— Ты пра што, Мінавіч? — старшыня калгаса падняўся з-за стала, падышоў да лесніка. — А ты прысядзь да нас, пэўна ж, за дзень набегаўся па лесе, і каліва ў роце не было...
— Ты можаш са сваімі гасцямі піць і есці, калі апетыт добры. Калі не хвалюе вас тое, што ад хіматрада і мінеральных угнаенняў пагінулі ў лесе звяры і птушкі і карова Жменькі, налізаўшыся тых угнаенняў, не дайшла да вёскі. Упала. Я ж казаў табе, каб накрыў, каб убраў цыстэрны. Лесу столькі зглуміў. Урадзіцель ты, скажу табе шчыра, і... сволач.
— Ну-у...
— Таварыш, а вы, собственна, пра што? — пацікавіўся адзін з іх — нізкага росту, з бліскучай лысінай: ці не адзін з гасцей, што прыязджаў да Жамойды? — У чым вы абвінавачваеце старшыню?
Міхалап углядаўся ў таго, хто задаў пытанне, і пазнаў у ім раённага прыродаахоўны Яфіма Сямёнавіча — надпітага і задаволенага.
— Што пра сябе дбае, а не аб прыродзе. І ўсё.
— А вы паканкрэтней, даходліва — можаце?
— А ты мне тут хто — пракурор, суддзя? — узгарэўся ляснік і ўбачыў, што за сталом і Жамойда сядзіць — кампашка падабралася адзін да аднаго, і гэта яшчэ больш распаліла яго. — Даходліва хочаш? Паканкрэтней? А ён хай сам і раскажа! Ды яшчэ тыя, нежывыя ўжо, лясныя насельнікі, якія ён загубіў, — глядзеў ва ўпор на Дзегцяра Міхалап. — І Тхарэнка няхай раскажа. А, і ён заадно з вамі, аказваецца. Ды і тая рыба, што плыла — аж рэчка была белая ад яе, то са свінафермы жыжку пусцілі. А ў вас, чую, юшкай патыхае? Мо тая, што і плыла? Я заўтра ў раён еду, у райком партыі пайду. Не даб'юся свайго — у абком паеду. Я знайду на вас управу. Калі я не ўказ, калі совясць сваю згубіў, то няхай табе іншыя скажуць, хто ты такі ёсць... Дыверсанты, маць вашу...
— Слухай, Мінавіч.
— Даўно слухаю. А вось ты, Жамойда, жлукціш гарэлку, а твая кароўка таксама капыты адкінула! — злосна і з'едліва сказаў у прыцемак. — У буячніку ляжыць, за Міколкавым бродам...
— Брэшаш!
— То ты першы і гаўкнуў, калі так.
— Кос... Канстанцін Мінавіч! — адумаўся старшыня, за локаць узяў. — Прысядзь, абдумаем усё. Можа, я і вінаваты, Міхалап...
— Быў Міхалап, ды ўвесь выйшаў, — узяўся за клямку, — сёрбайце юшку, мо і апошнюю з нашай рыбы.
— Ды не стораж я над тваімі звярамі, паймі! У мяне і без іх клопату хапае. У кожным калгасе такія цыстэрны і ўгнаенні.
Косцік прачыніў дзверы — яны слаба піснулі.
— Дык, можа, іх там агарадзілі ды ў такім месцы хаваюць, што нікому і шкоды няма. А што табе казаць, я сто разоў казаў пра тое...
— Таварыш, собственна... — Сямён Яфімавіч падняўся борздзенька з-за стала, абапёрся на плячо ўчастковага, хацеў сказаць нешта важнае, патрэбнае, але ляснулі дзверы, дзынкнула, падскочыўшы, клямка. Сказаў у спіну: — От, чорт, сапсаваў такую юшку...
У двары сустрэў Тамару Альбертаўну — старшыніху, настаўніцу свайго Стася, спакойную і ціхмяную жанчыну Яна ніколі не ўмешвалася ў клопаты мужа, займалася гаспадаркай і школай. Паразумелася з вясковымі жанчынамі, гаварыла, як і яны, на спрымачоўскай мове, апраналася, як і ўсе.
Старшыніха несла цяжкую сумку — ішла з крамы. Адказала на Косцікава прывітанне, здзівілася — чаго даходзіў да іх у хату.
Міхалап заспяшаўся да Ладзіка, каб папярэдзіць пра Павітуху.
Аўтобус прыехаў у Зімовую Буду і спыніўся каля магазіна. За ім быў клуб, сталоўка. Трошкі воддалеч стаяла школа. Ад вёскі да райцэнтра цягнулася асфальтоўка.
Выйшлі дзеці, заспяшаліся да школы. У аўтобус зайшлі новыя людзі, павіталіся, як са знаёмымі. На «пасажырку» прыходзілі з бліжэйшых вёсак — Летавішчаў, Валаўска, Скалодзіна і Крушнік.
Далей аўтобус каціўся ўжо роўна і хутка, на Косціка набягала дрымота. Зноў выбіўся думкамі на сваю сцежку, зноў вяртаўся ва ўчарашнія прыгодзіны. Ацэньваў, што здарылася, адначасна і меркаваў, якімі словамі раскажа пра ўсё першаму сакратару Захаранку... Далажыць трэба коратка, ясна і зразумела, бо не будзе ў таго часу расседжвацца і выслухоўваць — клопатаў у яго не столькі, як у лесніка. Але ж хіба бывае што дробязнае ў жыцці? З дробязяў вялікае складаецца.
Цеплыня зусім размарыла Міхалапа, закалыхала, як малога, і ён праваліўся ў сон, не чуў, як праз нейкі час аўтобус, з'ехаўшы з узгорка, пакаціўся па цэнтральнай вуліцы райцэнтра. Спыніліся на цэнтральнай плошчы, і яго таўханулі пад бок — пабудзілі.
Ён пастаяў трохі на плошчы, агледзеўся, а потым цвёрдым крокам накіраваўся да трохпавярховага будынка — райкома партыі.