Выбрать главу

Наташа раскрыла далонь, і на нашых вачах манеткі з залатых ператварыліся ў медзякі. Яна маўкліва раздала нам па медзяку.

Пушкарчук няўцямна глядзіць на свае мокрыя чаравікі, на каменне, круціць галавой:

— Нічога, браточкі, я ў гэтым не разумею... Ведаю толькі, хто хіхікаў, з нас падсмейваўся. То памяць нашых продкаў...

— Ну ты, дзед, і даеш, — рагачу я з адкрыцця, — разумныя рэчы ты гаворыш, у міністры культуры табе трэба падавацца... Кіраваць дзяржавай табе трэба. Мецэнат! Я, каб ведаў... Я...

Наташа нахіляецца нада мною, дае біклажку з вадой. Лінула на твар, паднесла да губ. Я прагна прыклаўся да рыльца і выпіў амаль да дна.

— Штэ з табой? Звар'яцеў?

— А што?

— Панесла цябе...

Я зняможана прымружыў вочы.

13.

— Антон, а слайды? Цікава, ці атрымаліся слайды? — спахапілася Наташа і ўхапіла Антона за руку — ён адчуў, як кончыкі пальцаў выпраменьваюць ледзь чутнае паколванне. — Што скажа аб'ектыў?

— Наўрад ці, — сумна гаворыць Антон і ніяк не можа ачомацца ад здранцвення, якое знячэўку апанавала ім — як такое можа быць: трымаць у руках «Суцяшальнік», дзіду і шлем, вынесці іх на божы свет — і не ўбачыць нічога...

Чаму не хоча падзямелле аддаваць свае таямніцы і багацце? А можа, з нячыстымі душамі пайшлі туды людзі, таму і не маюць яны права сваімі рукамі дакранацца да душ продкаў? Але дзе мяжа паміж дабром і злом? І што такое — дабро і зло?

«Так, я — забойца, — думаў Зялёнка, — забіў паважанага ў горадзе чалавека, якога абраў народ на такую пасаду. І таму той жа народ не ўпаўнаважваў мяне адбіраць у яго жыццё. Ну, са мной усё ясна. Пушкарчук быў на вайне, забіваў ворага, а вораг — бацькі дзяцей і сыны мацярок. Хіба і гэта грэх? Але ж продкі самі баранілі радзіму ад нашэсця татар, тэўтонскага ордэна, не шкадавалі жыццяў — сваіх і чужых. Колькі касцей прыняла на сябе зямля! Л Наташа — чым яна магла правінаваціцца перад людзьмі, перад продкамі? Сваім каханнем, сваім горам? Хіба што забіла ў сабе другое жыццё?..»

У яго раскалвалася ад думак галава — хто паможа разабрацца, хто параіць, падкажа? Толькі Валер, толькі з яго чыстай душой можна дакапацца да прычыны. І таму трэба неадкладна да яго. Аднаму. Не браць з сабою дзеда і Наташу, не трэба...

— А давай паспрабуем, Антон, га? — глядзіць на яго Наташа. Паколванне прапала, толькі мяккая пяшчота разліваецца па целе — прыемная і жаданая, аж гулка бухкае ў скроні. — Я веру, што атрымаецца.

— Мікола Мікітавіч, дзед наш, натхніцель, а ты верыш?

Ён глядзіць у адну кропку і няўцямна ўсміхаецца. У яго такі выгляд, быццам падмануты ў нечым вялікім і значным, і з-за таго паламаліся ў яго планы. Усмешка як бы кіслая і бязрадасная. Паціскае плячыма і круціць галавой — не ведаю, нічога не ведаю...

Падобны дзед на малое дзіця, якому абяцалі дарагую цацку, паказалі, далі ў рукі і адабралі. Павекі з белымі вейкамі міргаюць, быццам у вочы папаў пясок, і з грудзей вырываецца журботны ўздых.

— Антончык, давай паспрабуем, — лашчыцца кацянём спадарожніца, гладзіць і гладзіць маю руку, зазірае ў вочы, ужо не хаваючыся ад дзеда — выказвае сваю пяшчоту і даверлівасць. А можа, і іскрынкі кахання, хто ведае.

Не-не, Антон рэаліст, ён не хоча, каб яго пакахала дзяўчына. Навошта ёй тое? Ды і ведае, што такога быць не можа. Бо колькі разоў чуў ад яе роспачнае прызнанне: «І ўсё роўна я яго буду кахаць усё жыццё!» Голас надрыўны, як свайму сэрцу гаварыла. «Ну і дурная», — гаворыць Антон без крыўды і рэўнасці. «Няхай дурная, няхай, але што я зраблю, калі не змагу яго забыць...»

Антон ведаў, што ў яе ніколі не народзіцца на Баброва злосць і крыўда. Яна ў сваіх вачах вы малявала яго богам, пакутнікам, звышідэалам, хаця ў той жа час гаворыць пра яго подласць і чэрствасць.

Стараўся выцягнуць яе з цянётаў, думаў, што і ўдавалася, што ў яе мякчэла сэрца, шчыра верыў, што лечыць яе...

— Добра, пайшлі рыхтаваць раствор, — згаджаецца Зялёнка, падымаецца з зямлі, — але праяўляць можна будзе толькі праз суткі.

— А чаму не сёння?

Я пачынаю злавацца на Наташу, ну, як першакласніца гаворыць, як быццам вымольвае цукерачку.

— Такія ўмовы праяўкі. Так напісана ў інструкцыі.

І вы мне будзеце кіпяціць ваду, вымяраць тэмпературу, бо там гэта іграе галоўную ролю... Ідзём?

— Пайшлі, ура! — падхопліваецца следам, бярэ падпашкі дзеда, смяецца, матляе галавой, і косы развяваюцца па ветры — дзяўчо, неразумнае дзяўчо, у якога энергіі — праз край, радасці — праз край і горкага — таксама з коптурам.

Антон заўважае ў ёй нейкія перамены. Нават тварам змянілася. У вачах больш прамяністыя іскрынкі, голас іншы — больш пявучы і спакойны. Не тоіцца ад старога — што думае, тое і гаворыць. І Мікалай Мікітавіч стаў іншы. Перастаў гаварыць, толькі няўцямна ўсміхаецца...