нечакана драсён, гарчаком яго яшчэ завуць. Зноў жа — хлопцы прыехалі з хіматрада, ніхто не ведаў і калі. Дык жа зноўку так пастараліся, так «захімічылі», што спалілі той драсён да каліва. А разам з ім і лён. Толькі аж праз два месяцы атрымаў Косцік адказ. Паведамлялі яму, што хімікі нечага перабаршчылі ў гербіцыдзе, таму і такая накладка атрымалася са звярамі. Супакоілі, што вінаватыя будуць пакараны. Але хто быў у той справе вінаваты і як пакаралі, не паведамілі. Згубленага ўжо не вернеш, зайцоў і цецерукоў не ажывіш...
Аўтобус падкінула на караняцы, і думкі яго рассыпаліся, як гарох па падлозе. Людзей у аўтобусе ехала няшмат — палавіна мест пуставала.
Аўтобус потым будзе паварочваць на Зімовую Буду, праз якую ляжыць дарога. Там і сельскі Савет, і сярэдняя школа, куды хадзілі Сяргейка і Галя, куды будзе хадзіць і Стась. Кепска было Сяргею. Аўтобус тады яшчэ не хадзіў па гэтым маршруце, і ён штодня пешадраліў — у любое надвор'е. А вунь цяпер адны амаль вучні і едуць, маўкліва, быццам дарослы народ. Дзяўчаткі непрыкметна страляюць вачыма па хлопцах, а яны не заўважаюць гэтага, перагаворваюцца між сабой напаўголаса, з годнасцю.
Усё з Сяргейкам было добра — намеціў, куды паступаць будзе, з лесам сваю дарогу звяжа... А потым нечакана падаўся ў механізатары. Чаго — і сам не ведаў. Спытаў аднойчы, дык Сяргей адказаў няўцямна: «А, так атрымалася, бацька... Мо і шкадаваць потым буду, што не паслухаўся цябе, але так трэба...» Са службы пра тое не пісаў. Значыць, зразумеў Косцік, механізатарства ў ім перамагло. Хаця ніколі, як помніцца, да тэхнікі яго не цягнула, і ў руках ён трымаў адну толькі бензапілу, калі яе можна было пазваць тэхнікай.
Міхалап зноў вяртаецца да ранейшых думак, з-за чаго, па сутнасці, ён і выбраўся ў гэтую дарогу. Тады ж тыя хімікі нашкодзілі не толькі звярам і птушкам. Пчаліны рой дзеда Мікіты вярнуўся ў вулей меней палавіны. Але гэта ўжо з самалётаў скідвалі другое ўгнаенне на палі. І зачапілі грэчку, якая цвіла. На яе і зляталіся пчолы. Астатнія некалькі раёў — лясніцтва і Чыкана — загінулі ў вулляках, таксама патруціўшыся...
На Бобрыку стаяла некалькі цыстэрнаў з аміячнай вадой. Нікому, здаецца, і не назалялі, непрыкметна іх паставілі, збоч поля — у сосніку. А праз год аказалася, што вакол іх, на крокаў пяцьдзесят, загінулі сасонкі — іголкі пажаўцелі, дрэвы пасохлі.
Каля цыстэрнаў, вакол іх, расла сакавітая і высокая зеляніна — у пояс чалавеку. Дзіва позняй восені.
Зводдалеч ляжалі мінеральныя ўгнаенні — непрыкрытыя, неагароджаныя. Ішоў Косцік у свой абход, праходзіў акурат паўз тыя мясціны — ледзьве не наступіў на шарака, які ляжаў на сцежцы. Чырвоныя вочы свяціліся і прасілі паратунку — міргалі.
— Што з табой, касы? — нахіліўся ён над ім, укленчыў. — Мо хто падстрэліў цябе і браць не захацеў?
Крывавых слядоў не было. І на хворага быў непадобны. Тады — што? Непадалёк другога зайца заўважыў — той быў яшчэ цёплы, але нежывы.
Здагадаўся пра ўсё толькі назаўтра, калі ўбачыў мёртвае ласяня. Сляды вялі да мінеральных угнаенняў. Вось табе і сон пра Паласаціка...
— Дык вось што вас загубіла, — не знаходзіў месца ляснік, ужо ходзячы і пільна прыглядаючыся між кустоў — мо хто яшчэ з лясных жыхароў паспытаў тых угнаенняў. — Я ж не раз гаварыў старшыні калгаса, ды як гарохам аб сценку...
І яшчэ большая злосць расла на Дзегцяра.
Вечарэла, калі вяртаўся дадому. Спрымачоўскіх кароў у гэты дзень пасвіў Ладуцька — за Настазю. Яго і сустрэў Косцік за Вятчынкай, куды ганяў чаргу стары.
Наперадзе, між дрэў, Міхалап убачыў пярэстую карову.
«Адбілася ад гурту, — падумаў абыякава, а калі падышоў бліжэй, то і карову пазнаў — Ладзікаву. — Пападзеш воўку ў зубы...»
Міхалап выламаў галіну, каб падагнаць, і заўважыў, што карова хісталася. Сілілася рыкнуць, але толькі рот разявіла. Косцік падышоў да яе і ўбачыў, што з пысы, да самай зямлі, сцякала ружовая сліна і вочы ў слязах — бы плакала...
«Атруцілася, Як і ласянё. Ці паспее выратаваць яе Замошскі?»
За густым і высокім буячнікам, адкуль плыў водар багуну, убачыў карову Вікці — ляжала, не дыхала.
Вось тады і зрэзаўся Косцік з Дзегцяром. Дахаты прыйшоў, калі той з гасцямі вячэраў — начальства з раёна ўлагоджваў. Сядзеў за сталом і Тхарэнка, якога вельмі рэдка бачыў Міхалап у вёсцы. Ледзьве пазнаў яго ў хатнім прыцемку — сядзеў насупраць акна.
— Так, Жменька за карову атрымае страхоўку — калгас выплаціць або страхавая кантора, а хто выплаціць страхоўку за ласянё, зайцаў і цецерукоў, га? — запытаўся Міхалап без аніякіх тлумачэнняў, стаў у парозе, не здымаў стрэльбу з пляча. — Хто, Рыгор Еўстратавіч?