Выбрать главу

— Да вечара.

Вось-вось павінен падысці аўтобус. Сенька, шафёр, амаль заўсёды прыязджаў у адзін і той жа час, не спазняўся. Па ім хоць гадзіннік звярай.

Абуджалася вёска. Чуліся знаёмыя галасы і воклічы, гудзенне машын і трактароў. Раніцай гаворка гулка разлягалася па ўсім Спрымачове, хоць ты шапні ціха ў дальнім канцы Будкоў — у другім пачуюць. Вяскоўцы падзялілі сваю вёску на дзве. Па правы бок Лабасова — Крушніца, па левы — Будкі.

Адкуль пайшлі такія назвы, Сяргей не ведаў, бо з пакалення ў пакаленне пераходзіла. І чулася ў тых назвах нешта знаёмае і блізкае — Будкі, значыць, будаваліся палешукі. Крушніца — крушына. Яе па ўсім лесе процьма. Так што тут вялікага сакрэту ў назве не было...

Як быў у арміі, слых лашчыла назва вёскі. Скажаш услых: «Крушніца», а чуеш — суніца, завушніца, зарніца... Як быццам каменьчыкі перакочваюцца на дне Лабасова.

Любіў Сяргей лес.

Ведаў дасканала бацькавы сцежкі, таптаў іх, ідучы побач з ім. Не толькі вучыўся лесніковай мудрасці, а і памагаў рэзаць метроўкі, садзіў саджанцы, збіраў шышкі...

Бацька радаваўся, перакананы быў, што і Сяргей яго дарогу выбраў. Бо ад яго ні на крок. Верыў у тое ж і ён, Сяргей.

Аж памянялася ўсё нечаканым бокам.

Аднакласніца Зоська, дзяўчына з агністымі вачыма і пяшчотным голасам, якая так запала ў душу і сэрца, што і дня не мог пражыць без яе — начамі снілася, спытала аднойчы, як праводзіў дадому са школьнага вечара:

— І куды пасля школы, Сяргейка? Думаеш паступаць?

— Не ведаю, Зоська. Лес люблю. Мо ў тэхнікум лясны падамся.

— Гэта добра. Лес... А я, ведаеш, кім хачу быць?

У Зоіькі на вочы спадае чолка, і яна раз-пораз папраўляе яе рукой, стараецца выглядаць дарослай, сталай дзяўчынай, вачмі з годнасцю водзіць па баках, вучыцца выглядаць задумлівай і заклапочанай.

— Кім? Ты ж не хвалілася ў класе, таму і не ведаю.

— А смяяцца не будзеш, як прызнаюся?

— Не буду...

Яна гарэзліва зірнула на яго, быццам чакала, калі яшчэ больш разарыцца ў яго цікавасць, на плячо яму падбародак паклала, і ён адчуў яе крамяныя грудзі-кулачкі.

— Не адгадаеш, ніколі не адгадаеш. Я, як і ты, па бацькавай дарозе пайду — у механізатары. На трактары буду рабіць. Во!

— Ты гэта сур'ёзна? — не верыў ён. Верка Чыканова сказала б, можна ўявіць, бо дзяўчына сур'ёзная, калі надумае што — выйдзе па ёй. Рашучая. А Зоська — матылёк, чалавек настрою. — Ты — на трактар?

— А што тут такога? Хлопцы ідуць у даяры, а я не магу ў механізатары?

— Калі гэта, канешне, сур'ёзна.

— Ты за мяне? — яна нечакана абхапіла яго за шыю.

— Ага, — згадзіўся, а думаў адгаварыць яе.

Праз месяц, калі пачалі рыхтавацца да выпускных экзаменаў, застаўшыся аднойчы адзін на адзін у класе, паклаў сваю руку на яе, сціснуў, спытаў нясмела:

— Зоська, а што, калі і я з табою — разам вучыцца?

Дзяўчына шырока акругліла вочы, мірганула нафарбаванымі вейкамі, не паверыла таму, што пачула, усклікнула:

— Ой, як было б здорава! Сяргейка! Але як жа ты са сваёй марай, га?

— Нічога, у лясніцтве і механізатары трэба.

Бацьку не прызнаўся, што пахаваў свае ранейшыя планы. Ведаў, што зробіць яму балюча, што не адобрыць задумкі, але нічога ўжо з сабой парабіць не мог — каханне да дзяўчыны аказалася мацнейшым за ўсё. Нават за мару. Хаця ў душы і нараджаўся пратэст супраць самога сябе, хаця ведаў, што робіць неабдуманы крок, што гэта несур'ёзна...

Бацька пра ўсё даведаўся. Галя сказала. Не ўшчуваў. Як ведаў, што мог бы нарабіць яшчэ большай бяды... Мудры і добры ў яго бацька!

Здалёк яшчэ, асвяціўшы фарамі дарогу, запілікаў аўтобус. Спыніўся побач. Сенька, штурхануўшы ручкай дзверцы, як заўсёды, крыкнуў:

— Захадзі, госцем будзеш!

Беглі да аўтобуса Хіялаў сын і Адарчын Міхась.

У аўтобусе было прыцемкавата, але Сяргей і так пазнаў усіх, і па голасе, і па абрысах твару. Сенька браў людзей з Жахавіч — аж дзесяць, астатнія былі з Турбіна і Зімовай Буды. Там ужо назбірваўся і набіваўся цэлы аўтобус, аж стаялі ў праходзе...

Сяргей ужо даўно прывык да гэтага тлуму, да тытунёвага дыму, да ранішняй «слоўнай гімнастыкі», калі вастрасловы падымалі такі рогат, што і нелюдзімы заўсміхаецца.

Не першы год ён на гэтай рабоце. Асушваў балоты І ўкладваў па дне пракапаных канаў дрэнаж — гліняныя трубкі, адна да адной. Працаваў машыністам шматкаўшовага экскаватара. У яго брыгадзе пяцёра чалавек. Памочнікам сабе ўзяў Віталя Хіяла, толькі што з арміі, і траіх паляшучак. Дзве з іх замужам, па двое дзяцей нарадзілі, адна зноў у дэкрэт збіраецца. Трэцяя ж, Алёнка, дзяўчына, таксама гэтым аўтобусам ездзіла — з Зімовай Буды. Алёнка чымсьці на Зоську падобная — заўсёды з усяго здзіўляецца, невядома чаму радуецца. І вочы такія ж круглыя робіць.