У прыёмнай Захаранкі сядзела некалькі чалавек. За сталом жанчына ў белай блузцы і чорнай спадніцы — друкавала на машынцы. Калі ж ён пераступіў парог прыёмнай і павітаўся з усімі, пацікавілася, з якім пытаннем прыйшоў у райком.
— Ды ёсць у мяне дзела, сакратару і скажу, — адказаў, падышоўшы да стала.
— Спачатку вы мне павінны сказаць, а я далажу Віктару Аляксандравічу, — паправіла жанчына прычоску і паглядзела на Міхалапа. — Кім вы працуеце?
— Ляснік я. Міхалап Канстанцін Мінавіч. Са спрымачоўскага лясніцтва. Пагаварыць з сакратаром хачу. Звяры і птушкі да яго не прыйдуць, дык вось ад іх я прыйшоў.
— Значыць, у вас пытанне па ахове прыроды?
— Ну, няхай будзе так. Вот і хачу ў яго спытаць: а хто пільнуе яе, прыроду? Пакуль, бачу, што толькі губяць яе жорстка, а не ахоўваюць...
Таўсматы, як калабок, што сядзеў каля самых дзвярэй — першы, напэўна, па чарзе, крывотліва ўсміхнуўся — і адрываюць жа таварыша сакратара ад работы такімі глупствамі, апусціў галаву, мацней сціснуў скураную новую папку, трымаючы на каленях.
Жанчына падумала, пацерла лоб:
— Дык, можа, вам лепей спачатку ў таварыства па ахове прыроды зайсці, а потым ужо?
— Не, мне толькі да першага сакратара.
— Сёння ў Віктара Аляксандравіча шмат важных пытанняў. Баюся, што вас прыняць у яго не хопіць часу.
Косцік падышоў бліжэй да стала, стаў побач, кіўнуў на дзверы:
— А вы папытайцеся ў яго. Калі не прыме, тады я дадому паеду. У мяне таксама шмат работы непаробленай у маім абходзе.
— Тады пасядзіце, калі ласка, як выйдзе ад яго таварыш, я схаджу і пацікаўлюся.
Жанчына Косціку спадабалася, гаварыла з ім мякка, па-свойску, як быццам ведала яго ці была добра знаёмай. У яе вачах была спагада, уважлівасць і голас грудны, прыемны, бы ў Вікці.
Міхалап сеў на крайняе крэсла і адразу адчуў, як адрозніваецца ад тых людзей, што сядзелі ў прыёмнай. Амаль усе пры касцюмах, пры гальштуках. Косцік паглядзеў на свае запыленыя боты, на лясніцкую світку, на фуражку, якая хавала яго галаву ад вятроў і дажджу, снегу і халепы, і стала крыху няёмка за свой выгляд. Пашкадаваў, што не апрануў што людскае. Каб сказаў Паліне пра паездку, то яна прымусіла б надзець не то што чысцейшае, а і новы касцюм. Гэта нічога, што яна неахайная дома і каля хлява, на людзі яна ні сама, ні яго не вырадзіць у абы-чым.
Побач з ім сядзеў каржакаваты мужчына з партфелем на каленях, нервова барабаніў пальцамі па жоўтым, выцертым баку. Далей — прымасцілася нясмела жанчына ў квяцістай хустцы, але глядзела на белы свет смялей, нават усміхалася куточкамі вуснаў, думаючы пра нешта сваё — пэўна, радаснае. Прама і з годнасцю сядзеў ваенны, глядзеў за акно — безуважна і спакойна, нечага і ён хацеў ад сакратара, а мо і сам той паклікаў.
Дзверы, абабітыя чорным дзермацінам, расчыніліся, і з кабінета сакратара выйшаў мажны мужчына, ён цяжка грукаў чаравікамі — распацелы, быццам з парылкі. Не гледзячы ні на кога, падаўся адразу да дзвярэй, кашлянуўшы моцна ў кулак.
Жанчына схадзіла да сакратара, хутка вярнулася.
— Таварыш маёр, вас чакаюць, — звярнулася яна да ваеннага, пакінуўшы прычыненыя дзверы. — А вам, Канстанцін Мінавіч, прыйдзецца прыехаць пазней. Сёння сапраўды ў Віктара Аляксандравіча няма часу — і праз гадзіну паседжанне.
«Дарэмна ехаў, дзень толькі патраціў марна. Яшчэ дазнаецца Лукаш, што не быў на рабоце, то будзе ўзбучкі. Не шанцуе, не шанцуе, а потым як... не пашанцуе...»
— А калі гэта — пазней? Праз месяц, год? — удакладніў Міхалап, устаючы з крэсла.
— Віктар Аляксандравіч канкрэтна не гаварыў, але вы самі скажыце, калі вам зручна прыехаць — і я запішу той дзень.
— Тады мо позна будзе. Мне цяпер трэба. Ды і не мне, па-сутнасці, а лесу, жыхарам яго. Эх, і тут не прабіцца, а я думаў...
— Я ж вам тлумачу, скажыце, у які прыёмны дзень вы зможаце прыехаць, і вас прыме сакратар, — узяла жанчына зялёны сшытак, але Косцік больш нічога не гаварыў, выйшаў за дзверы і пайшоў па вузкім і доўгім калідоры.
На вуліцы закурыў. Упершыню за ранак. Падціскала нешта пад грудзі, як нудзіла. Ад крыўды, ад людской глухаты, ад абыякавасці Дзягцяра і тых, хто не хацеў пачуць яго, выслухаць. У чыіх руках той закон, закон, які мог бы ўсё перайначыць і палепшыць?
«А куды цяпер? Дадому? Так нічога і не выхадзіўшы? У міліцыю ж не пойдзеш, не скажаш, што гэта вунь Дзягцяр патравіў зайцоў і цецерукоў. Дакажы яшчэ гэта. Тхарэнка дакажа адваротнае... А да хіматрада таксама не падкапаешся — усё ж робяць па закону. Але — па якому закону? Хто павінен несці кару? І глум кругом, і вінаватых няма? Ну, няўжо там, у Маскве, кіраўнікі нашы, партыйныя і дзяржаўныя, не ведаюць, што робіцца такое? Глухія ці сляпыя? Хто мне скажа? Пры Сталіну баяліся. «Чорнага ворана баяліся». Цяпер суцэльны крадзеж і глумленне, а вінаватых няма... Так, я ж і забыўся, у краму трэба зазірнуць. Але ж ні сеткі, ні грошай. Як на пагулянку ехаў. Сабраў некалькі чырвонцаў на хлеб і кілбасу.