— Во-во, з якога. А ты з таго, з таго зірні. Ага, каб прама і адкрыта. Адмовіўся жаніцца — што ж ёй рабіць? Пазбавіцца ад свайго сораму. Значыць, ён і другое забіў, калі яна не нарадзіла, замуж выйшаўшы...
Мікалай Мікітавіч здзіўлена пазіраў на Антона — адкуль у яго такія думкі? І што з ім сталася за апошні час — схуднеў, хворы нейкі і ўзрушаны.
— А тут зноў — абяцае даць кватэру ветэрану, а дае сваёй палюбоўніцы, якую спецыяльна выклікаў з Гомеля пад выглядам незаменнага спецыяліста. Прыезджым без чаргі даюць.
Арэшку хапае інфаркт — і няма чалавека. Забіў ці не забіў? Скажы прама. Гэта вельмі важна.
— Антон, ён, можа, і вінаваты, але ж ні ў якім законе не сказана пра такіх, што яны вінаватыя.
— Значыць, ёсць нейкі вышэйшы закон і суд над такімі?
— Толькі не ў нашых руках той закон.
— Няважна! Галоўнае, што мы пра яго ведаем.
«Усё ж з ім адбываецца нешта неверагоднае, — ішоў і думаў Пушкарчук, гледзячы сабе пад ногі, каб не выдаць сваю лішнюю цікавасць да яго, — а можа, проста захварэў, а мо што ў адносінах з Наташкай... Не, ён, пэўна, не ў сабе».
Позірк і сапраўды ў Зялёнкі нядобры, апантаны, ён мучыцца, не хапае дыхання. У ім змагаліся як бы два чалавекі — адзін, які замысліў нешта злое і жорсткае, а другі працівіўся, не даваў тое зрабіць. І твар ад гэтага мяняўся — рабіўся то злым, то даверлівым.
— Куды мы ідзём?
— Даведаешся. Не спяшайся. Нецярплівы які, — Зялёнка паспрабаваў усміхнуцца, каб скінуць з сябе цяжар нейкага нябачнага грузу.
Антон вёў сябра да галоўнага будынка горада, куды прыходзілі разам неаднойчы. Пасядзелі трохі на лаўцы, на той самай, дзе пакінулі аднаго Арэшку. Як быццам памянулі яго.
Антон глянуў на свой гадзіннік — набліжаўся час абеду ў партыйнага апарату і работнікаў выканкома.
— Давай сходзім да выканкомаўскіх бюракратаў і хабарнікаў, — прапанаваў Антон, расшпільваючы верхнія гузікі блакітнай сарочкі, і не адрываў позірку ад уваходных дзвярэй.
— Да каго?
— А ні да кога. Проста так.
Яны перайшлі дарогу, падышлі да ганка.
Зялёнка чамусьці не спяшаўся падымацца па прыступках — нечага марудзіў. Яму нешта муляла, замінала ісці далей.
Расчыніліся дзверы. На ганак выйшаў у добрым настроі старшыня гарвыканкома. Затрымаў крок, прыжмурыўся, усміхаўся сонцу. Паправіў на шыі бліскучы гальштук, выдыхнуў паветра — заседзеўся ў сваім кабінеце, работы шмат зрабіў. Убачыў на адлегласці Пушкарчука, павітаўся з ім кіўком галавы.
А потым мэр зірнуў на Зялёнку — і адразу ж з твару спаўзла задаволеная ўсмешка, перакрывіўся ў жаху твар, закрыўся рукамі...
Антон, не адрываючы зневажальнага позірку — стаяў і не рухаўся, сціснуў зубы.
Ганчарэнка войкнуў, схапіўся за левы бок. Асунуўся на бетонную падлогу. Яго тут жа падхапілі дзесяткі людскіх рук.
— Што з вамі, Фядос Рыгоравіч? Вам кепска? «Хуткую» выклічце неадкладна!
Пушкарчук памкнуўся таксама да грамады, паддаўся агульнаму ўдзелу ў чалавечай бядзе, але Антон злосным голасам загадаў:
— Не трэба... Пайшлі хутчэй адсюль!
— Яму ж кепска. Памагчы трэба, — Мікола не разумеў Антона і не пазнаваў яго — бледны, змэнчаны твар.
— Арэшку не памог, а яму бяжыш? І адкуль толькі ў людзей вірус халуйства?
Пад самы дых садануў. Аж пеканула пад левым бокам, рукой нават хапіўся, але адказаць не мог — пачуў праўду.
Да ганка, равучы сірэнай, пад'ехала «хуткая дапамога».
— Пайшлі! — зноў загадаў Антон і піхнуў у плечы. — Нас тут не было, ясна?
— Ясна, — невядома чаму падтакнуў сябар, усё яшчэ не разумеючы, што адбываецца з Антонам і што здарылася з Ганчарэнкам.
Яны амаль подбегам шыбавалі па тратуары, пасля звярнулі ў сквер.
Антон маўчаў, нешта абдумваў. Убачыў таксафон, чамусьці пабег да яго, але доўга не набіраў патрэбны нумар.
— Алё, Наташа... То я... Час маеш? Ды нічога, да Валеркі ў госці сходзім. Пасля работы? Добра, мы з дзедам ідзём да яго.
Пагрозліва завываючы сірэнай, неслася да бальніцы «хуткая дапамога». На машыну Зялёнка нават і не паглядзеў — безуважна ўперыўся ў тэлефонную трубку.
Мы сядзім у Валеркі дома. Праводзім чарговы дзень нашых душ. Не ведаю, як у Наташы і Пушкарчука, а мая зачарсцвела, зрабілася чорнай, пакрылася сталёвым панцырам. Да яе не даходзіў чалавечы боль. Чужы боль.
Я стаў патэнцыяльным забойцам. Не маючы на чужое жыццё аніякіх правоў. Ніхто не здагадваўся, што я забойца.
Такога дурня, як я, напэўна, і ў свеце не знойдзеш. На што патраціў першы цуд? Чаму навучыў мяне Бог?
Гэта ж дадумацца — узляцеў на дуб. Рукі засвярбелі, крыламі захацелі быць. Ну і чаго дабіўся? Здзівіў не толькі Наташу, а і ўвесь горад — пагалоска пайшла, што Зялёнка не ў сваім розуме. Сапраўды не ў сваім... Лепш бы Наташу шчаслівай зрабіў, каб не мучылася, не ўспрымала жыццё такім, як яно ёсць.