— У "вобласць ён паехаў. Да Громава. Праўды шукаць.
— Ох, гора ты маё, — нахілілася на сагнутую руку — на стол, заплакала. — Ой як цяжка мне, дзед Мікіта. Усё жыццё на адлегласці, а ўвесь час ён мне блізкі і дарагі. З кожным годам даражэй. Гэта кара мне божая за ўсё...
— От, калюх-калюха, на два бокі і ўсторч, — падняўся з месца Ладуцька, замітусіўся ад нечакана пачутых слоў. — Гора мне з вамі. Што, думаеш, ён не прыходзіць і не гаворыць пра цябе? Тое ж, што і ты...
— Праўда? — Вікця падняла галаву, выцерла мокрыя Еочы, пазірала радасна на яго, шчасліва, не верачы. — Няўжо праўда? І яму гэтак жа цяжка?
— Цяжка. Яшчэ і як цяжка, — паклаў стары на плячо жанчыны спрацаваныя, пачарнелыя далоні. — Як вам не пашэнціла ў жыцці... Якую муку прынялі на сябе, не кожнаму і пад сілу вытрымаць такое.
Вікця плакала, не хавала слёз.
— Што ж, несці вам сваю долю і не данесці. І нічога не зробіш. Хочаш, я дам табе такой траўкі, што забудзеш яго, душа твая ачысціцца і стане светлай, сэрца будзе без адзінай ранкі. Хочаш?
Яна адмоўна пахістала галавой.
— Не, дзед Мікіта. Няхай ужо так будзе. Як жа тады жыць без... без гэтага? — жахнулася, адхіснулася, насцярожылася — вочы спалоханыя, раскрытыя. — Можа, гэта мне шчасце такое выпала.
— Мо і так, калюх-калюха... То я так сказаў, каб аблегчыць тваю душу, аж яна, выходзіць, без гэтага болю ўжо і жыць не можа. Вось як яно...
Толькі цяпер пачула, як за акном усчалася завіруха, скавытала, стукалася ў дзедавы вокны. Ладуцька — чараўнік няйначай. Добрым словам супакоіў, абнадзеіў — светла неяк стала, лёгка.
— А за яго не хвалюйся, — дзед не называў імя, — то сон добры, хаця ж і страшны. То яго, Косціка, не ўсе разумеюць, а ён мучаецца. Усе і мучаюць яго, калюх-калюха... Вунь і тады, горш за фашыстаў мучылі, а ён выжыў. А колькі ў вайну дасталося? Ды вось з тваім Жамойдам у яго нелады.
— Ведаю.
— Ад вайны яны ворагі. Можа, ён і не паехаў бы тады да партызан, каб Косцік не вымаг у яго заявы. А потым ён страляў Міхалапу ў спіну, як той уцякаў. Косцік і парваў тады ж паперку — не верыў, што падасца ён да партызан.
— Я не ведала пра тое, — прызналася Вікця.
Доўга заседзеліся ў Громава. Засталіся адны, пра час забыліся — за акном даўно ссутоньваўся шэры змрок.
Усё выказаў Міхалап сакратару абкома.
— Дзякуй вам, Лявон Піліпавіч. Каб не вы, не ведаю, да каго і паткнуўся б. Пэўна, ні да кога, аціх бы, змірыўшыся з усім — пугай абуха не пераб'еш...
— Знайшоў бы, Канстанцін Мінавіч, знайшоў бы. Проста смеласці трошкі не хапіла, і не ведаў, да каго падацца. А пытанне сур'ёзнае, зоймемся неадкладна. Вайна шмат бяды нарабіла. Латаем галоўныя дзіркі, а пра малое забываем. А за тое нам жорстка адплоціць прырода...
Начаваць паехалі да Громава.
«Ты уж извини меня, Серж...»
Сяргей заўсёды прачынаўся разам з маці. І хаця Паліна кожным разам старалася ісці на кухню нячутна, каб не патрывожыць дзяцей, ён усё роўна чуў яе крокі.
Паліна ніколі не заводзіла для сябе будзільніка, хаця ён і цікаў на стале. Не чула яна і радыё — дынамік вісеў на кухні. Яна прачыналася ў адзін і той жа час — а палове шостай. Дзень у дзень, год у год...
Пасля Сяргея ўставалі і астатнія — гаспадар, сыны і дачка. Маці запальвала ў печы, і тады пачыналі трашчаць смалякі, ахоплівалі полымем палянякі, скакалі па сцяне чырвоныя сполахі.
— Мамо, што на сняданак — бульбу ці аладкаў зробімо? — папыталася Галя, выціраючы ручніком твар. Была яна ў спартыўным сінім трыко, у шэрай блузцы з кароткім рукавом.
— А што для вас лепш, тое і рыхтуй, — паціснула плячыма маці, нахілілася над чыгуном — насыпала ў яго дробную бульбу. — Для мяне дак усё адно.
— І мне абы сняданак, — азваўся гаспадар — галіўся электрабрытвай — стаяў каля люстэрка, прымацаванага да сцяны.
— О які ў нас народ непераборлівы — што згатуеш, тое і з'ядуць, — заўсміхалася дзяўчына, і на шчоках абазначыліся ямачкі. Завязала на шыі касынку, каб не заміналі косы. — Тады абіраю бульбу, смажым мяса.
Яна села на ўслончык, узяла нож і пачала сваю работу. У Галі зграбная, гнуткая пастава. Расла непрыкметна, ціха, хадзіла з Палінай на ферму — памагала даіць кароў, як была вольная ад урокаў. Скончыла школу, і на яе пачалі заглядвацца хлопцы: прыгожыя, агністыя былі ў яе вочы. Вясёлая, жвавая — па бацькавай лініі пайшла. Якую б работу пі рабіла, усё ў яе выходзіла лёгка, як бы гуляючы. Паехала ў Рэчыцу і здала экзамены ў заатэхнічны тэхнікум.
Радаваўся Косцік за дачку — убіралася ў прыгажосць і сілу. Ды і з твару нічога. Хлопцы набіваюцца з клуба правесці дадому, а яна, гарэзніца, паабяцае катораму, а сама неўпрыкмет збяжыць. А потым ад смеху заходзіцца дома.