— А калі з'явіліся тыя Жыціі? — Пушкарчук папытаўся ціха, як бы баючыся парушыць цішыню падзямелля.
— Даўно. Яшчэ ў час Рымскай імперыі... А ў літаратуру Кіеўскай Русі перайшлі ў дзесятым стагоддзі. Іх прынеслі паўднёвыя славяне і перакладалі іх з грэчаскай мовы. Мы вывучалі зборнік Чэцці Мінеі — у ім Жыціе размяшчалася па чыслах месяца. Чытала я і «Пралогі» — кароткі іх змест, але цікавы. У зборнік «Пацерыкі» былі ўключаны «Жыція святых» — тэма мясцовая: жыццё манастыра або князёў, якія праславіліся сваімі ратнымі подзвігамі. Л арыгінальныя беларускія Жыціі — аб Ефрасінні Полацкай, «Жыціе Аўрамія Смаленскага». А Сімяон Полацкі зрабіў вершаваную пераробку Жыція «Песня Іоасафа, у пустыню входзяшча». Гэта класічны твор...
Ззаду дробненька засмяяўся Пушкарчук і замоўк. Я павярнуўся да яго — што гэта з ім? Але ён здзіўлена паглядаў на мяне. Значыць, падалося...
Толькі цяпер адчуў, што паветра не свежае, што лёгкія ўдыхаюць яго з нейкай прымессю. Але на гэта мы не звярталі ўвагі, і так было зразумела — гаварылі перад спускам. Я прыхапіў тры процівагазы — выпрасіў у ваенрука, знаёмага выкладчыка. Але чарга да іх не дайшла. Мо і не дойдзе.
Наташа павольна ступае наперад, асвятляе дарогу. Мы пільна ўзіраемся ў тое, што выхопліваюць промні — і нічога не заўважаем. Памяшканне, куды мы ўвайшлі, было значна шырэйшае і даўжэйшае — такая ж столь, што сыходзілася трохкутнікам у вільчыку. Прызвычаіўшыся, заўважыў у правым кутку нешта накшталт вялікай скрыні. Са сцяны тырчэлі нейкія ваенныя даспехі — не то дзіды, не то мячы.
Каля сцяны мы спыніліся.
У кутку прымацаваны каменны стол. Паверхня была роўная і гладкая, як адпаліраваная. На ім ляжалі ўпрытык адзін да аднаго мячы і дзіды, сякеры і пішчалі, гакаўніцы і кулі...
— Цэлы арсенал, — абрадавана прамовіў Мікола, пакратаў меч, узяў у руку.
— Як быццам музей зброі.
— Вось тут бы і абсталяваць музей, — выказаў меркаванне Пушкарчук, аглядаючы прастору скляпення, прымерваючыся ўжо, дзе і што можна паставіць — Правесці сюды святло, кандыцыянеры...
— А там адкрыць рэстаран «Грот закаханых»? — пачынаю ўжо злаваць на Пушкарчука, бо пачуў, як ён зноў захіхікаў. — Побач са шкілетамі, так?
— Навошта рэстаран? А ўвогуле прабач, глупства гараджу. Я ўсё пра свой музей. Ды зло бярэ, што Ганчарэнка не даваў, не выдзяляў памяшканне пад музей і не будаваў яго.
Я ўспомніў пра свае абавязкі — накручваю плёнку і раблю адзін кадр, за ім другі... Падсвечваем дзіды, якія тырчаць з ніш у сцяне, зноў клацаю.
Наташа прыглядаецца да кожнай дробязі, высвечвае кожны куточак, дзе толькі можна. І нічога не трапляецца ёй на вока.
Націскаю зноў і зноў на затвор. Веру, што «Орвахром» мяне не падвядзе, як і не падводзіў раней. Слайды атрымліваліся выдатныя.
Я асобна здымаў, як раіла Наташа, «гатычныя» пласціністыя даспехі пятнаццатага стагоддзя, рыфленыя «максіміліянаўскія» даспехі першай чвэрці шаснаццатага стагоддзя, кірасу, рандаш, павезу, якая прыткнулася ў самым кутку, упіралася ў яго, як ікона. Шлем з забралам. Салад. Каску-бургіньёт. Каску-марыён... Наташа ўсё запісвала ў блакнот, што я здымаў. Ставіла потым на сваё месца.
— Падсвечвай лепей, — прашу і нахіляюся як мага бліжэй, каб буйным планам схапіць даспехі...
— Я і так свячу, як ты прасіў. Пэўна, садзяцца акумулятары...
— Ага. Вось так добра.
Я адчуваю сваю віну, дарэмна нападаю — стараецца ж, робіць так, як прасіў. А яшчэ крычу, ёлупень, на яе. Але прасіць прабачэння няма калі, зноў падганяю, прыспешваю. Прашу свяціць так, як патрабуе плёнка. Дзяўчына не крыўдзіцца на мяне, слухаецца.
— Антон, божачка мой, паглянь сюды...
А Пушкарчук ужо даўно глядзіць на сцяну і не адрываецца — і як мы адразу не заўважылі! Перад нашымі вачыма адкрываў сваю тайну унікальны твор. Мікола ўжо кратаў сцяну рукамі — ніяк не мог даўмецца, што перад ім — мазаіка ці што іншае.
Нашаму позірку адкрылася нешта незвычайнае. Мастацкі прыём быў не вядомы ні мне, ні яму. Дробныя кавалачкі шкла, пяску, каменю, нейкага невядомага матэрыялу пераліваліся ў промнях нашых ліхтароў. Мала таго, усё на сцяне было жывое — рухаемся мы, і ажывалі людзі, якіх стварыў невядомы мастак. Падобна было, што на сцяне быў Сімяон Полацкі, але быццам і не ён.