Выбрать главу

Ты дакранаешся да маіх губ, сціскаеш іх.

— Не чапай таго. ён маё гора і няшчасце.

Шкадую, што нічым не магу памагчы табе. Баюся, што калі і памагу, калі нечым і стану для цябе, нейкім часовым душэўным прытулкам, як прывыкнеш да мяне — то я тады ж упадоблюся таму варнаку, які рве тваё сэрца на дробныя шматкі...

Няхай не будзе такога. Не хачу я.

І я стаяў на раздарожжы. Ці зрабіў я правільна, паклікаўшы цябе? Гляджу ў густа сплеценае голле, шукаю там адказу на свае адказы і сумненні. І не знаходжу яго. Адчуваю, як ты сцішылася, супакоілася, сказаўшы мне тое, што так апякала тваю душу. Баялася — і сказала. Не магла не сказаць.

— Ты толькі не праганяй мяне цяпер, добра?

Ты шэпчаш і яшчэ мацней прыціскаешся да мяне. Як бы баючыся выпусціць мяне са сваіх абдымкаў назаўсёды. І я адчуваю, якія ў цябе гарачыя і пругкія грудзі. І я міжволі шукаю твае салёныя ад слёз вусны...

Праз гадзіну ці дзве ты прачынаешся, спалохана прыўзнімаешся на локцях, шырока раскрыўшы вочы. Я тут жа супакойваю цябе:

— Не хвалюйся, усё добра.

Ты зноў зняможана падаеш на падасланы пінжак, зажмурваешся, уздыхаеш:

— Доўга я спала?

— Не вельмі. Я бярог твой сон. Прыснілася што кепскае?

— Не. Я спалохалася цішыні.

Мая рука ў тваёй, і ты зноў тулішся да мяне. Няма ўжо ранейшай дрыготкі, рукі цёплыя і спакойныя. І я радуюся, што табе добра. Значыць, і цябе лечыць мой лістапад.

Быў бы я ўсёмагутны, быў бы я Богам, я зрабіў бы так, каб ты была шчаслівая. Што б я зрабіў? А сапраўды — што? Злучыў бы вашы душы? Дык ты ж сама сказала, што будзеш самай няшчаснай. Прымусіў бы пакахаць каго іншага, каб забылася пра яго? Зрабіў бы глупства. А калі загадаць жаданне, зрабіць проста шчаслівай? Тады — што такое шчасце? І колькі яно доўжыцца — гадзіну, месяц, год?

На ўсялякі выпадак удакладняю:

— Каб я быў Бог, каб умеў рабіць цуды і мог бы зрабіць цябе шчаслівай — што б ты хацела?

— Бог? Шчаслівай?.. — ты перапытваеш і не разумееш майго пытання. Нейкі час сядзіш задумліва, паціскаеш плячыма: — Не ведаю. Зусім не ведаю...

Мы вяртаемся ў горад пад вечар.

У маёй душы падняўся нейкі незвычайны настрой — здавалася, што я не хаджу, а лячу над зямлёю. Не высока, а так, амаль не дакранаючыся да яе...

— Учора фільм глядзела. Дык хлопец, хочучы даказаць сваё каханне да дзяўчыны, саскочыў з акна трэцяга паверха. Дурноцтва, праўда? — ты задумліва глядзіш пад ногі і забываеш, пра што сказала.

— Правільна. Дурноцтва. Забіцца ж мог. Каму ён тады гаварыў бы пра сваё каханне?

Мне нешта распірала грудзі. Свярбелі рукі — ад кончыкаў пальцаў да плячэй, былі нейкімі бязважкімі. Мне таксама нешта хацелася зрабіць для Наташы. Але што? Як зрабіць яе шчаслівай? Яна не хоча шчасця, бо не ведае, што гэта такое.

— З трохпавярховай вышыні скакаць — глупства.

А калі я не саскочу, а, наадварот, узлячу вунь на той дуб. Ты будзеш задаволена?

Ты прымаеш маю гульню, усміхаешся, перапытваеш:

— На які дуб? Вунь на той — самы вышэйшы?

— Ага.

— Яму за шэсцьсот гадоў. Ахоўваецца дзяржавай.

— Ведаю, — кажу нецярпліва, адчуваю, як рукі наліваюцца пругкай сілай. — Заляцець?

Ты ўжо не смяешся, а рагочаш:

— Зрабі, Антон, такую ласку. Буду вельмі радая.

— І ты станеш шчаслівай? Скажы...

— Стану, Антон. Пакажы, як ты паляціш? Ну?..

Мае рукі сталі пругкімі і лёгкімі. Я ўзмахнуў імі, як крыламі, адпіхнуўся нагамі ад зямлі — і мяне нейкая невядомая сіла панесла ўверх. Мяне адразу скаваў страх вышыні і нечаканага пераўвасаблення. Я ж амаль забыўся пра тры жаданні, якія падрадзіўся здзейсніць Бог. Жарты, думаў.

Закрычаў не я. Закрычала Наташа, застаўшыся на зямлі.

Я махаў крыламі і некалькі разоў абляцеў крону дуба. Паспеў скрозь слёзы — вецер дзьмуў у вочы — заўважыць удалечы роўнядзь Прыпяці, чыгуначны вузел пасёлка, краны порта Пхоў... Усеўся на вяршаліну, усё яшчэ не мог перавесці дух. З усіх сіл ушчаперыўся за разгаліну, баючыся зваліцца на зямлю. Нешта ўнізе гаварыла і крычала Наташа, але слоў не пачуў — увушшу свістаў вятрыска.

Мне хацелася яшчэ палятаць, а потым спусціцца на зямлю. Але рукі не адрываліся ад верхавіны дуба.

Прыехала міліцэйская машына. І я не пачуў галасоў міліцыянераў, якія паказвалі на мяне пальцам і нешта вырашалі.

Нада мной плылі воблакі, як не чапляліся за мяне. Мне хацелася перасесці на адно з іх, пасядзець, як на канапе. У сне было добра раскашоўвацца на воблаках.

Мяне біў нервовы страх, клацалі сківіцы. Вось-вось разрагачуся на ўсё неба істэрычным мефістофельскім смехам і — звалюся паленам на зямлю...

Потым прыехала пажарная машына. Прыставілі да дуба лесвіцу, але і яна не даставала да мяне — перашкаджалі галіны.