Выбрать главу

Бегалі, мітусіліся пад дубам людзі.

«Ну што, ганарлівец, не верыў першаму цуду?» — пачуў я аднекуль зверху іранічны, з падколам, голас.

— Не верыў, святы Айцец! — крычу я і адчуваю, як ірвуцца галасавыя звязкі — пачаў сіпець.

За спіной пачуўся гул верталёта. Ён падляцеў да мяне і завіс непадалёку. Адкрыліся дзверцы, і юнак у лётчыцкай форме крыкнуў у мегафон:

— Антон, як пачуваеш сябе?

Спрабаваў крыкнуць, што нічога маюся, але з горла вырваўся толькі сіпаты выдых. Тады я паказаў вялікі палец паверх кулака.

— Значыць, о'кэй! Трымай! — хлопец кінуў мне вяроўчыну. — Зашмаргні на сабе пятлю, мы ссадзім цябе на зямлю.

Я хапаю мяккую і тоўстую канатную вяроўчыну і абкручваю ёю сябе.

Верталёт павольна прыўзняўся ўверх, канат нацягнуўся — і я адпусціў рукі ад дрэва. Калі ж я пакінуў дуб, канат аслабіўся — я ляцеў побач з верталётам, распластаўшы рукі. Перамагаў страх, калаціўся, бы ад холаду, але ляцеў, толькі баяўся, каб не падняло мяне ўверх і не папаў пад вінты верталёта. Мы так і завіслі над самай зямлёю — верталёт і я. Падбегла Наташа, учапілася ў калашыну і сцягнула мяне на зямлю, развязала канат.

Тады толькі верталёт рэзка ўзмыў уверх, абдаўшы ўсіх пругкім ветрам, папалам з пылотай.

Да мяне падышоў малады лейтэнанцік у міліцэйскай форме, казырнуў, прадставіўся, папытаўся:

— Як вы туды, таварыш Зялёнка, узабраліся?

— Заляцеў, — усміхаюся я, і мяне пачынае разбіраць нервовы смех.

— Жартачкі потым, грамадзянін Зялёнка. — І звярнуўся да Наташы: — Вось вы ўсё бачылі. Скажыце, як ён туды ўспёрся?

Наташа выцірае слёзы і паглядае спалохана на мяне — ці жывы і што са мною адбылося. Адказала сур'ёзна:

— Ён узмахнуў рукамі і адразу заляцеў туды... Ён і назад зляцеў.

Лейтэнант паківаў галавой, пакруціў пальцам каля скроні. Спачувальна паглядзеў на нас.

Я доўга не мог адысці ад свайго першага цуда. Упіраўся нагамі ў зямлю і не мог усё паверыць, што яна трымае. Мяне хістала, а рукі пякло агнём.

— За дапамогу дзякую, — звярнуўся я да лейтэнанта, — але вам майго палёту не зразумець. Тут слова сваё павінна сказаць навука.

— От уляпіць бы табе за хуліганства пятнаццаць сутак — тады як міленькі прызнаўся б, — пакрыўдзіўся ўчастковы і пайшоў да жоўтага «Жыгуленка». Адкрыўшы дзверцы, дадаў, гледзячы ў мой бок: — Юрый Гагарын мне тут знайшоўся...

9.

— Няма ў мяне кватэры, разумееце, няма, — хмурыцца Фядос Рыгоравіч, сціскае пальцы на стале, галавой хітае, бы ад камароў адганяецца. — Фондаў няма. Трошкі пацярпіце. Праз нейкі час і да вас чарга дойдзе. У бядзе не пакінем — ветэранаў мы ўсіх забяспечым...

Андрэй Іванавіч стаіць ля дзвярэй, пераступае з пратэза на нагу — старшыня гарвыканкома нават сесці не запрасіў. А каб і запрасіў, то што з таго? Свяціла б хата? Ласкавей пагаварыў з ім?

— Калі ж тое будзе? — уздыхнуў Арэшка, кашлянуў.

— Мо праз год...

— .Мо я ў гэтым годзе Богу душу аддам.

— Не аддасце, вы вунь яшчэ які мацак, — спрабуе жартаваць Ганчарэнка, нечакана весялее, і вочы ўжо. не хаваюцца за нахмуранымі бровамі. — А кватэру мы вам выдзелім. Абяцаю. Пачакаць трошкі трэба.

— Вы ж абяцалі ўжо — у гэтым годзе. І гэтак жа прасілі пацярпець.

— Абяцаў. Прасіў. А вунь як выйшла.

— А ў кватэрах, каму яны не трэба, людзі і гадамі не жывуць. Сабака жыве адзін на тры пакоі, а чалавек, які згубіў нагу каля рэйхстага, і аднапакаёвую людскую не можа мець...

Ветэран гаварыў ціха, як бы вінавата, бы баяўся ўзлаваць старшыню, але парабіць з сабою ўжо нічога не мог — боль выпіраў вонкі. Правае вока ў Арэшкі слязілася, і ён раз-пораз выціраў яго рукавом.

— Які сабака? Дзе вы такое бачылі? — зноў насупіў бровы Ганчарэнка. — Паклёп узводзіце на савецкую дзяйствіцельнасць. А за гэта, ведаеце, і недалёка...

— Далёка, далёка, дарагі таварыш, — голас у Арэшкі пацвярдзеў, наліўся сілай.

— Ну, ты...— твар у старшыні запунсавеў, губы зрабіліся злыя, тонкія, бы нітачкі, у вачах загараўся нядобразычлівы агеньчык. — Паасцярожней тут, а то можна зрабіць, каб міліцыя адсюль вывела.

— Ну і напалохаў, — кісла ўсміхнуўся Арэшка, шмаргануў носам, крутануўся на драўлянай назе, — тое і ўмее, што пужаць. А можа, хопіць нас ужо... га? Хе-хе... Нагаварыліся, як гразі наеліся. Жыві, братка, у сваёй чатырохпакаёвай, дабра нажывай. Не, я не зайздрошчу табе і тваёй кватэры. Такая мне не трэба. Мне крыўдна, што канверты з купюрамі не такія квадраты выбіваюць...

— Паклё-оооп! — амаль закрычаў, устаўшы з-за стала, Ганчарэнка, але тут жа спахапіўся, адчуў, што сваёй нявытрыманасцю толькі выдае сябе, паўтарыў ужо спакойна: — Паклёп зноў наводзіце, таварыш Арэшка. Есць чарга — ільготная і такая. Вось згодна з ёй...