Выбрать главу

Падзякаваўшы ўважліваму хлопцу, Косцік адразу і падаўся да прыпынку.

Пры ўваходзе ў абком, за парогам, яго агледзеў прыдзірліва міліцыянер, пацікавіўся:

— З якім пытаннем да таварыша Громава?

— З якім? — Косцік задумаўся — хіба ж будзеш тлумачыць пра ўсё? Адказаў: — Па лясной справе. Вось і пісьмо яго, запрашэнне.

— На другі паверх — сорак пяты кабінет. Леанід Піліпавіч толькі што пайшоў да сябе. Але вам трэба распрануцца — вунь там гардэроб.

Падняўся на другі паверх, падышоў да дзвярэй і чамусьці не асмельваўся пастукаць і зайсці. Знаходзячыся ў сценах будынка — ціхага, як быццам у ім нікога і не было, яго прыезд здаўся непатрэбным, а клопаты, пра якія мерыўся расказаць, нязначнымі і дробязнымі. І расхацелася сунуцца з імі да Громава. Тут у людзей за ўсю вобласць клопат — ды не абы-якія турботы! — а ён тут са сваімі сунецца. Ці не смешна, га? Ён павярнуўся назад, узяўся за ручку ўваходных дзвярэй. Але тут расчыніліся дзверы, і на парозе стаяў Громаў.

— Вы да мяне? — спытаў сакратар, а потым, прыгледзеўшыся, усміхнуўся радасна. — Канстанцін Мінавіч? — падышоў, узяў за плечы, сціснуў.

«Не, не змяніўся ты, камандзір, — падумаў Косцік, расчуліўшыся цёплай сустрэчай, — хіба пасівеў вельмі, дык гэтага дабра кожнаму з нас адвалена...»

— Я, Лявон Піліпавіч. Вось прыехаў.

— Заходзь, заходзь.

Громаў усадзіў госця, сам сеў побач. Косцік не адрываўся поглядам ад камандзіра атрада. Апрануты проста — шэры касцюм, пры гальштуку. Кудлатыя бровы, вочы глыбока ў вачніцах — глядзяць радасна, зацікаўлена.

— Дык як жывеш, Канстанцін Мінавіч? Дзяцей колькі маеш?

Косцік пацёр шыю — ныла пасля сну на вакзале, заўсміхаўся.

— Жыву нічога. Дзякую. Жонкай Бог не пакрыўдзіў. Чацвёра дзяцей выгадавалі.

— О, малайчына. Гэта правільна, скажу табе.

«Дык з чаго пачаць? І, увогуле, ці трэба пра ўсё расказваць, як гаварыла Паліна? А мо трохі пасяджу, пагамонімо, ды і падамся назад — на Калінкавічы. А як аддаць гасцінцы? Няёмка неяк тут, у кабінеце. Добра, што «палескую» не вёз — зусім брыдка выйшла б...»

— І работа як — падабаецца?

— Ніштаватая работа. Клопатная, праўда. Асабліва ўлетку, калі пажары ўспыхваюць.

— Так, шмат летась пагарэла лесу, — згадзіўся Громаў, падсоўваючы да яго попельніцу. — Куры, Мінавіч. Сам во збіраюся кінуць, ды смеласці не хапае.

Косцік абрадаваўся прапанове — мо хіба добрая зацяжка здыме прыкрае хваляванне, суніме няёмкасць.

— Частуйся маімі, — падсунуў Громаў пачак «Казбеку».

— Не, — пакруціў галавой Косцік, — да «Прымы» прывык, ужо колькі гадоў з ёю сябрую.

Закурылі, зацягнуліся зацяжкамі. Памаўчалі. Але ў гэтай напружанай маўклівасці адчуваўся кароткі перапынак перад галоўнай размовай, якая яшчэ не распачалася, але ўжо наспела. Громаў націснуў кнопачку на стале, на апараце, некага папрасіў:

— Зінаіда Пятроўна, госць у мяне з дарогі — чайку б нам гарачага, крутога.

Праз колькі хвілін у кабінет зайшла маладжавая кабеціна, павіталася з Косцікам, паставіла перад імі паднос і адразу выйшла.

Громаў, не падымаючыся, адкрыў ззаду сябе шкляныя дзверы шафы, узяў маленькую бутэлечку каньяку і наліў колькі кропель у Косцікаву шклянку.

— Гэта табе з холаду. Марозік цяпер ладны ўзяўся, так і хавай нос. Ці на Палессі мо цяплей?

— Якое там — пананосіла гурбаў вышэй хат. Ледзьве выкарабкаліся...

— Ураджайны павінен быць год. Снегу ў полі многа — коласу падмога. Так гавораць?

— Так, так. А ў нас, у Спрымачове, кажуць: снег у полі — чакай лепшай долі.

— Таксама добра.

Зноў маўчанне. Зноў размова пі аб тым, ні аб сім.

«А, не буду нічога расказваць, — рашыў Міхалап, грэючыся гарбатай, абдымаў шклянку шурпатымі далонямі. — Мо калі як іншым прыездам...»

Зазваніў на стале тэлефон, але Леанід Піліпавіч сядзеў, не падымаўся.

— Як там у вас, звер водзіцца?

«Э, цябе не правядзеш, пачынаеш здалёк, адчуваеш, з-за чаго прыехаў...»

— Ды як сказаць — дзе водзіцца, а дзе ўжо і не. Не толькі звер, а рыба. Бусел не хоча сяліцца, пчолы гінуць... — не заўважыў, як завёўся — сакратар наступіў на балючае.— А, што гаварыць... Чалавек зверам зрабіўся, Лявон Піліпавіч...

Громаў нахмурыўся, і на твары выразна абазначыўся шрам — сіпі пісяг на левай шчацэ, каля вока. Толькі цяпер яго заўважыў Косцік — чаму раней не прыкмеціў? — сядзіць жа Піліпавіч побач, вочы ў вочы, гадзіну ўжо, можа, клопаты свае пакінуўшы, во на яго свой час пераводзячы... Помніў, калі паласнуў асколак — у баі пад Макаўкай, калі вырываліся з блакады...