— А мне не падабаецца тваё, — адказвае тым жа тонам сябра.
— Мне не да смеху.
— І мне таксама.
— Ну, хопіць вам, — укліньваецца дзяўчына і дакранаецца да нас абодвух, сціскае нашы рукі. — Разбяромся пасля, хто рагатаў. Цяпер што рабіць будзем? Ідзём уніз?
— Ідзём, — вырываецца наперад Мікола, асцярожна тэпае па прыступках. — Больш дзвярэй не будзе. Тут мы і скончым наша падарожжа.
Мы спускаемся на невялічкую пляцоўку, аглядваемся. Высвечваем усе куткі новага скляпення. Ён не памыліўся — у скрыні, зробленай з невядомага нержавейнага металу, зіхацелі бліскучыя каштоўнасці.
— Божачка, што гэта? — выдыхае Наташа і не можа адарваць вачэй ад такога багацця. — Во, гэта златнік, а во сярэбранік, грыўня — рубель — кіеўскі тып, палова наўгародскай грыўні — палціна... А то работы скіфскіх майстроў. Антон, не зявай, зрабі здымак гэтага грабеньчыка, старога скіфа і вось гэтага трохгаловага льва.
Яна ставіць на вечка кожную работу. Свецім з усіх ліхтароў. Я націскаю на спускавую кнопку «Зеніта». Адну работу зняў, другую, дзесятую... Я так захапіўся, што не адчуваў ні часу, ні прасторы...
— Вада! — закрычала дзяўчына, глянула сабе пад ногі. — Яна прыбывае! Уцякайма!
Першай дабегла да прыступак, чакае нас. Вада даходзіла да калень — халодная, ледзяная. Выбраўшыся з яе, сталі на сухія прыступкі. Дзіўна — як толькі мы выйшлі з вады, яна пачала прападаць.
— Тут сакрэт нейкі ёсць, — выказвае здагадку Наташа, — продкі нашы не хочуць аддаваць свае багацці. Але нам сёння неабходна заявіць у міліцыю, што мы знайшлі такое багацце. Я ўхапіла тры манеткі старажытнай Русі з сімвалам князя Уладзіміра. Каб не палічылі нас за ідыётаў, мы пакажам доказы... Я думаю, што мы не парушым закон, ці не так?
— Так, каралева наша, не парушым, — Мікола кладзе руку на плячо дзяўчыне і глядзіць у куток, дзе зіхаціць, пераліваецца таямнічае святло.
Там, дзе палае прыцягальнае позірку золата, нехта засмяяўся — доўга і здзекліва, як бы пасміхаўся з нас, а мо і радаваўся, што не ўзялі мы золата.
Наташа ўздрыгнула ўсім целам, сцялася, са страхам паглядзела ў той бок:
— Хто гэта?!
— Не хвалюйся, гэта не галюцынацыі, — супакойвае яе Мікола, — то ігра гукаў. Яны далятаюць з глыбіні скляпення, якое мы не можам даследаваць. Тут, мусіць, яшчэ адно падзямелле — пад каралеўскім замкам. Тут ужо тэхніка патрэбна. Але то зробяць без нас. А цяпер усё. Загуляліся мы тут.
— Пайшлі назад, — згаджаецца хуценька наша спадарожніца, цягне мяне за рукаў.
Мы зноў падняліся на тое раздарожжа, адкуль і пачыналі спускацца па апошніх сходнях.
— Кнігу ўзяць не забудзьце, — падказвае Мікола.
Мы з Наташай пайшлі ў грот, каб узяць каля ўвахода «Суцяшальнік». Але — дзіва! — на месцы яго не аказалася.
— Нехта ўзяў, — скаланулася ад страху дзяўчына.
— Хто ж мог узяць? — не паверыў Мікола. — Мо ты яго не брала? Паглядзі на ранейшым месцы.
Яна, зразумела, баялася ўжо ісці зноў у той кут, дзе ляжала кніга. Пайшоў я. І сапраўды — кніга ляжала на тым жа месцы, што і да гэтага. Я загарнуў яе ў мяшок і тут жа вярнуўся — на шкілеты стараўся не глядзець.
— Я ж добра памятаю, што паклала яе сюды, — недаўменна апраўдвалася дзяўчына, не разумела, чаму так здарылася.
— Ведаю. І я бачыў.
Мы заспяшаліся да выхаду.
Стары схадзіў у «арсенал» і нёс адтуль сваю ношу — меч, шлем з забралам, салад, каску-марыён. Ён ужо прыкідваў, дзе і якое месца яны зоймуць у яго будучым музеі.
Падняліся па прыступках хутка. Дзед пакруціў кола — і перад намі лёг масток.
Мы праходзім адну шчыліну, праціскаемся ў другую, нагінкам ідзём па доўгім калідоры. За апошняй завалай перад намі цэдзіцца дзённае чаканае святло.
— Ура! — крычыць радасна Наташа, ускідвае рукі над галавой. — Ура! Мы на свабодзе!
Яна абдымае і цалуе мяне, як быццам мы сапраўды былі ў палоне падзямелля і з вялікімі цяжкасцямі выр валіся на волю.
Мы падаем на пажоўклую траву і не можам надыхацца свежым паветрам — жмурымся ад сонца, радуемся яму.
Ляжым доўга і нерухома. Наташа штурхае мяне пад бок, шэптам просіць:
— Антон, дай я пагляджу пры сонечным святле «Суцяшальнік». Не церпіцца пачытаць.
— Вазьмі сама, на мяшок.
Яна разгортвае яго, і з грудзей вырываецца крык адчаю:
— А-ааа!.. Анто-оон, зірні-іі!..
У мяшку замест кнігі ляжала старая, абшарпаная цагліна.
— Ты не кнігу, ты цагліну паклаў у мяшок. — Наташа ў роспачы, на вачах слёзы.
— Ды я добра намятаю, што клаў туды кнігу, — апраўдваюся я, і мяне пачынаюць біць запозненыя дрыжыкі — звар'яцець можна ад такога.
Дзед разгарнуў свой мяшок і маўкліва паказаў, што было ў ім. Замест мяча і даспехаў мы ўбачылі каменні.