Выбрать главу

Чамусьці пра тое не балела галава Ганчарэнку. Праўда, будаваць яго пачалі. Фундамент заклалі шэсць гадоў назад, і пасля таго да аб'екта не падышоў ніводзін будаўнік. Як заклятым тое месца стала. Мала таго, у горадзе столькі унікальных дамоў, з адмысловай архітэктурай, дык на іх месцы надумаліся будаваць шматпавярховыя гмахі. Быццам нельга тыя прыгожыя дамкі ўпісаць у гарадскі пейзаж. Яны ж як візітная картка горада.

— Што рабіцьмем? — на петрыкаўскі манер папытаўся Зялёнка ў Пушкарчука. — Ці будзем адрываць дзяржаўнага чалавека ад дробязных, на яго погляд, спраў?

— Трэба, але як прабіцца да яго?

У прыёмную зайшоў журналіст газеты Баброў. Яго Зялёнка пазнаў адразу — паўгода назад напісаў разгромны артыкул пра яго. Пра выстаўку. З таго часу і пайшлі нелады ў рабоце.

Баброў падышоў да сакратаркі, даверлівым голасам, як часты госць, пацікавіўся:

— Фядос Рыгоравіч заняты?

— Прыём у яго. Але я магу папытацца, можа, і прыме, калі што тэрміновае ў вас?

— Не-не, я і забыўся, што сёння прыём. Я перазваню яму.

Баброў насіў кароткія, хаця і пышныя, вусы. Акуратна падстрыжаны, паголены. Адзенне на ім звышмоднае, замежнае. Чаравікі на тоўстай падэшве. Касцюм пясочнага колеру, гальштук — усё гарманіравала, усё пасавала да яго твару. За сваёй знешнасцю, відаць было, ён сачыў круглыя суткі. Заўважыў Пушкарчука і Зялёнку, пайшоў да іх.

— Прывітанне творчым мастацкім сілам нашага горада! — бадзёра, напаўголаса прамовіў ён, падаючы руку.

— Здаровенькі булы.

Зялёнка ведаў, калі Пушкарчук каго не любіў ці не паважаў, заўсёды так адказваў на здароўканне. Сам жа перавярнуў тое самае:

— Булы здаравенькі...

— Таксама да яго?

— Аўжэш.

— З чым?

— Ды во мы тут усё напісалі, — Мікола дастаў з кішэні аддрукаваны на машынцы, па некалькіх старонках, допіс. — Мо спатрэбіцца. Я ведаю, якое ў вас вострае пяро. А тэма актуальная...

У голасе сябра Антон чуў нейкае падколванне, нават здзек, але тое такое мог зразумець толькі ён, Зялёнка. За доўгія гады навучыўся да драбніц распазнаваць настрой свайго сябра. Але тут было яшчэ і нешта больш глыбейшае — едкае высмейванне пыхі, самаўпэўненасці. Але на твары Пушкарчука была сур'ёзнасць і заклапочанасць — паспрабуй здагадайся, што ён цяпер злы і пякучы, як крапіва.

Баброў узяў напісанае. Яго журналісцкае пачуццё падказала, што ў руках цікавы, хаця і спрэчны, матэрыял. А такое рэдка пападае ў рукі. Вочы загарэліся, тарчаком сталі вусы.

— Калі не падыдзе ці не спадабаецца, то просьба, каб вярнулі — бо на гэтым размова можа і не скончыцца. Мы будзем прапаноўваць усесаюзнай прэсе.

— Добра, я сёння ж прачытаю ў сябе на рабоце. Усё абмяркую, а потым скажу сваю думку...

Пушкарчук згодна хітнуў галавой.

— Не надрукуюць. Пабаяцца, — прамовіў Мікола, як Баброў адышоў ад іх. — А што цяпер рабіць, браце Антоне?

Зялёнка глядзеў у акно, не адрываў позірку ад Арэшкі. Ён сядзеў у той жа паставе — схіліўшы галаву, рукі склаў на каленях. Як спаў усё роўна.

— На шыльдзе напісана, што прыём па асабістых пытаннях вядзецца да шаснаццаці гадзін. У нас не асабістае. У нас грамадскае. Таму мы можам прыйсці ў любы час. Прапаную сёння пасля ўсіх завітаць да яго. А сакратарцы сказаць, што мы маем да яго пільную справу і просім прыняць у канцы дня.

— Згодзен.

Баброў сеў за стол, перабраў паперы. Пазваніў аднаму, другому, удакладніў патрэбныя адрасы і лічбы. Уключыў маленькі японскі магнітафон з запісам рокавай музыкі, настроіўся на рабочую хвалю.

Успомніў пра паперы, што перадаў яму мастак Пушкарчук. Дастаў іх са скураной сумкі, пачаў чытаць:

«...гавораць, што на тэрыторыі сельскага Савета ніхто не мае права забіць ніводнага калка без згоды яго старшыні. Так запісана ў законе. Так яно павінна і быць. Але ж што атрымліваецца на справе? Б'юць не толькі калкі, а слупы, рыюць глыбокія кар'еры. Труцяць рыбу і ўсё жывое. Знішчаюць па-варварску прыроду. І таму наспела даўно неабходнасць стварэння ў рэспубліцы адзінага органа кіравання — камітэта рэспублікі па ахове прыроды. Гэты камітэт сёння неабходны, як паветра. Без яго не можа быць прагрэсу і жыцця. Без прыроды мы мёртвыя.

Вось таварыш Дудзін, як член выканкома, больш пяці гадоў займаўся пытаннем вынасу вялікага населенага пункта Міхалкі з зоны прамысловага забруджвання. І што адбылося? Мы пераканаліся, што, як гэта ні парадаксальна, некаторыя ведамствы абсалютна не ўлічваюць тэрытарыяльныя інтарэсы. Яны, як гэта сказаць дакладней, ператварыліся ў дзяржаву ў дзяржаве.

Такое становішча нецярпімае. Мы лічым і просім узаконіць абавязковы ўдзел у дзяржаўных камісіях па прыёмцы любых дзяржаўных аб'ектаў старшынь выканкома раённага і сельскага Саветаў, а таксама органаў санітарнай аховы прыроды.