Выбрать главу

10.

Дзень душы...

Так мы называем той дзень, калі ўсе разам — я, Мікола і Наташа — адпраўляемся да Валеркі ў госці.

Дзень душы — гэта свята. Фіеста. Апафеоз пачуццяў і жаданняў.

Мы той дзень не прызначаем, не выбіраем, ён нараджаўся сам, як нараджаецца раніца. Як нараджаецца дзіця альбо цікавая думка ці рашэнне.

Дзень душы...

«Адкрыла» Валеру яна, Наташа.

Ад работы яе прызначылі агітатарам на выбарах. Яна абышла некалькі вуліц на ўскрайку горада, расказвала шмат добрых слоў пра выбраннікаў. Аднаго з іх ведала і сама — Ганчарэнку. Другога ж, рабочага метызнага завода Каршкова, і ў вочы не бачыла. На руках у яе была фатаграфія і біяграфія.

Людзі слухалі яе, ківалі галовамі, добра, а як жа прыйдзем, аддадзім галасы за абраннікаў сваіх, прыйдзем першымі, нацямочку.

Наташы вельмі не падабалася тая работа — хадзіць і расхвальваць тых, хто пры ўладзе, і невядомых з сухой біяграфіі. Пра Фядоса Рыгоравіча яна ведала. Як ведала пра Веру Міхайлаўну, пра яе каханне.

Зайшла Наташа ў адну хату — цагляную, пад бляшаным дахам, пастукала ў дзверы. На дварэ ліў спорны дождж, і добра, што яна накінула на плечы дажджавік: з капюшонам. Ды і лёгкія гумавыя боцікі былі дарэчы.

Заканчвалася лета, было яшчэ вельмі цёпла, хоць босаму хадзі. Вуліцы прыгарада былі крутыя і слізкія, раўчакі цяклі з гары і неслі разам з сабою гліністы глей, утваралі змейкаватыя канаўкі. Іх ноччу пракліналі жыхары, траўміруючы ногі.

Ніхто не адказваў. Яна адчыніла і другія дзверы — у хату. Прачыніла, з парога спытала:

— Ці ёсць хто ў хаце?

— Есць, ёсць! — адгукнуўся нехта радасна з другога пакоя. — Заходзьце, я хутка.

Яна прычыніла за сабою дзверы, стала ў парозе. Далей не праходзіла. Скінула з сябе дажджавічок, страсянула галавой, атрэсла з кос дажджавыя кроплі. Чакала, калі ж гаспадар выйдзе да яе.

З расчыненых дзвярэй выкацілася каляска-крэсла. У ёй сядзеў і даверліва ўсміхаўся юнак. Быў ён коратка падстрыжаны, у акулярах, у сінім світэрку — з'явіўся перад ёю не на нагах, а на колах, у сініх спартыўных штанах і ў вязаных шкарпэтках. Дзяўчына на нейкі момант разгубілася, збянтэжылася.

— Добры дзень вам, — за шкельцамі акуляраў свяціліся вясёлыя агеньчыкі, погляд праніклівы і жывы. — Я слухаю вас — з чым завіталі да мяне? З якімі весткамі?

Тонам голасу хлопец схіляў яе да шчырай і даверлівай размовы, выказваў радасць, што ў яго госці.

Дзяўчына яму, відаць, спадабалася, бо ён не адрываў ад яе позірку, глядзеў знізу ўверх і ўсміхаўся.

— А вы распранайцеся, прысядзьце, — спахапіўся юнак, крутнуў колы, павярнуўся да крэсла, што стаяла ля акна. — І плашчык павесьце, чаго ў руках трымаеце?

Наташа паслухалася, вызваліла рукі, прайшла да крэсла. Паклала на калені папку з паперамі. Агледзелася. Кінулася ў вочы, што ў хаце ўсё простае і неабходнае — шафка з кнігамі, газеты на стале, тэлевізар у кутку, магнітафон...

— А вас як зваць? — спытаў гаспадар хаты і адарваў яе ад знаёмства з пакоем.

— Наташа. А да вас зайшла як агітатар. Перад выбарамі вось па хатах хаджу.

— А я — Валер. Валер Арлоў. Вось і пазнаёміліся. А як жа, цікава, вы мяне будзеце агітаваць? І за што?

Яна рассмяялася, нахіліла галаву, і на правае плячо ўпалі косы, закалыхаліся, як жывыя. Наташа зноў выпрамілася, паглядзела на хлопца і адразу адчула, што з ім цікава размаўляць — хаця, па сутнасці, яны яшчэ ні пра што не пагаварылі. Ад хлопца сыходзіла нейкая лёгкасць і ўпэўненасць. І не адчувалася, што ён не ходзіць, што не аціраецца сярод людзей, што не жыве іх клопатамі і праблемамі. Яна проста не заўважала яго хваробы.

А за акном паліў, не перастаючы, дождж. З дахаў на зямлю сцякалі раўчакі, бы збягалі тоўстыя ніткі, спявалі на розныя галасы капяжы. Яна адчула незразумелую палёгку на душы, і, можа, ўпершыню ёй падалося, што ў яе ніколі-ніколі не было аніякага болю. Упершыню за апошнія гады паверыла, што наперадзе светлыя і шчасныя дні...

— За што? — усё не праходзіў смех. Яна ўжо старалася патрапіць яго настрою, але не ведала, як тое лепей зрабіць. — А за тое, каб...

— Чыр-чыр, — падаў голас верабей, які нечакана ўскочыў на падваконне. — Чыр...

— Здароў, Чыр, здароў. Я тут, у добрым настроі. Наташа, слухайце мяне. Сядзіце маўкліва і не шавяліцеся, да мяне прыляцеў мой сябра. У яго час абеду. Я павінен яго пакарміць і пагаварыць з ім...

Яна кіўнула галавой і з непрыхаванай цікавасцю пазірала на гаспадара, як ён узяў з тумбачкі скібу хлеба, як пачаў крышыць яго на падваконнік.

— А вымак ты, Чыр, як купаўся ўсё роўна дзе. Чаму ты такі напалоханы? Што ў мяне госця? Не бойся, Чыр, яна табе кепскага нічога не зробіць. Дзяўбі, братка, дзяўбі і саграваліся. Замерз, бачу... Не спяшайся, усё роўна табе прыйдзецца дождж пераседзець у мяне. Вунь як лье.