Адчаяўся Косцік. Не было з кім параіцца. Карабкоў у Крым паехаў далечвацца. І неяк само сабой прыйшло на думку параіцца з Васілёнкам — дырэктарам лясгаса. Як-ніяк партызанілі разам, начальнікам штаба быў у Громава, мо б ён што падказаў, надаўміў...
І тут жа Міхалап уявіў, як ён аднёсся б да яго задума. «Знаеш-панімаеш, Мінавіч, яно-то так, канечне, так, мо і лацвей будзе, але каб і наадварот не выйшла... Не абы-куды едзеш, а ў абком... Ці мала што могуць там падумаць, калі ты будзеш ім пра свае, можа, і надуманыя, панаросвы баяць... — пры гэтым ён па-змоўніцку падміргне правым вокам і, крывячы куточкам губ левую шчаку, намякаючы, што ўсё гэта не так проста, як думаецца, як хочацца. Ох і асцярожлівы стаў Прохар Цітавіч, нават баязлівы. Не пазнаць чалавека. А ў вайну ж быў хват-атлёт, лез у самую гушчыню бою — Косцік сам бачыў гэта, калі іх акружылі і яны вырываліся з блакады. — Так што глядзі, я ж як лепш хачу...»
— Ты ведаеш, Канстанцін Мінавіч, — аднойчы пошапкам сказаў Васілёнак, вокам міргануў, шмаргануў носам, прыдаўшы твару і размове больш таямнічасці і значнасці, — можа, кінь ты, братка, з гэтым Жамойдам за рожкі брацца. От не падзялілі нешта, ці мала што ў вайну было, памагаў жа нам... — Косцік зразумеў, што дырэктар лясгаса баіцца складанасцяў у рабоце. — Прызнаюся табе, як добраму хлопцу. Рука ў яго ёсць. І ў вобласці, і ў сталіцы. Абласны начальнік на рыбалку ці на паляванне едзе, дык да Жамойды, кажа, хачу. З Мінска звоняць — з міністэрства лясной гаспадаркі: папярэдзьце, да яго на паляванне едзем... Вось як яно, брат, знаеш-панімаеш. Хацеў я прыструніць яго, ну, не даваць такой вольніцы. Дык, ведаеш, пазванілі адтуль, сказалі, каб не чапаў яго... Во як, брат, знаеш-панімаеш...
Аўтобус на Спрымачоў ехаў пад вечар, і таму ў яго быў вольны час. Косцік ужо нікуды не спяшаўся, ён ведаў, што непадалёку быў сквер, былі там і лавачкі. І ён пакіраваў туды. Сеў, закурыў. Ніяк не мог супакоіцца. Так, да Васіленка ён не пойдзе, няма дурных...
Назіраў, як жанчына зграбала апалае лісце і кідала яго ў агонь, які дыміў і рассцілаў па скверы дым.
«І навошта толькі паляць тое лісце? — думаў, гледзячы на дворнічыху. — У мяне, у абходзе, лісце ўгнойвае зямлю, ахоўвае верхні слой, умацоўвае яго, ад чаго доўга трымаецца вільгаць. Мо ад таго і растуць такія куртатыя дзеравіны ў горадзе, з гніллю ўсярэдзіне, — вецер добры ўсчнецца, і яны падаюць...»
Хацеў пра гэта папытаць у жанчыны, але перадумаў: навошта лезці да незнаёмых людзей са сваім дурным настроем, не ведаючы, што ў яе, жанчыны, на душы...
Сонца ўжо не выглядвала трэці дзень. Неба сеяла імжу, было волгла. Пах прэлага лісця наганяў на яго ўспаміны пра абход, пра Княжына.
Ад плошчы ён пайшоў вузкай вуліцай. Мінуў кнігарню і пажарную каланчу, потым павярнуў направа, на брукаванку — да двухпавярховага будынка. Там было таварыства па ахове прыроды.
Міхалап ціха пастукаў у дзверы — ніхто не адказаў. Штурхануў дзверы, і яны адчыніліся. Нехта быў у кабінеце за другімі дзвярыма. Даносіўся зычны голас. У пакойчыку было два чалавекі. Адзін гаварыў па телефоне. Другі нешта пісаў.
— Слухаем вас, — адклаў убок чырвоную ручку супрацоўнік — мужчына сярэдніх гадоў, з густымі вусамі. — Сядайце, калі ласка.
— Дзякую. Ёсць у мяне пытанні. — Косцік не адрываў позірку ад таго, хто гаварыў па тэлефоне — нейкі знаёмы быў яго голас, падалося, што дзесьці сустракаўся з ім, гаварылі нават. — Ляснік я. Спрымачоўскага лясніцтва. Ды я пісаў вам пра хімічныя атрады...
— А, памятаем, давалі вам адказ. Сапраўды непрыемная гісторыя атрымалася. Кіраўнік хіматрада атрымаў строгую вымову на бюро райкома партыі — і не толькі за тое, яны і" ў іншых месцах шкоды нарабілі...
А той, хто гаварыў па тэлефоне, не паварочваўся, бы і не чуў, што нехта пабочны зайшоў у пакой — галёкаў, прасіў некага прыслаць паперы, бо не можа без іх аформіць справаздачу. Потым развітаўся, павярнуўся і паклаў трубку. Зірнуў на Косціка, але не ўбачыў яго — быў яшчэ ва ўладзе нядаўняй размовы. «Гэта ж Яфім Сямёнавіч, што да Жамойды высокага госця прывозіў... То іх сляды былі перамешаны з ласінай крывёю. То ён з Тхарэнкам і Жамойдам частаваліся юшкай у Дзягцяра. І я да яго іду са сваёй скаргай?»
— Шкоду рабілі і будуць рабіць, пакуль вы тут раскашоўваецеся і пішаце атчоты — ліпавыя канечне