Выбрать главу

А то ж што атрымліваецца? Мы вымушаны не давяраць рэспубліканскім органам у гэтым пытанні таму, што ніхто з іх не панёс аніякай адказнасці за нанесеныя страты прыродзе. Ім не сорамна ні перад людзьмі, сярод якіх яны жывуць, ні перад сваім сумленнем...

Возьмем, да прыкладу, солевы завод. Ігнаруючы думку раённых служб, абласная інспекцыя аховы прыроды і санітарная служба падпісалі дзяржаўны акт аб уводзе ў эксплуатацыю таго завода без ачышчальных збудаванняў.

Атрымліваецца, што канцэнтрацыя солі ў зямлі, на паверхні, перавышае норму да дзесяці разоў. Мы пачалі вайну з кіраўніцтвам завода: там пастаянна знаходзіцца народны кантроль, іншыя службы кантролю. Дык да чаго дадумаліся — пачалі скідваць адходы ў Прыпяць па начах. І робяць тое ў канцы месяца, калі трэба прадпрыемству выконваць план. Напрошваецца пытанне: каго мы атручваем? Ці не саміх сябе?!

Я хачу сказаць яшчэ і пра тое, што некаторыя абласныя службы аховы прыроды хочуць адчуваць сябе недатыкальнымі каралямі. Яны ўхіляюцца ад сваёй задачы, шукаюць лёгкіх шляхоў у сваёй рабоце...

Аблсельбуд прыняў у эксплуатацыю завод панельнага і буйнапанельнага будаўніцтва. Плануе выпускаць свае адходы ў ачышчальныя збудаванні... солевага завода. А іх няма. Што гэта? Мы паўгода назад гаварылі пра тое на паседжанні выканкома, паслалі запытанне і ў сельбуд. І што ж? Аніякай рэакцыі. Мы цікавіліся ў старшыні гарвыканкома Ганчарэнкі і нічога зразумелага не пачулі, ён упарта адмоўчваецца.

Мы просім выканком, каб давалі ў тэрмін адказ старшыням выканкомаў і сельвыканкомаў, калі яны звяртаюцца з запытам ці афіцыйным пісьмом да вышэйшага начальства. За нашую такую просьбу аблвыканком не ўключыў у гарадскую камісію раённага санітарнага ўрача і інспектара па ахове прыроды. Гэта называецца так: вось вам тое, чаго вы так дабіваліся.

А мы скажам больш таго — зусім побач будуецца яшчэ буйнейшы завод домабудавання, ён здаецца ў гэтым годзе, і ўжо пракладваецца канал для скідвання брудных адходаў. Усё пойдзе ў рэчку, у возера, якое пабудавана для арашэння шасцісот гектараў зямлі. Загіне зямля, і мы закапаем у зямлю некалькі мільёнаў рублёў. І не атрымаем ураджаю.

Апошняе. Пытанне аховы грунтовай вады. Пабудавалі дваццаць пяць магутных свідравін каля горада. Выхапілі з ніжніх слаёў ваду — і ў выніку дзесяць вёсак засталіся без яе.

Вось да чаго прыводзяць бяздумныя адносіны да прыроды, калі старшыня выканкома ставіць бяздумна свой подпіс пад сур'ёзнымі дакументамі.

Райвыканком імкнуўся нешта выправіць — сабраў долі з саюзных міністэрстваў, выкананы праектныя работы, уключаны ў план міністэрства прамысловага будаўніцтва. Але тое будаўніцтва было даручана трэсту № 24, а з яго, як кажуць, бы з гусака вада. Толькі трыццаць два працэнты выканаў ад гадавога плана. У чатырох вёсках што-кольвечы пачалі рабіць, а ў шасці нічога, па сутнасці, не пачата.

Так будуе той трэст і будынак музея, які вельмі неабходны нашаму гораду...»

Баброў паклаў паперы ў канверт, задумаўся.

Не зразумеў напачатку — што за пісаніна? Такога Пушкарчук напісаць не мог. Але ўсё праўдзіва і актуальна. На праверку пойдзе шмат часу. А калі ўсё пацвердзіцца — ці дасць згоду на друкаванне матэрыялу рэдактар Анкудовіч? Гэта ж орган райкома і гаркома партыі. І выканкомаў. А тут грахі відавочныя. І не на карысць таго ж Ганчарэнкі выносіць свае промахі па старонкі газеты...

— Во паламае Баброў галаву, — смяяўся Пушкарчук, ідучы з Зялёнкам па вуліцы.

— А што ты яму падсунуў?

— Выступленне старшыні райвыканкома, ён павінен быў выступіць на сесіі абласнога Савета. Але, прачытаўшы папярэдне яго тэкст, не далі слова. Раённы старшыня Захараў мой добры сябра. Любіць ён мастацтва, сам малюе няблага.

— А калі ён зацікавіцца той тэмай і дасць у рэспубліканскую газету? — выказаў меркаванне Антон.

Мікола зарагатаў:

— Не асмеліцца, ён хапаецца толькі за тое, што праходзіць. А тут супраць і абласнога начальства крытыка. У спрэчку ён не ўступіць. Гэта я яму так, як кажуць, інфармацыю для роздуму падсунуў. Каб даказаць яго ж бездапаможнасць. Гэта ён на цябе смела накінуўся, бо ў цябе няма начальніка-прыхільніка. І абаронцы.

— А мне і не трэба абаронцы-прыхільнікі.

— І правільна. А факты ў тым выступленні вельмі сур'ёзныя. Добра было б, каб былі надрукаваны. Але хіба ж дазволіць савецкая ўлада, каб паказаць сябе з такога боку?