— Добра, мы пойдзем, Наташа, — згадзіўся Пушкарчук — за сябе і Антона адказаў. — Толькі ты раскажы напачатку, куды мы пойдзем і да каго.
— Добра ўжо, прызнаюся, раз так не церпіцца.
І расказала пра сваё адкрыццё. Заінтрыгавала.
Мы сядзім у яго, добра ўжо абзнаёміўшыся, паладкаваўшы і з Чырам. Але ён нас у вялікія сябры не прыняў — ніводнага разу не сеў на плячо ні мне, ні Міколу. Не давяраў чамусьці. Мо ў нас галасы былі грубаватыя, ці, можа, зыходзіла ад нас недаверлівасць, якая палохала птушку.
Але радавала, што не баяўся ён нас на адлегласці. Скакаў і чырыкаў на акне, дзяўбаў хлеб, слухаў, пра што гаварылі.
Дамовіліся адразу, што не будзем размахваць рукамі ў прысутнасці Чыра і гучна гаварыць.
Першая сустрэча прайшла мо і не так, як жадалася. Але ўжо на другі ці трэці раз мы гаварылі, як даўно пасябравалі.
Ён прыняў нас. Прыняў усім сэрцам. І цяпер мы ўжо не маглі не прыходзіць да Валера. Мы не маглі без яго.
І тады нехта з нас назваў нашыя паходы да Арлова днём душы.
Мы пазнаёміліся з маці, ветлівай і дабрачай жанчынай, якая была радая нашаму прыходу і знаёмству больш, чым яе сын — у нашай супольнасці яна бачыла добры знак. Паверыла, пераканалася, што мы для яго — другое жыццё.
Але яна не здагадвалася, што нашым другім жыццём быў ён, Валерка Арлоў. Два браты, якія працавалі на заводзе, былі маўклівыя і ціхмяныя, поўная процілегласць брату.
Мы стараліся не надакучваць сваімі частымі прыходамі. Але ж рэдкімі іх таксама не назавеш. Сталася так, што мы пачалі адчуваць неабходнасць завітаць да яго. Гэта было тады, як ў нашых душах збіралася нешта лядайкае і злое, жыццёвы бруд і ад яго трэба было вызваліцца, ачысціцца.
І мы, нават не дамаўляючыся, кіруем да яго.
11.
Жыццё чалавечае — не ведаеш, дзе ўпадзеш, што падымеш, што згубіш, а што знойдзеш...
І чаму б не завезці Арэшку дадому, чаму не паслухаліся яго і не выклікалі таксі?
Мікола дакараў сябе за той дзень, калі пакінулі Андрэя Іванавіча аднаго на лаўцы. І ў апошнія свае хвіліны ён стараўся не назаляць людзям. Не паказваў, што тварылася ў яго на душы.
Казалі людзі, што нейкая жанчына падышла да яго, каб папытацца пра яго стан, а ў яго і рукі халодныя.
Здарыўся ў чалавека інфаркт. Не вытрымала сэрца.
Хавалі яго з тым партрэтам, што рабіў Антон Зялёнка. Жонка Андрэя Іванавіча з такога гора ў бальніцу злегла. Сама на сэрца хварэла. Значыць, далася апошняя размова з Ганчарэнкам, раз такое выйшла. А Антон так і сказаў: «То Ганчарэнка яго забіў. Сваёй адмовай забіў...»
Пушкарчук наведаўся да жонкі ў бальніцу разам з Зялёнкам. Жанчына горка ўсміхнулася іх прыходу, заплакала, нічога не сказала. Пасядзелі каля яе, зразумелі, што размовы не атрымаецца, паціснулі яе безжыццёвую схуднелую руку, развіталіся.
Пякло, душыла Міколу адчуванне, што ў тым, што здарылася, вінаваты і ён. Каб своечасова забіў у званы, каб смялей адчыняў дзверы старшыні гарвыканкома, каб падняў на ногі савет ветэранаў... Каб ды кабы... Заднім розумам заўсёды жыве чалавек.
— Ну пры чым ты тут, Мікітавіч? — стараўся супакоіць яго Антон. — У Фядоса, мусіць, не баліць сэрца па ім. Што яму да чужой смерці? Ён і ўскосна не будзе лічыць сябе вінаватым у смерці ветэрана.
— Можа, ты і праўду гаворыш, Антоне, але чаму ж мяне апякае яго боль і грызе сумленне? Вінаваты і я...
Праз дні тры пацягнуў яго Антон у цэнтр горада.
— Справа, Мікола, ёсць адна. Без цябе мне яе не здзейсніць. — Антон быў неспакойны, узрушаны, нядобра гарэлі вочы — як ўсё роўна хвароба была ў разгары, як тэмпература дапякала.
Ты сёння кепска выглядаеш, — паглядзеў на яго Мікола, дакорліва галавой пахітаў, што так не шануе сябе хлопец — ночы, мусіць, у майстэрні праводзіць. — Мо заўтра зробім тваю работу.
— Не-не, толькі сёння. Бо тады я яе ніколі не зраблю. Дзень сёння такі — адзіны...
Яго як мучыла што, непакоіла, але Мікола не стаў дапытвацца больш.
— Ты вось што скажы мне, Мікола Мікітавіч. Ты жыццё пражыў, шмат чаго пабачыў — добрага і благога. Шмат чаго чуў і многае ў жыцці разумееш... Ты мне скажы вось пра што: ці можна лічыць забойцам чалавека, які спакусіў дзяўчыну і яна зацяжарала, прызналася яму, а ён прымусіў яе зрабіць аборт. А потым яна зусім не магла нарадзіць. Скажы, забойца ён ці не?
У Антона вочы чырвоныя, часта міргаюць павекі. У горле суха і дзярэ яго дзяркатка. Раз-пораз кашляе, глытае сліну. Напэўна, нялёгка яму даліся апошнія дні. Рукі не знаходзяць месца — то ў кішэні іх засуне, то сашчэпіць ззаду, то плёткамі боўтаюцца, бы і не яго яны.
— Не ведаю, з якога боку паглядзець.